Skip to main content

«Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў»: у Свіслачы з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адзначылі 25-годдзе святарства айцоў Антонія Пажэцкага і Банавентуры Н’тонтаса

24 кастрычніка
  • 26 кастрычніка, 2026
  • Фота: кс. Анджэй Ганчар // Catholicminsk.by


Арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў парафіі святога Францішка ў горадзе Свіслач з нагоды срэбранага юбілею пробашча айца Антонія Пажэцкага OFMConv і яго аднакурсніка святара Корэнціна Банавентуры Н’тонтаса. Іерарх нагадаў, што пакліканне — гэта заўсёды ініцыятыва Хрыста, а святарства — не для валадарства, а для служэння. Павіншаваць юбіляраў прыбыў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
 

Пакліканне — справа Хрыста, а не чалавека

24 кастрычніка арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў парафіі святога Францішка ў Свіслачы (Гродзенская дыяцэзія, Бераставіцкі дэканат), з нагоды святкавання срэбранага юбілею пробашча айца Антонія Пажэцкага OFMConv і яго аднакурсніка святара Корэнціна Банавентуры Н’тонтаса. Яны з’яўляюцца выпускнікамі Санкт-Пецярбургскай духоўнай семінарыі, якім арцыбіскуп Тадэвуш 25 гадоў таму ўдзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне.

У набажэнстве прымаў удзел біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, які ў сваім віншаванні падзякаваў юбілярам за іх вернае служэнне. Ён пажадаў ім, каб яны заставаліся вернымі свайму пакліканню, неаслабна трымаліся Евангелля як жыццёвага компаса і праз свой дар дапамагалі вернікам чуць голас Хрыста.

Зыходным пунктам гаміліі арцыбіскупа Тадэвуша былі словы з Евангелля паводле Яна (Ян 15, 16): «Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў». Іерарх падкрэсліў: ініцыятыва паклікання належыць Хрысту, і Ён не абавязкова выбірае самых лепшых, а выбірае таксама і слабых, каб адарыць сваёй ласкай.

«Добрым прыкладам з’яўляецца пакліканне простых галілейскіх рыбакоў і мытніка Левія на апосталаў. Езус таксама не ставіць святара на “п’едэстал гонару”, каб любаваўся сабой, а пасылае ў свет, каб вёў людзей да Бога з мэтай збаўлення»,

— адзначыў арцыбіскуп.

Свіслацкія юбіляры на голас клічучага іх да святарства Хрыста адказалі словамі прарока Ісаі: «Вось я, Пане, пашлі мяне» (Іс 6, 8), прычым адказалі ў розных кутках свету.

Ад інжынера-будаўніка да духоўнага інжынера

Ксёндз Банавентура нарадзіўся ў Афрыцы, у Конга Браззавіль. Марыў стаць інжынерам-будаўніком і паступіў у Палітэхнічны інстытут у расійскім Уладзіміры, які паспяхова закончыў.

Пад вокам апякункі гэтага гістарычнага горада Божай Маці Уладзімірскай і апякункі каталіцкай парафіі Божай Маці Ружанцовай ён адчуў пакліканне да святарства, фармацыю да якога праходзіў у Санкт-Пецярбургскай семінарыі. Хутка інкультурыраваўся, стаў рускім афрыканцам і адным з найбольш любімых і вельмі здольных семінарыстаў.

Пасля святарскага пасвячэння працаваў у некалькіх парафіях Санкт-Пецярбурга, а потым вучыўся ў Рыме ў Папскім біблійным інстытуце. Абараніў доктарскую дысертацыю па біблістыцы. Выкладае Святое Пісанне ў семінарыі і тэалагічным інстытуце ў Санкт-Пецярбургу, апякуецца студэнтамі з Афрыкі, праводзіць рэкалецыі ў Расіі і Беларусі. Такім чынам, з інжынера-будаўніка стаў духоўным інжынерам, які будуе Божае Валадарства ў душах людзей.

Францішканская духоўнасць і Нёман як жыццёвы компас

Айцец Антоні Пажэцкі OFMConv нарадзіўся ў Гродне, быў міністрантам у францішканскай парафіі, калі там пробашчам служыў будучы арцыбіскуп Тадэвуш. З францішканскага ўзгорка глядзеў на велічны Нёман, які нясе свае воды ў Балтыйскае мора.

«Ці тады не прыйшла яму ў галаву думка, што чалавек, які паддаецца секулярным цячэнням, трапляе ў мора граху, з якога няма выйсця?»,
 

— запытаўся арцыбіскуп, узгадваючы ў сваёй гаміліі факты з біяграфіі святара.

