Skip to main content

Адбыліся рэкалекцыі Каталіцкага мужчынскага руху “Воіны Марыі”

21-23 лютага
  • 26 лютага, 2025
  • Тэкст і фота: Браты Францішкане OFMConv / Facebook // Catholicminsk.by

З 21 па 23 лютага Каталіцкі мужчынскі рух “Воінаў Марыі” перажываў свае рэкалекцыі ў будынку Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра ў Мінску.

Падчас сустрэчы ў Мінску мужчыны ўдзельнічалі ў Эўхарыстыі, супольных малітвах і канферэнцыях, якія прамаўляў іх духоўны кіраўнік айцец Віктар Мялешка OFMConv. Гэтыя дні былі часам адыходу ад шуму штодзённасці і малітоўнай сустрэчы з Богам і Багародзіцай.

Дэвізам духоўнай сустрэчы з’яўляліся словы “Deus Caritas Est” (“Бог ёсць любоў”). Удзельнікі сустрэчы выслухалі катэхезы пра сыноўства як шлях да сапраўднага бацькоўства, а таксама аб прабачэнні і ахвяры пакуты. Важным элементам сустрэчы было разважанне над Божым словам.

Апроч духоўных практыкаванняў, мужчын, якія прыбылі на рэкалекцыі з розных куткоў Беларусі, чакаў актыўны адпачынак і супольныя размовы.

“Гэты марыйны рух з’явіўся ў Каталіцкім Касцёле і для Каталіцкага Касцёла”.

Ён аб’ядноўвае выключна мужчын, якія прысвяцілі або жадаюць прысвяціць сваё жыццё Маці Божай. Каб быць Воінам Марыі, трэба прайсці тры гады фармацыі, цалкам даверыць сябе Марыі і выбраць Яе сваім жыццёвым правадыром.

Мэта руху — выхаванне маладых мужчын, якія, згодна з пакліканнем, атрыманым ад Бога, па прыкладзе Беззаганна Зачатай Марыі, імкнуцца быць вернымі сведкамі Хрыста, а праз заступніцтва святога Юзафа стараюцца быць добрымі мужамі і бацькамі, якія выконваюць сваю місію ў Касцёле і ў грамадстве.

Хто такі Воін Марыі?

Гэта мужчына, які:

  • прайшоў фармацыю ў адпаведнасці з патрабаваннямі Кодэкса Воіна, падчас рэгіянальных і агульнабеларускіх сустрэч, арганізаваных Воінамі Марыі,
  • прайшоў братэрскую размову, пасля якой быў дапушчаны да пасвячэння,
  • прыступіў да пасвячэння, якое адбываецца напрыканцы фармацыйнага года,
  • працягвае фармацыю ў супольнасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі Кодэкса.

Адкуль назва Воін Марыі?

  • Воін змагаецца за сваё сужэнства,
  • Воін змагаецца за сваю жонку,
  • Воін змагаецца за сваіх дзяцей,
  • Воін змагаецца за сваю сям’ю,

З чым змагаецца Воін Марыі?

  • Воін Марыі змагаецца з уласным грахом,
  • Ніколі не змагаецца з чалавекам.

Пры напісанні артыкула была выкарыстана інфармацыя каталіцкага інфармацыйнага парталу Catholic.by.