Арцыбіскуп Кандрусевіч падчас Імшы з удзелам капітула ў Маладзечне: «Бог залічыў мяне да моцных!»
- 7 студзеня, 2026
- Тэкст: Валянціна Міхайлоўская / Фота:Валянціна Міхайлоўская, Людміла Селівон // Catholicminsk.by
У панядзелак 5 студзеня ў парафіі святога Юзафа ў Маладзечне з удзелам Мінскага катэдральнага капітула святога Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай прайшла святая Імша з нагоды важнай юбілейнай даты.
Імша была прымеркавана да 80-годдзя арцыбіскупа эмэрыта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, які адзначаўся 3 студзеня, і арганізавана па ініцыятыве капітула. Узначаліў Эўхарыстыю сам дастойны юбіляр.
Жыхары горада Маладзечна мелі прыемную і сапраўды ганаровую магчымасць павіншаваць заслужанага іерарха Каталіцкага Касцёла на Беларусі з 80-гадовым юбілеем. Арцыпастыр пажартаваў на гэты конт, адзначаючы, што, паводле аднаго з Псальмаў, сімвалічна лічыцца «залатым стандартам» чалавечага ўзросту 70 год, а 80 год — стандарт моцнага чалавека.
— з хваляваннем прамовіў ён.
На пачатку ўрачыстасці, на якой прысутнічалі шматлікія святары Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі, пробашч парафіі святога Юзафа, ксёндз канонік прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, прамовіў прывітальнае слова.
— адзначыў святар

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што ён з дазволу Божага Провіду пачаў пісаць 81-ю старонку свайго жыцця. Іерарх спачатку падзякаваў за пераказаны Божы дар жыцця і каталіцкае выхаванне сваім спачылым бацькам; затым сястры і ўсім блізкім — і жывым, і памерлым; адэльскай парафіі, у якой ён нарадзіўся; прафесарам Гродзенскага педінстытута і Ленінградскага палітэхнічнага інстытута, у якіх вучыўся; прэзбітэрам, якія дапамаглі распазнаць пакліканне да святарства; прафесарам і выхавацелям Каўнаскай духоўнай семінарыі; беларускім і расійскім біскупам, святарам і кансэкраваным асобам, з якімі працаваў і далей працягвае служыць Богу і Касцёлу; вернікам, для якіх, паводле слоў святога Аўгустына, з’яўляецца біскупам, а разам з імі хрысціянінам, за падтрымку і малітвы.
Прамоўца нагадаў, што Божае слова падчас перыяду Божага Нараджэння нагадвае вернікам пра бязмежную любоў Бога да чалавека, якая праявілася ў таямніцы Богаўцелаўлення і надалей праяўляецца ў Божай апецы над імі. «Любоў з’яўляецца адметнай рысай хрысціяніна, бо без яе ўсё, што мы робім, становіцца бессэнсоўным і пустым», — сказаў ён.
Звяртаючы ўвагу на чытанні з дня, галоўны цэлебрант адзначыў, што святы апостал Ян у сваім Першым пасланні распавядае пра трагедыю, якая адбылася на світанні чалавецтва, калі Каін па прычыне зайздрасці забіў свайго брата Абэля.
— папярэдзіў слухачоў іерарх.

Евангелле паводле таго ж апостала прадстаўляе сцэну паклікання Натанаэля. Арцыпастыр падкрэсліў, што яно рэалізавалася праз апостала Філіпа. Ён распавёў Натанаэлю пра Збаўцу, прыйсце якога прадказвалі прарокі. Спачатку Натанаэль засумняваўся і нават казаў: «Што добрага можа быць з Назарэту?» (пар. Ян 1, 46). Але Езус падчас сустрэчы з ім сказаў, што бачыў яго пад смакоўніцай яшчэ перад тым, як Філіп паклікаў яго. Натанаэль паверыў Хрысту і пайшоў за Ім, каб стаць Ягоным апосталам.
«Такім чынам, Хрыстус адкрыў Натанаэлю і ўсім нам цуд Божай Божай любові і заклік жыць згодна з законам любіць Бога і бліжняга», — падсумаваў арцыбіскуп.
Далей ён звярнуў увагу на тое, што Езус убачыў Натанаэля пад смакоўніцай. Той факт, што ў Старым Запавеце смакоўніца з’яўляецца «сімвалам месіянства», гаворыць аб тым, што Натанаэль, можна меркаваць, ведаў прароцтва аб прыйсці Месіі, чакаў Яго і ўрэшце дачакаўся. Таму, паводле слоў прамоўцы, Езус выбраў і паклікаў Натанаэля.
Арцыпастыр, нагадваючы прысутным на Імшы евангельскае вучэнне аб тым, што кожны веруючы атрымлівае ад Бога спецыяльную місію, прывёў словы святога Джона Ньюмана: «Мы не дарэмна пасланыя ў гэты свет і не нараджаемся выпадкова. Бог бачыць кожнага з нас і стварае кожную душу з пэўнай мэтай».
— заклікаў юбіляр, дадаючы, што «калі нам складана, трэба ісці да нашай смакоўніцы, якой з’яўляецца Касцёл і Божае слова. Там Езус нас суцешыць і прыдасць новыя сілы для выканання даверанай місіі».

Звяртаючыся да членаў Катэдральнага капітула, іерарх нагадаў, што канонікі ўпрыгожваюць біскупскія набажэнствы і літургію, праз што спрыяюць евангелізацыі як галоўнай місіі Касцёла. Ён пажадаў Мінскаму катэдральнаму капітулу не толькі самім насіць у сваіх сэрцах Езуса, але і дапамагчы вернікам Яго ўбачыць і несці далей, каб упрыгожыць Касцёл і свет прыгажосцю Божай ласкі і любові, памятаючы аб тым, што «ўсё праходзіць і мінае, а Бог заўсёды з намі».
80 гадоў жыцця — гэта шлях, які з Божай дапамогай прайшоў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім святарскім і біскупскім служэнні людзям розных нацыянальнасцяў і культур, у тым ліку разам з капітулам мінскай катэдры. Таму юбіляр падзякаваў святарам, якія ўваходзяць у капітул, і вернікам за малітвы ў яго інтэнцыі і падтрымку ў спрыяльныя і неспрыяльныя часы. Ён папрасіў іх аб далейшай малітве і салідарнасці, каб ён мог далей служыць Богу, Касцёлу і людзям.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч напрыканцы эўхарыстычнай сустрэчы разважаў пра асабістае святарскае пакліканне, а таксама азнаёміў прысутных з матэрыяламі Апостальскага ліста Папы Льва XIV «Вернасць, якая нараджае будучыню», адрасаванага святарам, у якім звяртаецца ўвага на важнасць умацавання фармацыі святароў, канкрэтных праяў святарскага братэрства і адкрытасці пастыраў на супрацоўніцтва з усім Божым народам.
Пасля віншаванняў, прынятых ад прадстаўнікоў капітула, юбіляр скіраваў сваё слова да сабраных дзяцей, якія затым атрымалі ад яго салодкія пачастункі.






























