«Абуджэнне аргана»: у мінскай парафіі Божага Цела адбылося асвячэнне сакральнага інструмента
- 8 красавіка, 2026
- Фота: кс. Павел Эйсмант, а. Сяргей Трысцень OCD, а. Пётр Фроштэга OCD // Catholicminsk.by
6 красавіка, у Велікодны панядзелак, вячэрнюю святую Імшу ў сталічнай парафіі Божага Цела, дзе служаць айцы кармэліты, узначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Пастыр усёй архідыяцэзіі прыбыў да вернікаў гэтай супольнасці, каб раздзяліць з імі адразу дзве радасныя падзеі: урачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана і асвячэнне аргана, які нядаўна з’явіўся ў новапабудаваным касцёле.
Імша пачалася з акапэльнага спеву «Хрыстос уваскрос з памерлых» — арган яшчэ чакаў свайго, як гэта прынята казаць, «абуджэння» і благаслаўлення, каб служыць для літургічных цэлебрацый.
На пачатку Эўхарыстыі арцыбіскуп Станеўскі прывітаў вернікаў на чале з пробашчам айцом Юрыем Кулаем OCD радасным велікодным прывітаннем і павіншаваў з галоўным хрысціянскім святам. Ва ўступным слове іерарх адзначыў важнасць касцёльнай музыкі і нагадаў словы святога Аўгустына аб тым, што хто спявае, той двойчы моліцца.
— заўважыў таксама Мітрапаліт.

Па словах арцыбіскупа, важна маліцца ў інтэнцыі пакліканняў да служэння арганістамі, бо адчуваецца іх моцны недахоп у парафіях, асабліва ў невялікіх мясцовасцях.
Арцыпастыр выказаў падзяку і пажадаў шчодрага благаслаўлення ўсім тым, хто прыклаў намаганні, каб у парафіі Божага Цела з’явіўся арган, і тым, хто будзе іграць на ім, праслаўляючы Хрыста, Валадара Сусвету.
Чалавекам, якому выпала ганаровая місія «абуджэння» аргана, у гэты дзень стаў прызнаны майстра — галоўны арганіст мінскага катэральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры музычнай педагогікі і сацыяльна-гуманітарных навук БДАМ Уладзімір Неўдах.

«Гук аргана з’яўляецца знакам новай песні, якую мы пакліканы спяваць Богу», — парафразаваў заклік псальміста арцыбіскуп.
Пасля гэтага пастыр архідыяцэзіі паблагаславіў новы арган, прамаўляючы заклікі:
«Абудзіся, арган, абвяшчаючы хвалу Бога, нашага Айца і Стварыцеля» — і загучала мелодыя спеву ў гонар Першай Асобы Найсвяцейшай Тройцы;
«Арган, святы інструменце, праслаўляй Езуса, нашага Пана, які за нас памёр і ўваскрос» — гукі аргана гэтым разам праславілі Збаўцу;
«Арган, святы інструменце, праслаўляй Духа Святога, які ажыўляе нас Божым подыхам» — і данёсся матыў гімна да Жыватворцы;
«Арган, святы інструменце, занясі наш спеў до трону Марыі, Маці Езуса» — мелодыя марыйнага спеву загучала ў святыні;
«Арган, святы інструменце, дапамажы вернікам дзякаваць Хрысту, умацоўваючы ў веры тых, хто перажывае цяжкасці, упрыгожваючы сваім гукам малітву хрысціянаў» — і першым спевам, які вернікі супольна заспявалі пад акампанемент «абуджанага» аргана, стаў гімн «Хвала на вышынях Богу».
Падчас цэлебрацыі гамілію да сабраных прамовіў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Пачаўшы сваю прамову разважаннем пра сутнасць велікоднага прывітання, біскуп адзначыў, што «мы не проста прамаўляем гэтыя словы, але вызнаём галоўную праўду нашай веры: Хрыстус уваскрос з памерлых».

Прамоўца нагадаў, што Езус у Евангеллі неаднаразова прадказвае сваю смерць, бо Сын Божы павінен прайсці праз гэта.
— патлумачыў сутнасць крыжовай Ахвяры біскуп.
Хрысціянства, нягледзячы на смутак крыжовай смерці, гэта рэлігія радасці, бо хрысціяне маюць надзею на ўваскрасенне ў Хрысце, на будучае вечнае жыццё.
Біскуп Юрый прыгадаў досвед са свайго маленства, калі на Вялікдзень у касцёле ён не мог зразумець, куды падзелася фігурка Пана Езуса з Гроба, якая была ў Вялікую суботу, а старэйшыя людзі яму растлумачылі, што Езус уваскрос.
Гэткую ж збянтэжанасць адчулі і жанчыны, якія першымі ўбачылі пусты Гроб, і вучні.
Але яны паверылі і перадалі гэта далей.

І гэта місія Касцёла, акцэнтаваў прамоўца, да якой пакліканыя і сённяшнія вернікі. Гэтак жа, як мы даведаліся аб Езусе Хрысце дзякуючы папярэднім пакаленням, так і нашы нашчадкі і сучаснікі мусяць даведацца ад нас.
Згодна з навучаннем біскупа, нашыя словы, нашае сведчанне — гэта толькі адзін са спосабаў, як можна абвяшчаць Хрыста.
Другі спосаб — гэта нашыя ўчынкі і жыццё, якія найбольш вымоўна сведчаць пра Езуса.
Трэці — наша малітва, сімвалы, якія носім на сабе ці з сабой.
Чацвёрты — гэта якраз музыка, перадусім арганная, якая мае асаблівую здольнасць дакранацца да сэрцаў, нават скамянелых.
Завяршаючы гамілію, біскуп канстатаваў, што сучаснаму чалавеку, які жыве навінамі пра войны і ўсеагульную напружанасць, падаецца складаным прапаведаваць Хрыста, аднак менавіта Уваскрослы Хрыстус, як некалі разгубленым і спалоханым апосталам, прыносіць сёння супакой.
І каб заахвоціць вернікаў пашыраць гэтую праўду, пастыр напаўжартам, напаўсур’ёзна заклікаў іх настолькі гучна вымавіць «Хрыстус Уваскрос!», каб чуў увесь мікрараён «Ангарская».
Напрыканцы Імшы ад парафіянаў у адрас Мітрапаліта прагучалі словы падзякі і віншавання з днём нараджэння, які сёлета прыпаў на Вялікую суботу.

Затым іерархі супольна ўдзялілі вернікам благаслаўленне.
Пасля Імшы адбыўся першы канцэрт «абуджанага» аргана.












