Арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў адпустовую ўрачыстасць святога Дамініка ў Ракаве
- 9 жніўня, 2024
- Тэкст і фота: кс. Павел Эйсмант // Catholicminsk.by
8 жніўня ў Касцёле адзначаецца ўспамін святога Дамініка. У гэты дзень у парафіі Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў Ракаве (Валожынскі дэканат) адзначылі адпустовую ўрачыстасць.
Святую Імшу ў парафіяльным касцёле ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім Найсвяцейшую Ахвяру цэлебравалі дванаццаць святароў, якія нясуць служэнне ў Валожынскім дэканаце, у горадзе Мінску і нават у Віцебскай дыяцэзіі. Нягледзячы на працоўны дзень, касцёл напоўніўся вернікамі. Літургію святой Імшы ўпрыгожыў ракаўскі парафіяльны хор.
У гаміліі заслужаны іерарх заўважыў, што калі распаўсюджваліся розныя небяспечныя рэлігійныя вучэнні (ерасі), асабліва ерась катараў (ад грэч. katharoi – чыстыя), Бог паклікаў святога Дамініка, каб ім супрацьпаставіць нязменную праўду Божага слова.
Святы зразумеў, што людзі “заблукалі ў веры” не з-за сваёй варожасці ў адносінах да каталіцтва, але па прычыне недахопу адпаведнай рэлігійнай адукацыі. Адчуваючы ў сэрцы асаблівае пакліканне, святы Дамінік стаўся вандроўным прапаведнікам. Ён паклаў націск на Божым слове, бо лічыў яго крыніцай духоўнага жыцця.
Арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што сёння, у час распаўсюджання маральнага рэлятывізму і розных супярэчлівых ідэй, кожная з якіх паасобнымі людзьмі прымаецца за праўду, людзі сумняюцца ў існаванні аб’ектыўнай праўды.
“Праз вывучэнне Евангелля і настаўніцтва Касцёла мы даведваемся, як хлусня шкодзіць нам і як праўда робіць нас свабоднымі ад граху, які з’яўляецца першапрычынай усялякага зла”, — дадаў іерарх.
Аднак, святы Дамінік не абмяжоўваўся толькі прапаведніцкай дзейнасцю. Ён імкнуўся ў сваім жыцці ісці за мудрай лацінскай прыказкай: “Verba docent, exempla trahunt” – “Словы павучаюць, прыклады прыцягваюць“. У перыяд вялікага крызісу Касцёла, калі новапаўсталы дамініканскі ордэн адважыўся выйсці за зачыненыя дзверы кляштару, каб ратаваць людзей паводле слоў арцыпастыра, “узор жыцця святога Дамініка дапамог многім людзям ісці шляхам дасканаласці і моцна паўплываў на грамадства“.
“Сучасны свет перажывае глыбокі крызіс рэлігійнага жыцця і духоўнасці. Гэта відаць у сучаснай культуры, што пацвердзіла цырымонія адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Парыжы, падчас якой артысты глуміліся з хрысціянскай веры. Гэта знак краху нашай цывілізацыі і хрысціянскай культуры. Калі чалавек траціць адносіны з Богам, то скатваецца ў бездань”,— працягваў іерарх, дадаючы, што што крызіс рэлігійнага жыцця патрабуе пошуку шляху пераадолення прорвы паміж верай і штодзённым жыццём.
На заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заахвоціў вернікаў, каб па прыкладу святога Дамініка глядзелі на свет праз прызму Евангелля і успрымалі яго паводле духоўнай шкалы каштоўнасцяў. Апошнімі словамі гаміліі была малітва, узнесеная да святога заступніка ракаўскай парафіі, каб ён сваімі малітвамі выпрасіў вернікам умацаванне веры, штодзённую вернасць Божаму вучэнню і дасягненне галоўнай мэты чалавека напрыканцы жыцця.
Пасля святой Імшы святары і вернікі прайшліся разам з Эўхарыстычным Езусам вакол касцёла, пасля чаго прынялі пастырскае благаслаўленне ад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, галоўнага цэлебранта адпустовай урачыстасці.