Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч прыняў удзел у святкаванні гадавіны асвячэння касцёла ў Калінінградзе, якое набыло ініцыяцыйны і экуменічны характар

24 жніўня
  • 25 жніўня, 2025
  • Фота: Вікторыя Бужынская // Catholicminsk.by

У 21-ю Звычайную нядзелю 24 жніўня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, знаходзячыся з візітам у Калінінградскай вобласці Расіі, узначаліў святую Імшу ў касцёле святога Адальберта ў Калініградзе, які 18 верасня будзе адзначаць 20-годдзе свайго асвячэння.

З іерархам Эўхарыстыю канцэлебраваў дапаможны біскуп архідыяцэзіі Божай Маці ў Маскве Мікалай Дубінін OFMConv, а таксама святары.

У гаміліі арцыпастыр найперш аднёсся да Божага слова гэтай нядзелі, якое канцэнтруе сваю ўвагу на праблеме збаўлення.

У першым чытанні прарок Ісая вучыць, што збаўленне не з’яўляецца «манаполіяй габрэяў», бо Бог жадае збавіць усіх людзей. Арцыбіскуп нагадаў прысутным, што толькі сама прыналежнасць да Касцёла не гарантуе збаўлення:

«Тое, што мы гадзіну-другую прастаім у касцёле, нервова пазіраючы на гадзіннік, не чыніць з нас сапраўдных паслядоўцаў Хрыста. Неабходна жыць верай».

Рэфрэн рэспансарыйнага псальму заклікае вернікаў быць інструментамі збаўлення ўсяго свету.

У другім чытанні аўтар Паслання да Габрэяў кажа, што Божае пакаранне трэба ўспрымаць як праяўленне любові да вінаватага з мэтай яго выпраўлення. Іерарх падкрэсліў, што, нягледзячы на яго балючасць, яно ў выніку прыносіць добрыя плёны: «Мы павінны прыняць цярпенні і складанасці жыцця не як Божую кару, але як магчымасць наблізіцца да Бога і стаць падобнымі да Хрыста».

Евангелле распавядае пра апошняе падарожжа Езуса ў Ерузалем, дзе Ён будзе ўкрыжаваны. Арцыпастыр адзначыў, што «Езус не быў турыстам, але ішоў да людзей з канкрэтнай місіяй абвяшчэння Евангелля збаўлення. Таму не дзіўна, што нехта спытыўся ў Яго, ці шмат людзей будзе збаўлена. Замест канкрэтнага адказу з Яго вуснаў прагучаў укосны: “Імкніцеся прайсці праз вузкую браму” (Лк 13, 24)». Гэта, паводле прамоўцы, азначае, што шлях да збаўлення няпросты і «патрабуе ахвярнасці і самадысціпліны ў захаванні Божага закону і маральных нормаў». «Нездарма выслоў’е кажа, што, “каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці”, — падкрэсліў ён. — Божае Валадарства не даецца нам аўтаматычна па прычыне нашай рэлігійнай прыналежнасці. Мы не можам спадзявацца на Божую міласэрнасць і пры гэтым нічога не рабіць».

Далей арцыбіскуп Кандрусевіч прывёў словы святога Аўгустына, які казаў, што неабходна маліцца так, быццам усё залежыць ад Бога і працаваць так, быццам усё залежыць ад нас. «Іронія вузкай брамы ў тым, што яна шырокая для чалавека, які захоўвае маральны закон. Езус таксама заклікае выкарыстаць дадзены нам Богам час, бо дзверы ў Яго Валадарства могуць быць зачынены знянацку, калі мы не спадзяёмся», — папярэдзіў іерарх і нагадаў, што «дарогай да збаўлення ёсць Касцёл, бо ў ім мы атрымліваем неабходныя для збаўлення сродкі, якімі з’яўляюцца Божае слова і сакрамэнты».

Арцыпастыр нагадаў, што 20 гадоў таму, у 2005 годзе ў Калінінградзе была асвечана новая святыня пад тытулам святога Адальберта.

«Езус вярнуўся ў горад, з якога Яго выгналі, каб праз Касцёл паказваць людзям вузкую браму да збаўлення»,

— сказаў іерарх, маючы на ўвазе савецкія часы пераследу веры.

Затым ён распавёў, што гісторыя адраджэння Касцёла на берагах Балтыйскага мора цесна звязана з іменем ксяндза прэлата Ежы Стэцкевіча, выхадца з Беларусі. Па словах арцыпастыра, ён быў «галоўным архітэктарам і рухаючай сілай гэтага працэсу». Дзякуючы яго намаганням быў пабудаваны архітэктурны комплекс парафіі святога Адальберта, які складаецца з касцёла, капліцы Маці Божай Фацімскай, парафіяльнага дома і пілігрымкавага цэнтра. Святар таксама спрычыніўся да адкрыцця іншых парафій і пабудовы малітоўных дамоў у шматлікіх месцах Калінінградскай вобласці, заснавання дабрачыннай арганізацыі Caritas, каталіцкага выдавецтва, катэхетычнага каледжа і г. д. Ён наладзіў добрыя, канструктурныя адносіны з грамадствам і рознымі канфесіямі. «Яго паважалі ўсе — веруючыя і няверуючыя. Ён быў духоўным арыенцірам на зямлі, дзе чатыры дзесяцігоддзі не было ніводнага малітоўнага дома і ніводнага святара. Падчас пандэміі каранавіруса Бог паклікаў ксяндза Ежы да сябе, але ён пакінуў на гэтай зямлі трывалы след духоўнага адраджэння. За што мы ўсе яму ўдзячныя і нашым абавязкам ёсць маліцца аб радасці вечнага шчасця для яго», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

У завяршэнне гаміліі іерарх заклікаў вернікаў прымаць актыўны ўдзел у жыцці Касцёла, натхняцца Божым словам і жыць так, «каб пасля завяршэння зямнога жыцця ўвайсці праз вузкую браму ў радасць Божага Валадарства».

Святая Імша адзначылася важнай падзеяй — да ліку вернікаў Касцёла праз хрост быў далучаны маленькі хлопчык Пётр, бацькі якога маюць беларускае паходжанне. Гэты першы сакрамэнт хрысціянскай ініцыяцыі яму ўдзяліў біскуп Мікалай Дубінін.

Урачыстасць набыла экуменічны характар дзякуючы візіту ў касцёл іерарха Рускай Праваслаўнай Царквы, Мітрапаліта Балтыйскага і Светлагорскага Серафіма, патрыяршага намесніка Калінінградскай мітраполіі, з якім каталіцкі арцыпастыр сустракаўся раней падчас свайго служэння ў Расіі.

Прысутнасць праваслаўнага мітрапаліта была ўспрынята вернікамі з энтузіязмам. Ён павіншаваў парафію з 20-годдзем асвячёння касцёла і ў сваёй прамове ўспомніў пра яго добрыя адносіны са спачылым ксяндзом Ежы Стэцкевічам, падкрэсліваючы, што яны надалей застаюцца такімі з цяперашнім пробашчам ксяндзом Марэкам Каладзейчыкам. Мітрапаліт Серафім падкрэсліў іх вялікае значэнне сёння, калі неабходна сумесна адказваць на выклікі часу, і пажадаў арцыбіскупу Кандрусевічу, біскупу Дубініну і ўсім прысутным Божага благаслаўлення, супакою і дабра.