Skip to main content

Арцыбіскуп Станеўскі ўзяў удзел у дыялогавай пляцоўцы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце

  • 13 верасня, 2024
  • Тэкст і фота: кс. Юрый Ясевіч // Catholic.by

11 верасня адбылася дыялогавая пляцоўка «Рэлігія і нацыянальная ідэнтычнасць», якую праводзіў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі на мерапрыемстве прадстаўлялі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, а таксама ксёндз канонік Францішак Рудзь і ксёндз канонік Юрый Ясевіч.

У дыялогавай пляцоўцы бралі ўдзел упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, прарэктар па навуковай працы і адукацыйных інавацыях БДУ Алеся Прахарэнка, дэкан гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Каханоўскі, іншыя выкладчыкі флагманскай вышэйшай навучальнай установы краіны, прадстаўнікі традыцыйных рэлігій і канфесій, а таксама вялікая колькасць студэнтаў.

Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі такія тэмы, як роля міжканфесійнага дыялогу ва ўстойлівым развіцці дзяржавы, рэлігія як фактар уплыву на асобасны рост у сферы адукацыі, дабрачыннасць, сучасныя формы і механізмы ўзаемадзеяння канфесій і ўстаноў адукацыі, вопыт мемарыялізацыі гістарычнага мінулага праз захаванне помнікаў культурнай спадчыны.

Арцыбіскуп Станеўскі ў сваёй прамове звярнуў увагу на вялікае значэнне дыялогу, падкрэсліўшы яго неабходнасць.

«Дыялог з’яўляецца „роднай мовай“ чалавецтва, таму што ён ператварае ворага ў апанента, а апанента — у сябра»,— заўважыў іерарх.

Ён дадаў, што дыялог робіць прывабным яго спантаннасць і непрадказальнасць. Часам патрэбны і прарочы жэст, напрыклад, як Папа Францішак цалаваў ногі лідэрам канфліктуючых бакоў у паўднёвым Судане, калі яны прыбылі ў Рым.

На заканчэнне сустрэчы яе ўдзельнікі наведалі Музей землязнаўства БДУ, аналагу якога няма ў свеце.