Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч падчас адпустовай урачыстасці ў Барунах: «Выбіла гадзіна бараніць нашу веру»

29 чэрвеня
  • 30 чэрвеня, 2025
  • Фота: Ягор Кеда // Catholicminsk.by

29 чэрвеня парафія святых апосталаў Пятра і Паўла ў Барунах (Гродзенская дыяцэзія), дзе знаходзіцца санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных, адзначыла сваю парафіяльную ўрачыстасць, падчас якой галоўную святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

На пачатку кусташ санктуарыя і пробашч парафіі ў Барунах ксёндз Павел Паўлюкевіч прывітаў дастойнага іерарха, а таксама ксяндза прэлата Уладзіслава Завальнюка, прысутнага на ўрачыстасці, святароў з Гродзенскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, законных сясцёр і шматлікіх вернікаў з розных парафій Беларусі.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч правёў параўнанне двух «суперапосталаў» — Пятра і Паўла — паводле іх паходжання, адукацыі, паклікання і місіі ў Хрыстовым Касцёле.

Хрыстус паклікаў Пятра сярод галілейскіх рыбакоў, а Паўла — сярод сваіх пераследнікаў. Святы Пётр першым з людзей вызнаў веру ў Езуса як Месію, за што Хрыстус назваў яго «скалой», на якой Ён пабудуе свой Касцёл, і даў яму ключы Божага Валадарства. Таму на выявах гэты апостал прадстаўлены з ключамі ў руцэ.

Паводле слоў арцыпастыра, Пётр як чалавек памёр. Але як апостал ён жыве ў сваіх наступніках — Папах. Дзякуючы гэтаму Касцёл з’яўляецца знакам адзінства і свечасова адказвае на небяспечныя выклікі часу.

«Калі ў старажытным Рыме людзі стараліся распазнаць свой лёс па шэлясценні лісцяў на дрэвах дуба, які рос на Ватыканскім узгорку, то сёння не толькі рымляне, але ўвесь свет прыслухоўваецца да голасу Папы — Пятра нашага часу»,

— сцвердзіў іерарх.

Узгадваючы другога вялікага апостала Хрыста — святога Паўла — арцыбіскуп заўважыў, што ён з фарысея і пераследніка хрысціян стаў выбраным начыннем Хрыста для абвяшчэння Евангелля язычнікам. У сваіх Пасланнях апостал народаў прадстаўляе сябе як спартоўца, які бяжыць па стадыёне свету. «Павел быў самым вялікім у гісторыі хрысціянства місіянерам. Дзякуючы яго тром місійным падарожжам тагачасны свет пазнаў Евангелле. Менавіта таму яго называюць апосталам язычнікаў, — адзначыў іерарх. — На выявах ён прадстаўлены з мячом і Бібліяй. Гэты меч не з’яўляецца вайсковай прыладай, але Божым словам, якое заўсёды актуальна і дзейсна».

Як заўважыў арцыпастыр, святыя Пётр і Павел былі рознымі. Паміж ім нават адбываліся тэалагічныя спрэчкі, перш за ўсё пра тое, ці прыняўшыя хрысціянства язычнікі павінны прытрымлівацца юдэйскіх традыцый. Але гэтыя «канфлікты» адбываліся ў духу ўзаемнай любові і з мэтай знайсці праўду.

«Святыя Пётр і Павел аддалі сваё жыццё за праўду, імя якой — Хрыстус. Папа Бэнэдыкт XVI казаў, што хрысціянства — гэта не набор нормаў і прадпісанняў, але спатканне з Хрыстом. Сучасны Пантыфік Леў XIV кажа, што праўда — гэта не філасофская сістэма, але сам Хрыстус. Будучы рознымі, Пётр і Павел вялі людзей да адной мэты — спаткання з Езусам»,

— сказаў іерарх.

«Святыя Пётр і Павел дапаўняюць адзін аднаго і менавіта такімі патрэбныя Касцёлу. Нам патрэбна стабільнасць святога Пятра і мабільнасць святога Паўла, — дадаў арцыбіскуп. — Таксама, як Хрыстус па-рознаму паклікаў Пятра і Паўла, мы таксама пакліканы па-рознаму ісці за ім у нашым жыцці».

Гамілію арцыпастыр завяршыў заклікам:

«Браты і сёстры! Выбіла гадзіна бараніць нашу веру перад выклікамі секулярызму, маральнага рэлятывізму і рэлігійнай абыякавасці!

Няхай прыклад святых Пятра і Паўла прыдасць вам адвагі ў рэалізацыі гэтай місіі ў сучасным свеце. Трэба разам з Пятром вызнаваць веру ў Езуса Хрыста як Месію і Збаўцу ў часы, калі яна адрынаецца, і разам з Паўлам ісці да сучасных язычнікаў, якімі з’яўляюцца ахрышчаныя, але не практыкуючыя сваёй веры, богам якіх з’яўляецца кар’ера, багацце і задавальненні.

Будзьце Пятрамі і Паўламі нашага часу. Разам з Пятром на выклікі сучаснасці адказвайце: “Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця”, каб затым разам з Паўлам сцвердзіць: “У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў (2 Цім 4, 7). Мяне чакае ўзнагарода Божага Валадарства”».

Напрыканцы святой Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла. Затым група дзяцей і моладзі з парафіі павіншавалі свайго пробашча ксяндза Паўла з імянінамі. Пасля гэтага арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч для ўсіх прысутных ў святыні ўдзяліў пастырскае благаслаўленне.