Арцыбіскуп Станеўскі віншуе кансэкраваныя асобы Беларусі з Сусветным днём кансэкраванага жыцця
- 1 лютага, 2025
- Тэкст: арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, фота: Vatican News

Ваша Эксцэленцыя,
біскуп Аляксандр Яшэўскi SDB,
Адказны за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця
і таварыстваў апостальскага жыцця пры ККББ
Паважаны ксёндз Андрэй Лысы SChr,
Старшыня групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў
і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў
і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі
Сёстры і браты манаскіх інстытутаў
і таварыстваў апостальскага жыцця Касцёла ў Беларусі
З нагоды Сусветнага дня кансэкраванага жыцця прыміце самыя шчырыя словы пажаданняў.
Цяжка сёння сабе ўявіць Касцёл без прысутнасці кансэкраваных асоб: вашай малітвы, ахвярнай працы і апостальскага служэння.
У гэты асаблівы час, Юбілейны 2025 год, Вы як “Пілігрымы надзеі на шляху да міру” з’яўляецеся знакам надзеі для кожнага чалавека, якога сустракаеце на сваім пілігрымім шляху служэння.
Папа Францішак у буле “Spes non confundit” зазначае: “Найвышэйшае сведчанне надзея знаходзіць у Маці Божай. У Ёй мы бачым, што надзея — гэта не даверлівы аптымізм, але дар ласкі ў рэалістычнасці жыцця. Як кожная маці, Марыя кожны раз глядзела на свайго Сына, думала пра Яго будучыню, і словы, якія Сімяон скіраваў да Яе ў святыні, безумоўна, закарбаваліся ў Яе сэрцы: «Вось Дзіцятка гэтае прызначана для падзення і ўзыходжання многіх у Ізраэлі, і за знак, які будзе супраціўляцца. І меч праб’е тваю душу»”.
Мае дарагія. Наш Пан і Збаўца Езус Хрыстус з’яўляецца адзінай Надзеяй для свету і кожнага чалавека. Няхай жа радасць і супакой будуць і вашай сілай у штодзённым сведчанні жыцця паводле Евангелля.
Дзякуем Вам перш за ўсё за малітву, за пастырскую працу, за ўдзел ва ўсіх пастырскіх праграмах Касцёла ў Беларусі.
Спадзяюся, што гэты Юбілейны год прынясе багатыя духоўныя плёны сёстрам і братам кансэкраванага жыцця, а праз вас паспрыяе сталенню Касцёла, а гэта значыць, для кожнага чалавека асабіста і ў жыцці нашай радзімы.
Разам з вамі малюся аб вытрымцы ў пакліканні, якім Вас адарыў Найвышэйшы Святар Езус Хрыстус. Праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, якая ахвяравала ўсё сваё жыццё Богу, прашу аб новых пакліканнях да служэння Богу і чалавеку на нашай Бацькаўшчыне.
З дарам малітвы,
+Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Мінск 28.01.2025
Ва ўспамін святога Тамаша Аквінскага