Skip to main content

Ад Фацімы да штодзённасці: што прапануе новы нумар «Ave Maria»

Кастрычнік 2026 года
  • 27 кастрычніка, 2026
  • Тэкст: Іна Бігель / Фота: ave-maria.by // Catholicminsk.by

Чарговы нумар № 10 часопіса «Ave Maria» запрашае вернікаў увайсці ў малітоўную падрыхтоўку да 110-годдзя фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай і разам з тым прапануе шэраг матэрыялаў, якія дапамагаюць паглядзець на веру праз гісторыю, культуру і штодзённае жыццё Касцёла.

Нумар трымаецца звыклай для чытачоў унутраннай логікі: ад малітоўнай падрыхтоўкі да фацімскага юбілею, які стаў галоўнай тэмай гэтага месяца, да разважанняў пра месца Касцёла ў Збаўленні. У фокус аўтараў часопіса таксама трапілі біблійныя партрэты жанчын, сведчанні пра вернасць у складаных лёсах, узрушаныя гісторыі з мінулага і ўражанні ад падарожжа ў краіну, дзе «вера бачная ў кожным куточку». Такі падбор матэрыялаў робіць нумар не проста зборнікам тэкстаў, а цэласнай размовай пра веру — у малітве, гісторыі, культуры і штодзённасці.

Кастрычніцкі нумар распачынаецца пасланнем і распараджэннем Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, якімі ён уводзіць вернікаў у малітоўную падрыхтоўку да 110-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме.

Тут жа змешчаны парадак навэнны і план наведвання Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе, план правядзення набажэнстваў у парафіях, прысвечаных фацімскім аб’яўленням.
 

«Асаблівае Божае благаслаўленне» — так называецца артыкул, падрыхтаваны прэс-службай Гродзенскай дыяцэзіі і прысвечаны навукова-гістарычнаму сімпозіуму «35 гадоў дарогі веры: Гродзенская дыяцэзія паміж памяццю, гісторыяй і надзеяй будучыні».

Айцец Юрый Кулай у артыкуле «Нязручнае дабро» заклікае вернікаў быць добрымі людзьмі малітвы і сведкамі праўды праз адпаведнае разуменне Святога Евангелля, праз духоўную сувязь з Марыяй, якая яднае з Хрыстом, дапамагаючы прыпадобніцца да Яго, раздзяліць Ягоныя пачуцці і паступаць, як Ён.

Над пытаннем «Ці Касцёл абавязковы для збаўлення?» разважае ксёндз Андрэй Рылка, прыводзячы шматлікія выказванні святых і Папаў, а таксама цытаты са Святога Пісання. Ён падкрэслівае, што Бог нястомна стукаецца ў сэрца кожнага чалавека, запрашаючы яго да паўнаты збаўлення, а веліч Хрыстовага Касцёла ў тым, што ў ім ёсць месца для ўсіх і кожнага.

Ксёндз Сяргей Сурыновіч у артыкуле «Агар у пустыні адзіноты» працягвае цыкл разважанняў пра вобразы «Жанчынаў у Бібліі».

Гераіня гэтага нумару Агар — егіпецкая нявольніца, чый лёс стаўся пранізлівым рэхам далёкага мінулага, але блізкі ўсім, хто хаця б раз у жыцці адчуваў сябе выкарыстаным, непатрэбным ці адрынутым.

Шанштацкія сёстры спяваюць свой «Magnificat» за 100 гадоў Шанштацкага Інстытута Сясцёр Марыі. Сястра Марцэліна Мігач падрыхтавала адмысловы матэрыял, у якім распавядае пра гісторыю заснавання і дзейнасці гэтага інстытута па ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі.

Настаўніца Таццяна Шумель у артыкуле «Жупранскі матылёк, або Знак Неба над алтаром» запрашае чытачоў у чарговую пілігрымку — у Жупраны.

У Ружанцовы месяц чытачам прапануецца пераклад артыкула з англійскай мовы Тэрэсы Клімовіч «Ружанец — малітва надзеі ў цяжкі час» і пераклад ксяндза Міколы Гракава «Разважанне (медытацыя) над хвалебнаю таямніцаю Ружанца „Уваскрасенне Хрыста“» — як адна з умоваў Набажэнства першых суботаў месяца.

Артыкул «Знішчанае зерне прынесла плён» пазнаёміць вернікаў з трагічнаю гісторыяй сям’і ксяндза Алега Шпеця — лёсам забітага роднага брата ягонай бабулі святара Юзафа Барадына, а таксама з лёсамі яго аднакурснікаў з Пінскай духоўнай семінарыі.

Святлана Шэйпа прапаноўвае знаёмства з харысткаю мінскага хору «Залатая Горка» Ганнаю Зелянко ў артыкуле «Яна проста спявае».

Завяршаюць нумар нататкі Марыі Кукліс пад назваю «Вера — як паветра» з яе падарожжа ў далёкую, вельмі пабожную Паўднёва-Усходнюю Азіяцкую каталіцкую краіну Тымор, дзе вера і любоў да Бога, Панны Марыі і святых бачная ў кожным яе куточку.

На апошніх старонках вокладкі змешчана «Набажэнства першых суботаў месяца — перапрашэнне Беззаганнага Сэрца Марыі».
 

Заахвочваем вас да чытання новага нумара № 10 часопіса «Ave Maria». Няхай гэтае чытанне стане для вас не проста знаёмствам з чарговымі матэрыяламі, а запрашэннем да ўласнай малітвы, роздуму і паглыблення веры — такой, якая жыве ў Касцёле і ў сэрцы кожнага чалавека.