Натхнёны францішканскай духоўнасцю, ён распачаў фармацыю ў іх ордэне, потым вучыўся ў Санкт-Пецярбургскай семінарыі. Пасля святарскага пасвячэння прысвяціў сябе душпастырскай працы ў харызме святога Францішка. Будаваў францішканскі кляштар святога Антонія ў Санкт-Пецярбургу, быў пробашчам францішканскай парафіі ў Гродне, а цяпер служыць у Свіслачы.

«Святар сваім выглядам падобны да іншага чалавека. Аднак сутнасна адрозніваецца ад іншых людзей, бо Божай моцай абвяшчае Евангелле, асвячае людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і ў служэнні кіруе імі»,

— адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш, акрэсліваючы жыццёвы шлях айца Антонія.

Евангелле — вакцына супраць духоўных хвароб часу

Свіслацкія юбіляры ўжо 25 гадоў абвяшчаюць актуальнае і дзейснае Божае слова, тады як сучасны свет адракаецца ад Бога, паграз у шматлікіх праблемах і ліхаманкава шукае шляхі іх вырашэння, але не можа знайсці.

Касцёл жа прапануе свету эфектыўную вакцыну супраць пандэміі духоўных і сацыяльных хвароб нашага часу — Евангелле. Яго нельга змяняць і трэба абвяшчаць зразумелай для сучаснага чалавека мовай, выкарыстоўваючы новыя сродкі евангелізацыі, каб эфектыўна евангелізаваць і адказваць на выклікі часу.

Чвэрць стагоддзя ксёндз Банавентура і айцец Антоні Пажэцкі OFMConv цэлебруюць сакрамэнты і гэтым самым асвячаюць людзей патрэбнай да збаўлення Божай ласкай. У гэтым служэнні іх ніхто не можа замяніць, бо толькі яны дзейнічаюць моцай Хрыста — in persona Christi. Як адзначыў іерарх, увесь гэты час яны кіруюць давераным ім Божым народам праз служэнне, ведаючы, што святарства не для валадарства, а для служэння.

У сучасным свеце ўсё часцей выкарыстоўваецца штучны інтэлект і гуманоіды, якія імітуюць чалавека. З імі можна размаўляць і раіцца. Яны маюць адказы на ўсе пытанні, прычым такія, якіх чакаюць людзі. Таму ўсё часцей пачынае гучаць думка, што яны могуць замяніць святара. «Але гуманоіды — гэта бездухоўныя машыны, якія не ведаюць, што такое сумленне, радасць, смутак, прабачэнне… Таму такая ідэя не мае ніякай рацыі», — упэўнена сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч і прывёў прыклад з Евангелля, калі Езус аж тры разы спытаў Пятра, ці любіць Яго, перад тым як удзяліў яму прымат (першынство) у Касцёле. Адказ быў станоўчы: «Так, люблю».

У хвіліну паклікання Езус спытаў і сённяшніх юбіляраў, ці любяць Яго, і сваім служэннем яны пацвердзілі, што любяць.

«Бо ў аснове святарскага служэння знаходзіцца пытанне любові да Хрыста, якое праецыруецца на любоў да людзей»,

— падкрэсліў іерарх. 

Пасля, узгадваючы юбілейную гадавіну служэння святароў, захаплённа ўсклікнуў: «Колькі людзей за 25 гадоў пачула з вуснаў юбіляраў словы праўды, веры і надзеі! Колькі прымірылася з Богам і блізкімі ў сакрамэнце пакаяння! Колькі прыняло дар збаўчай Божай ласкі! Гэта ведае толькі Бог! Касцёл дзякуе ім за вернасць выбранаму шляху і просіць працягваць яго на славу Бога і дзеля збаўлення людзей!»

Спецыялісты ад спаткання чалавека з Богам

Прыкметна, што юбіляры адзначаюць срэбраны юбілей святарства ў юбілейным годзе святога Францішка, які наследаваў Хрыста згодна з духам Евангелля, адаптуючы яго да выклікаў свайго часу, з мэтай прывесці чалавека да Бога.

«Падобна павінен паступаць і святар нашага часу, каб быць спецыялістам ад спаткання чалавека з Богам»,

— адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Гамілію іерарх завяршыў пажаданнямі юбілярам, каб заставаліся вернымі святарскаму пакліканню, не паддаваліся сучасным ліберальным тэндэнцыям, Евангелле прадстаўлялі людзям як іх жыццёвы компас, а прыклад служэння дапамог маладым людзям пачуць голас паклікання.

Пасля завяршэння Імшы са словамі ўдзячнасці да юбіляраў звярнуліся вернікі, якія падаравалі ім кветкі. Святочную атмасферу ўпрыгожвалі гукі музычнага суправаджэння на скрыпках. Гэтая ўрачыстасць стала яшчэ адной нагодай для парафіяльнай супольнасці сабрацца разам і падзякаваць Богу за 25 гадоў вернага святарскага служэння юбіляраў.