Skip to main content

Арцыбіскуп Станеўскі на начной Імшы ў Будславе патлумачыў сэнс інтранізацыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса

6 ліпеня
  • 6 ліпеня, 2024
  • Тэкст: Мікола Гракаў, фота: Віктар Ведзень // Catholic.by

Уначы ў Будславе адбылася працэсія са свечкамі і святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Роўна апоўначы вітаючы сабраных у Нацыянальным санктуарыі вернікаў, іерарх адзначыў, што Маці Марыя збірае сваіх дзяцей у гэтым святым месцы як адну сям’ю.

«Больш за 400 гадоў таму Марыя прыйшла сюды, на гэтую зямлю, да нашых продкаў, каб іх падтрымаць, каб іх наведаць»,— адзначыў арцыпастыр.

Ён нагадаў, што 125 гадоў таму нашыя продкі на заклік Папы Льва ХІІІ прысвяцілі сябе Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, і цяпер малады Касцёл на Беларусі жадае зноў здзейсніць гэты акт прысвячэння.

Арцыбіскуп Станеўскі прывітаў усіх іерархаў, якія разам з ім цэлебравалі Імшу ўначы, святароў, якіх было больш за 80 з усіх дыяцэзій Беларусі, а таксама вернікаў.

Скіраваўшы словы прывітання духоўным і кансэкраваным асобам, семінарыстам і ўсім прысутным вернікам, арцыпастыр заахвоціў іх да малітвы ва ўсіх інтэнцыях, з якімі пілігрымы кіраваліся да Маці Божай: за сем’і, за дзяцей, за моладзь, за ўсю краіну.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі перадусім нагадаў, што мінулы год у Касцёле на Беларусі быў годам падзякі Маці Божай, а таксама падрыхтоўкі да прысвячэння Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

«Дзякуючы захаванню традыцыі, культ Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў нашых сем’ях не страціў сваёй важнасці пасля адраджэння структураў Касцёла, і ўжо сёння, 6 ліпеня, на заканчэнне года падзякі, у межах святкавання Будслаўскага фэсту будзе здзейснена інтранізацыя Найсвяцейшага Сэрца Езуса — прысвячэнне Яму ўсяго мясцовага Касцёла».

Гэтае прысвячэнне Каталіцкага Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса стане падзякай за атрыманыя ласкі, перапрашэннем і ўміласціўленнем за ўчыненыя грахі, просьбай аб умацаванні веры і любові, каб мы заставаліся вернымі Евангеллю, вернымі нашаму Збаўцу Езусу Хрысту, нягледзячы на новыя выклікі і выпрабаванні.

У акце інтранізацыі будзем прасіць аб еднасці ў нашых сем’ях і іх аднаўленні, каб яны былі асяродкамі любові і міру, свабоднымі ад здрады, агрэсіі і насілля, адкрытымі для новага жыцця і здольнымі перадаваць веру і традыцыю продкаў новым пакаленням. Будзем прысвячаць Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса нашую моладзь, каб яна знаходзіла сэнс жыцця і ішла за голасам Бога, каб сэрцы маладых людзей палалі любоўю да Збаўцы, кб іх энтузіязм і вера аднаўлялі Касцёл», — патлумачыў духоўны сэнс інтранізацыі арцыбіскуп Станеўскі.

Іерарх адзначыў, што ў Будславе, перад тронам Марыі, асаблівым чынам адчуваецца еднасць паміж людзьмі і з Богам, Яго прысутнасць і блізкасць. Бог хоча, каб Яго Касцёл, а значыць усе вернікі былі такімі, як Маці Марыя: пяшчотная, пакорная, багатая на любоў, свабодная ад граху, падзелаў і нянавісці, з’яднаная з Езусам.

На заканчэнне гаміліі арцыпастыр заахвоціў сабраных да малітвы:

«Просім сёння: Божа, благаславі Беларусь, благаславі ўсіх нас, каб дзякуючы адданай веры і чуйнасці нашага сэрца на патрэбы бліжняга, мы змаглі паспрыяць якаснаму будаванню нашай сучаснасці, каб яна сталася трывалым і прыгожым падмуркам веры, надзеі і любові для будучых пакаленняў».

Напрыканцы Імшы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі павіншаваў прысутных на цэлебрацыі архімандрыта Гаека і ксяндза прэлата Уладзіслава Завальнюка з 50-годдзем святарства, якое яны сёлета адзначылі.