Адэльск сустрэў копію цудатворнага абраза Божай Маці Вострабрамскай. Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
- 26 кастрычніка, 2026
- Фота: Людміла Хорус // Catholicminsk.by
24 кастрычніка копія цудатворнага абраза Божай Маці Вострабрамскай, якая наведвае ўсё парафіі Гродзенскай дыяцэзіі перад заканчэннем І Сінода, якое наступіць 16 лістапада, наведала Адэльск. Вернікі ўрачыста сустрэлі святыню, а арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які на запрашэнне пробашча кс. кан. Віктара Мыслюка прыбыў у родную парафію і ўзначаліў Імшу, нагадваючы пра неабходнасць актыўнага сведчання веры.
Працягваецца пэрэгрынацыя копіі цудатворнага абраза Божай Маці Вастрабрамскай па парафіях Гродзенскай дыяцэзіі. Вечарам 24 кастрычніка абраз прыбыў у адэльскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (дэканат Гродна-Захад). Каб прыняць удзел у спатканні абраза і ўзначаліць з гэтай нагоды святую Імшу, у Адэльск завітаў паважаны госць — арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

З асаблівым клопатам і пяшчотай парафіяне падрыхтаваліся да падзеі. Малодшыя вернікі сустракалі працэсію з паветранымі шарыкамі ў выглядзе сардэчак — сімвалам Божай міласэрнасці, а дарожка, па якой неслі шанаваны абраз, была ўслана белымі ружамі ў сімволіцы Марыі. Дзеці з кветкамі ў руках і радаснымі ўсмешкамі сталі жывым увасабленнем той шчырай веры і даверу да Маці Божай, якія адметныя для мясцовай супольнасці. Урачыстая атмасфера сустрэчы сведчыла, што для адэльскіх вернікаў гэта не проста чарговая падзея, а сапраўднае свята духу.
«Наш народ давярае сябе ёй і верыць у яе дапамогу»
У гаміліі іерарх падкрэсліў, што культ Божай Маці Вострабрамскай вельмі моцна распаўсюджаны на нашай зямлі. Практычна ў кожным касцёле і доме знаходзіцца Яе абраз.
Абраз прадстаўляе Марыю ў момант Звеставання, са скрыжаванымі рукамі і пакорліва схіленай галавой, з дзвюма каронамі: адна для Яе, а другая для Езуса, Якога зачала падчас Звеставання. Пустыя рукі Марыі сімвалізуюць яе гатоўнасць дапамагаць нам.

Пастыр звярнуў увагу на сувязь шанавання Найсвяцейшай Панны Марыі з культам Езуса Міласэрнага, які ў сучасным свеце вельмі папулярны і, як сведчаць гістарычныя факты, сваімі каранямі сягае Вастрабрамскай капліцы. Менавіта там першы абраз Езуса Міласэрнага быў выстаўлены для публічнага пакланення ў 1935 годзе. «Можна сказаць, што ў гэтай капліцы Міласэрны Езус спаткаўся са сваёй Міласэрнай Маці. Нездарма Вільню называюць горадам Божай Міласэрнасці», — нагадаў арцыбіскуп і гэтыя думкі працягнуў словамі аб Божай міласэрнасці, якая з’яўляецца галоўнай характарыстыкай Бога.
— адзначыў пастыр.

Тысячы пілігрымаў штодзённа наведваюць капліцу. Калі ў 1993 годзе туды пілігрымаваў папа Ян Павел II, то ў звароце да беларускіх вернікаў ён выказаў падзяку Марыі за дар рэлігійнай свабоды пасля доўгіх гадоў вымушанага маўчання пра Бога. Папа Францішак падчас наведвання капліцы ў 2018 годзе сказаў, што, нягледзячы на змены, якія адбываюцца ў свеце, Вастрабрамская Марыя застаецца знакам надзеі, суцяшэння і апекі. Нашы продкі спакон вякоў, таксама і ў часы ганенняў, пілігрымавалі да Вострай Брамы і выпрошвалі патрэбныя ласкі сабе і свайму народу.
— сцвердзіў іерарх. Цяпер, калі не так проста паехаць у Вільню, Маці Міласэрнасці ў сваёй выяве прыбывае да вернікаў. У наш няпросты час амаль кожны чалавек сустракаецца са шматлікімі маральнымі і грамадскімі выклікамі, прычына якіх у адкіданні Божага закону і імкненні жыць паводле свайго права. Але арцыбіскуп Тадэвуш звярнуў увагу, што «Божы закон дадзены не для таго, каб ён падпарадкоўваўся меркаванню людзей, але каб мы падпарадкоўваліся яму». «Аднак дзе шукаць паратунку?» — запытаўся прамоўца.

Паводле Яна Паўла ІІ, адзінай надзеяй свету з’яўляецца Божая Міласэрнасць, зыходзячая ад Міласэрнага Езуса, да якога нас вядзе Марыя. Каб падкрэсліць важнасць асобы Марыі ў гэтай справе, арцыбіскуп Тадэвуш узгадаў некаторыя евангельскія фрагменты, калі Яна выпрасіла цуд у Кане Галілейскай і калі ў дом Альжбеты прынесла Езуса і Яго ласку. Знакам надзеі стала і Фацімскае аб’яўленне Маці Божай у 1917 годзе, падчас якога Яна прадказала жахлівыя наступствы атэізму і дала шанец на адраджэнне веры, удзельнікамі якога мы з’яўляемся.
«Хрысціянскае сведчанне — гэта не проста пераказ рэлігійных ісцін»
«Сучасны свет патрабуе сведкаў веры, каб сведчыць пра евангельскія каштоўнасці, якія гарантуюць будову здаровага і трывалага грамадства», — сказаў іерарх, каб абагульніць гэтыя факты, і прывёў словы Папы Льва XIV, які «нездарма заклікае перайсці ад пасіўнай рэлігійнасці да актыўнай».
На думку іерарха, «хрысціянскае сведчанне — гэта не проста пераказ рэлігійных ісцін, але жывы і дзейсны інструмент пераўтварэння свету». «Таму мы павінны жыць праўдай Хрыста і быць яе актыўнымі сведкамі», — заклікаў прамоўца. І дадаў:

На заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прачытаў малітву: «Марыя, якая свеціш у Вострай Браме, прыкладам сваёй згоды з Божай воляй і міласэрнасці, асветляй шлях нашага жыцця, каб мы не заблудзіліся і, будучы сведкамі веры, яе распаўсюджвалі і ўмацоўвалі з мэтай дасягнуць радасці вечнага жыцця ў небе».
Вернікі адэльскай парафіі шчыра дзякавалі арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу за тое, што ён завітаў да іх і ўзначаліў святую Імшу. Сустрэча з пастырам стала для мясцовай супольнасці сапраўдным духоўным узрушэннем — магчымасцю пачуць жывое слова настаўніка веры, памаліцца разам з ім перад цудатворным абразом і атрымаць падмацаванне ў сваім штодзённым імкненні быць актыўнымі сведкамі Хрыста. Гамілія іерарха дапамагла ім глыбей усвядоміць, што Божая міласэрнасць — гэта не адцягненая ісціна, а жывая рэальнасць, якая патрабуе адказу чалавечага сэрца.









