У Папы Францішка назіраецца станоўчая дынаміка
- 24 лютага, 2025
- Тэкст: кс. Аляксандр Амяльчэня // Vatican News
Клініка Джэмэлі (ANSA)
Стан здароўя Францішка паляпшаецца. Нягледзячы на складанасць сітуацыі, ён узнавіў працоўную дзейнасць і правёў тэлефонную размову.
Партал Vatican News перадае паведамленне Залы Друку Святога Пасада пра паляпшэнне стану здароўя Папы, які з 14 лютага знаходзіцца ў клініцы “Джэмэлі“. Медыцынскія паказчыкі сведчаць пра станоўчую дынаміку, хоць урачы па-ранейшаму захоўваюць асцярожнасць у прагнозах.
“Клінічны стан Святога Айца, нягледзячы на ўсю сур’ёзнасць, паказвае лёгкае паляпшэнне. На працягу дня не назіралася эпізодаў астматычнага дыхання, некаторыя лабараторныя паказчыкі палепшыліся”, – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.
Медыкі адзначаюць, што лёгкая нырачная недастатковасць не выклікае занепакоенасці. Працягваецца кіслародная тэрапія, але з паніжаным узроўнем падачы кіслароду.
Раніцай 24 лютага Пантыфік прыняў Святую Камунію, а пасля абеду вярнуўся да працоўнай дзейнасці. Францішак таксама падзякаваў усім вернікам, якія ў гэтыя дні моляцца за яго здароўе.
Увечары 23 лютага Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведамляла: “Стан Святога Айца застаецца крытычным, аднак з учарашняга вечара ў яго не назіралася новых рэспіраторных крызісаў (…) Папа атрымаў дзве дозы канцэнтраваных эрытрацытаў, што прынесла карысць і павысіла ўзровень гемаглабіну. Трамбацытапенія застаецца стабільнай, аднак некаторыя аналізы крыві паказваюць пачатковую лёгкую нырачную недастатковасць, якая на дадзены момант знаходзіцца пад кантролем”.
Медыцынскі персанал, улічваючы складанасць клінічнай карціны, пакуль устрымліваецца ад канчатковых прагнозаў і працягвае пільна сачыць за станам здароўя Пантыфіка.