Арцыбіскуп Кандрусевіч наведаў парафію ў Нароўлі, дзе ўдзяліў вернікам сакрамэнт канфірмацыі
- 20 кастрычніка, 2025
- Фота: кс. Павел Эйсмант, narovlya.by // Catholicminsk.by
18 кастрычніка арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі (Мазырскі дэканат, Пінская дыяцэзія) з нагоды святкавання 35-годдзя яе адраджэння. У далёкім 1991 годзе іерарх асвяціў пляцоўку і вуглавы камень пад будоўлю новай святыні.
Ва ўступным слове пробашч парафіі ксёндз Януш Чарнамораў прывітаў гасцей і ўзгадаў шэраг цудоўных прычын для сумеснай сустрэчы ў нараўлянскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Сярод іх 35-годдзе адраджэння каталіцкай парафіі ў Нароўлі, абрад удзялення сакрамэнту канфірмацыі і сумесная малітва з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

Святар падкрэсліў, што вернікі Нараўляншчыны вельмі ўдзячныя арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу. Ён, будучы першым і адзіным ў тыя часы каталіцкім біскупам Беларусі, адклікнуўся на просьбу вернікаў і знайшоў святара — ксяндза Юзафа Дзеконскага, які стаў рэгулярна прыязджаць у Грушаўку і Нароўлю, а затым прызначыў першага сталага пробашча — ксяндза Станіслава Салату, які пасяліўся ў Грушаўцы і займаўся будаўніцтвам касцёлаў у Грушаўцы і Нароўлі.
Ад імя старшыні Нараўлянскага райвыканкама з прывітальным словам да ўдзельнікаў урачыстасці звярнулася першы намеснік старшыні Нараўлянскага райвыканкама Марына Альховік.

Арцыпастыр ахвяраваў Эўхарыстыю за ўсіх парафіянаў і гасцей парафіі. Падчас урачыстай літургіі святой Імшы вернікі дзякавалі Богу за жыццё і веру, за Касцёл, які адкрыты для ўсіх, за парафіяльную супольнасць, а таксама маліліся аб Божым благаслаўленні на далейшыя гады парафіяльнай дзейнасці.
У гаміліі іерарх звярнуў увагу на тое, што ў гэты дзень Касцёл успамінае святога Луку ― евангеліста, лекара і вучня апостала Паўла, які з’яўляецца аўтарам трэцяга Еванегелля і Дзеяў апосталаў.
Прамоўца заахвоціў вернікаў засяродзіцца на ролі Хрыста як Боскага лекара, які сваёй гаючай міласэрнасцю выбавіў чалавецтва з палону граху. Біблісты сцвярджаюць, што менавіта Евангелле паводле Лукі асабліва падкрэслівае Божую міласэрнасць, дапамагае зразумець патрэбу ў ёй і заахвочвае звяртацца да яе.

На думку іерарха, варта не толькі ўшаноўваць святога Луку і дзякаваць Богу за напісанае ім, але гэтак жа, як святы, імкнуцца стаць евангелізатарамі нашага часу.
Паводле арцыбіскупа, зрабіць гэта можна рознымі спосабамі:
- хрысціянскім сведчанннем у штодзённым жыцці;
- праз абвяшчэнне Божага слова вуснамі;
- прыкладам свайго жыцця;
- праз выкарыстанне сучасных сродкаў масавай камунікацыі, бо яны з’яўляюцца магутным інструментам евангелізацыі мільёнаў людзей.
Каб паспяхова абвяшчаць Добрую Навіну, вернікі павінны не абцяжарваць сябе матэрыяльнымі каштоўнасцямі і сваім хрысціянскім жыццём увасабляць Божае слова.
― канстатаваў дастойны госць.

Важным, паводле арцыбіскупа Кандрусевіча, з’яўляецца сталасць у практыкаванні дару веры. Гэта праяўляецца, напрыклад, у здольнасці не паддавацца секулярнай модзе жыцця без Бога і спакусам лічбавага свету.
Іерарх са шкадаваннем адзначыў, што вера для сучаснага чалавека сталася свайго роду адкрытай крыніцай, якой можа карыстацца кожны так, як яму хочацца і без ніякіх абавязкаў. У выніку атрымліваецца хрысціянства без Хрыста і Евангелля.
Арцыпастыр правёў паралель паміж чарнобыльскай трагедыяй, што закранула ў тым ліку і Нароўлю, і «духоўным Чарнобылем», якім сталі дзесяцігоддзі ваяўнічага атэізму, а таксама сённяшняе добраахвотнае адмаўленне ад веры ў Бога. Прамоўца, аднак, падкрэсліў, што ў духоўных змаганнях мы не адны. З намі Бог, які ўмацоўвае нас сваёй ласкай і дарамі Святога Духа ў сакрамэнце канфірмацыі.
Пасля гэтага арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 25-і вернікам з амаль усіх парафій Мазырскага дэканату.

Напрыканцы ўрачыстасці іерарх асвяціў абраз Апошняй Вячэры, змешчаны на алтары касцёла. Ён падкрэсліў, што акт асвячэння гэтага абраза сімвалічны, бо ён знаходзіцца ў алтары, на якім адбываецца, так як падчас Апошняй Вячэры, перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста.
Развітваючыся з нараўлянскімі вернікамі, арцыпастыр выказаў надзею на новую сустрэчу з імі.




















Пры напісанні артыкула былі выкарыстаны матэрыялы з інтэрнэт-старонкі газеты «Прыпяцкая праўда» narovlya.by.