У Маладзечне з удзелам дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Андрэя Зноскі ўшанавалі святога Казіміра
- 6 сакавіка, 2025
- Тэкст і фота: Пінская дыяцэзія Рымска-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь/ Instagram // Catholicminsk.by
У аўторак, 4 сакавіка, вернікі парафіі святога Казіміра ў Маладзечне, якая адзначала ўрачыстасць яе тытулу, віталі ў сваім новапабудаваным касцёле дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Андрэя Зноску.
Іерарх прыбыў на парафіяльную ўрачыстасць па запрашэнні Братоў Меншых Капуцынаў, якія маюць там сваю манаскую супольнасць, а пробашч парафіі, брат Уладзіслаў Мінько OFMCap, з’яўляецца яго плямяннікам.


На пачатку набажэнства брат Андрэй Жылевіч OFMCap адзначыў, што год таму ксёндз Андрэй Зноска праводзіў тут велікапосныя рэкалекцыі, а цяпер прыбывае ў Маладзечна з біскупскім служэннем.

Біскуп Андрэй асвяціў новую браму святыні, просячы, каб кожны, хто будзе праз яе ўваходзіць, ішоў з чыстым сэрцам праслаўляць Бога.

Святую Імшу іерарх служыў разам з ксяндзом канонікам прэлатам Эдмундам Даўгіловічам-Навіцкім, маладзечанскім дэканам, і ксяндзом канонікам Антонім Казлоўскім, смаргонскім дэканам (Гродзенская дыяцэзія), а таксама святарамі з Маладзечна і ваколіц.

У прамоўленым казанні біскуп Андрэй засяродзіўся на постаці святога Казіміра, паказваючы на яго прыкладзе, якой велічы духа можа дасягнуць чалавек, калі будзе супрацоўнічаць з Божай ласкай.

