Skip to main content

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прыняў удзел у біскупскім пасвячэнні ксяндза прэлата Крыспіна Дубеля, які раней быў сакратаром Нунцыятуры ў Беларусі

24 жніўня
  • 27 жніўня, 2024
  • Тэкст: Аляксандр Панчанка / Vatican News, фота: Radio FARA / Facebook

24 жніўня, падчас свайго візіта ў Польшчу, кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Святога Айца Францішка, удзяліў біскупскае пасвячэнне новапрызначанаму нунцыю ў Анголе і Сан-Тамэ і Прынсіпі ксяндзу-прэлату Крыспіну Дубелю, які ў 2007-2012 гадах служыў сакратаром Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, урачыстая літургія прайшла ў бернардзінскім касцёле ў горадзе Лежайск у Пшэмысльскай архідыяцэзіі дзе знаходзіцца дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Суцяшэння. У ёй бралі ўдзел члены мясцовага епіскапату, Апостальскі нунцый у Польшчы, арцыбіскуп Антоніа Філіпацы, старшыня Папскай касцёльнай акадэміі, арцыбіскуп Сальваторэ Пенак’ё, а таксама арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Кардынал Паралін пажадаў новаму папскаму дыпламату рупліва захоўваць скарб веры і шчодра дзяліцца яго багаццямі, каб, як добрае зерне, яно прыносіла плёны ў Касцёле і грамадзянскай супольнасці.

Людзям нашага часу, вельмі заблытанага, неабходна абвяшчаць, што Бог прыняў чалавечую прыроду і канчаткова адкупіў яе, назаўсёды ўзяўшы нашу рэчаіснасць пад сваю ўладу. “Таму бескарысныя нашы намаганні па будаўніцтве зямнога горада, калі мы выключаем з яго прысутнасць Бога”, – адзначыў кардынал Паралін.

Іерарх асаблівым чынам падкрэсліў важнасць глыбокага духоўнага жыцця для выканання задання нунцыя. “Гэта служэнне, якое здзяйсняецца для дабра Касцёла і міру ў свеце. Яно будзе настолькі плённым, наколькі моцна будзе падтрымана малітвай і разважаннем над Божым словым”, – дадаў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Раней арцыбіскуп Станеўскі як Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі скіраваў віншаванне ксяндзу прэлату Крыспіну Дубелю ў сувязі з яго прызначэннем Апостальскім нунцыем.