Арцыбіскуп Кандрусевіч правёў у мінскім Кармэлі велікапосныя рэкалекцыі
- 24 лютага, 2026
- Тэкст: а. Юрый Кулай / Фота: з архіва мінскага Кармэлю // Catholicminsk.by
З 20 па 22 лютага ў сталічнай парафіі Божага Цела, якой апякуюцца кармэліты босыя, прайшлі велікапосныя рэкалекцыі. Духоўныя практыкаванні ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Іерарх звярнуў увагу на вялікае значэнне таго, што рэкалекцыі праходзяць у самым пачатку Вялікага посту, што, напэўна дапаможа больш глыбока перажыць гэты перыяд пакаяння. Ён параўнаў Божае слова, якое прамаўляецца падчас рэкалекцый, з люстэркам, якое ніколі не падманвае, але заўсёды паказвае поўную праўду пра кожнага з нас.

У першы дзень вернікі ўдзельнічалі ў набажэнстве Крыжовага шляху, які праводзіў рэкалекцыяніст. Разважанні былі ў форме рахунку сумлення, каб адпаведным чынам ацаніць свой духоўны стан і адкрыцца на Божую міласэрнасць.
Арцыбіскуп Кандрусевіч ў рэкалекцыйных разважаннях закрануў вельмі важныя тэмы для сучаснага Касцёла, сям’і і грамадства. Ён засяродзіў увагу на веры, якая ў кожнай сферы жыцця павінна знаходзіць сваё адлюстраванне ў канкрэтных учынках. Таксама арцыпастыр вернікаў заахвоціў ісці за заклікам Папы Льва XIV, каб на працягу ўсяго жыцця заставацца пігрымамі надзеі.

Кажучы пра любоў да Бога і бліжніх, рэкалекцыяніст падкрэсліў важнасць шчырай і трывалай малітвы як «духоўнага кіслароду», а таксама заахвоціў вучыцца любові і нясэнню штодзённага крыжа ад Хрыста, які не спыніўся насуперак цяжкасцям і назразуменню.
На заканчэнне рэкалекцый пробашч парафіі айцец Юрый Кулай OCD выказаў словы ўдзячнасці арцыбіскупу Тадэвушу за тое, што, нягледзячы на ўзрост і нестабільны стан здароўя, прыняў запрашэнне правесці рэкалекцыі і не стамляецца рупліва абвяшчаць Евангелле. Вернікі парафіі таксама падзякавалі дастойнамі іерарху і рэкалекцыяністу за правядзенне вялікапосных духоўных практыкаванняў і павіншавалі яго з юбілеем 80-годдзя жыцця, пажадаўшы шчодрых Божых лаксаў і апекі Найсвяцейшай Панны Марыі.










