Skip to main content

Арцыбіскуп Станеўскі падчас Імшы Вячэры Пана: адкрыць сэрцы на святло, якое сыходзіць з Эўхарыстыі

17 красавіка
  • 17 красавіка, 2025
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, скрыншоты: Youtube-канал “Архікатэдра Імя Найсвяцейшай Панны Марыі у Мінску” // Catholicminsk.by

17 красавіка ўвечары ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша Вячэры Пана, якая распачынае кароткі, але кульмінацыйны для хрысціянскай веры, перыяд Святога Пасхальнага Трыдууму.

Узначаліў святую Імшу арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Разам з ім ўрачыстую Эўхарыстыю канцэлебравалі біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама мясцовыя святары.

На пачатку эўхарыстычнай сустрэчы прысутных біскупаў і святароў павіншавалі з днём устанаўлення сакрамэнту пасвячэння парафіяне мінскай архікатэдральнай парафіі. Затым арцыпастыр прывітаў усіх прысутных святароў і вернікаў і папрасіў апошніх працягваць няспынную малітву ў інтэнцыі святароў, а таксама аб новых святарскіх і манскіх пакліканнях.

Падчас прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі нагадаў, што асноўным месцам Вялікага чацвярга, у якім адбываліся галоўныя падзеі, быў Вячэрнік. Гэта было месца сустрэчы Езуса і Яго вучняў. Яны сабраліся, каб у адпаведнасці з рэлігійнай традыцыяй свайго народа адзначыць зыход з егіпецкай няволі ў зямлю абяцаную. Гэта было свята ўдзячнасці Богу за выратаванне свайго народа, бо менавіта Ён дапамог скінуць з сябе кайданы няволі і знявагі і паказаў яму шлях надзеі. Тады Бог увайшоў у гісторыю абранага народа.

Падчас той вячэры здарылася нешта незвычайнае. «Пан Езус у тую ноч, калі быў выданы, узяў хлеб, узнёс падзяку, паламаў і сказаў: “Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць”. Таксама ўзяў пасля вячэры келіх, кажучы: “Гэта ёсць келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй. Кожны раз, калі Яго будзеце піць, чыніце гэта на Маю памяць”» (пар. 1 Кар 11, 24-26).

«Такім чынам, святочны дзень габрэйскай Пасхі стаў першым днём Новага Запавету паміж Богам і людзьмі. Дагэтуль іх сімвалам было пасхальнае ягнё. У той вечар Езус стаў новым пасхальным Ягнём»,

— падсумаваў іерарх.

Паводле слоў арцыпастыра, Эўхарыстыя — гэта найкаштоўнейшы скарб Касцёла, каштоўнасць якога не мае межаў, бо ў сакрамэнце Эўхарыстыі пад постацямі хлеба і віна «жывы і ўваскрослы Хрыстус прысутнічае праўдзіва, рэальна са сваім Целам, Крывёю, Душою і Боскасцю» (пар. ККК 1413).

«Мы спадкаемцы запавету Езуса. Ён застаўся сярод сваіх людзей, — працягваў іерарх. — (…) Гэты Божы дар патрабуе ўзаемнасці. Ён таксама застаецца пастаянным выклікам для нас. Ён заклікае нас жыць паводле Яго меры, паводле Яго любові, паводле Яго запаведзяў, паводле Яго стылю.

Таму сакрамэнт Эўхарыстыі не можа быць толькі літургічным абрадам. Мы павінны адкрыць нашы сэрцы на святло, якое выходзіць, прамянее з Яго, — святло хвалы Змёртвыхпаўсталага Хрыста. Мы павінны дзяліцца гэтым дарам Божага святла, несучы яго ў сем’і, супольнасці працы і вучобы»,

— заклікаў прысутных арцыпастыр.

Напрыканцы гаміліі Мітрапаліт пажадаў, каб вечар Вялікага чацвярга стаў для прысутных вернікаў вечарам малітвы, рэфлексіі, позірку поўнага захаплення і ўдзячнасці на вялікія справы, які ўчыніў Бог.

Напрыканцы вячэрняй цэлебрацыі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў сімвалічную цямніцу, дзе вернікі маглі ў цішыні адараваць Езуса, разважаючы падзеі гісторыі збаўлення.