Віншаванне арцыбіскупа Юзафа Станеўскага новапрызначанаму дапаможнаму біскупу Пінскай дыяцэзіі Андрэю Зноску
- 19 ліпеня, 2024
- Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Ваша Эксцэленцыя
Найдастойнейшы біскуп намінат
кс. кан. Андрэй Зноска
пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе Гродзенскай дыяцэзіі
З вялікай радасцю я атрымаў сённяшнюю інфармацыю з Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі якая інфармуе, што Святы Айцец Папа Францішак прызначыў Вас дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі і надзяліў паўнатою святарства ў найвышэйшай ступені сакрамэнту пасвячэння — епіскапаце.
Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і ад свайго ўласнага імя жадаю выказаць Вам шчырыя віншаванні і запэўненне ў малітве за Вас, каб новыя пастырскія выклікі, з якімі сустрэнецца Ваша Эксцэленцыя ў новай рэчаіснасці ў Пінскай дыяцэзіі, Вы змаглі як найлепш выканаць.
Гісторыя Пінскай дыяцэзіі, якая была заснаваная Апостальскай Сталіцай 28 кастрычніка 1925 года і першым ардынарыем якой быў Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі, перажывае падрыхтоўку да 100-гадовага юбілею з часу яе заснавання.
Палескі край славуты і вельмі багаты. Галоўнае яго багацце — гэта людзі, якія ў сваёй разнастайнасці нацыянальных культур і традыцый злучаныя ў адзінстве дзеля пабудовы трывалага міру і салідарнасці. Ваш душпастырскі вопыт, які Вы набылі ў Гродзенскай дыяцэзіі, юрыдычныя веды, зачэрпнутыя ў Беларускім дзяржаўным універсітэце і ў Варшаўскім універсітэце імя Стэфана Вышынскага, мяркую, будуць вялікім унёскам у клопаце пра Касцёл Пінскай дыяцэзіі, якім як пастыр кіруе біскуп Антоні Дзям’янка.
У Кодэксе кананічнага права 1983 года, у пераклад якога на беларускую мову менавіта Вы, дарэчы, зрабілі вялікі ўнёсак, касцёльны заканадаўца, між іншым, гаворыць: «Біскупы, якія з Божага ўстанаўлення з’яўляюцца наступнікамі Апосталаў праз дадзенага ім Святога Духа, устаноўлены ў Касцёле пастырамі, каб яны былі настаўнікамі вучэння, святарамі святога культу і тымі, хто выконвае паслугу кіравання» (кан. 373).
Жадаю Вам як біскупу штораз глыбей перажываць тое, што называецца «быць пасланым», гэта значыць прыняць місію самога Езуса Хрыста, які ў сваім пастырскім служэнні аб’яўляе любоў Бога да чалавека. Гэта сваім жыццём засведчыў на прасторах Палескага краю святы Андрэй Баболя — мучанік за веру. Таксама спадзяюся, што штодзённая блізкасць да Евангелля і Эўхарыстыі прывядзе Вас да асвячэння на ўзор Сведкі веры кардынала Казіміра Свёнтка, шматгадовага пробашча Пінскай катэдры, Апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі, першага кардынала ў сучаснай гісторыі Беларусі.
Нарэшце, жадаю Вам апекі Маці Божай Лагішынскай, заступніцтва святога Апостала Андрэя, Вашага апекуна, а таксама святых і благаслаўлёных беларускай зямлі.
З пашанай шлю братэрскае прывітанне ў Хрысце Пану,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
г. Мінск, 19 ліпеня 2024 г.