Skip to main content

На абласных Дажынках у Шклове католікі разам з біскупам Яшэўскім SDB дзякавалі Богу за ўраджай і маліліся за будучыню Магілёўшчыны

10 кастрычніка
  • 10 кастрычніка, 2026
  • Тэкст: Прэс-служба аддзела архідыяцэзіяльнай курыі ў Магілёўскім рэгіёне // Фота: Сяргей Гарава // Catholicminsk.by

Па запрашэнні старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатолія Ісачанкі Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB прыняў удзел ва ўрачыстасцях абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі–2026», які сёлета прайшоў у Шклове.

У межах святкавання біскуп узначаліў у мясцовым касцёле святую Імшу падзякі за ўраджай. Разам з ім маліліся вернікі, працаўнікі сельскай гаспадаркі і жыхары Магілёўшчыны, а таксама новапрызначаны дэкан Магілёўскага дэканату ксёндз Павел Сідарэнка, пробашч шклоўскай парафіі святых Пятра і Паўла.

У гаміліі біскуп падкрэсліў, што праца на зямлі мае не толькі гаспадарчае, але і глыбокае духоўнае значэнне: праз яе чалавек становіцца супрацоўнікам Бога ў справе стварэння свету.

«Праца на зямлі заўсёды была і застаецца адной з найбольш святых і адначасова пакорлівых спраў чалавечага жыцця. Менавіта тут чалавек асаблівым чынам сустракаецца з таямніцай жыцця і Божага Провіду»,


— адзначыў іерарх.

Звяртаючыся да жыхароў Магілёўшчыны, біскуп падзякаваў усім працаўнікам аграпрамысловага комплексу. Ён адзначыў, што за кожным сабраным коласам стаяць чалавечая ахвярнасць, цярплівасць і адданасць сваёй справе.

«Як пастыр Магілёўшчыны, я хачу выказаць вам шчырую ўдзячнасць. Я ведаю, што за кожным ураджаем стаяць не толькі сучасныя тэхналогіі і прафесійныя веды, але таксама нялёгкія будні, раннія пад’ёмы, стомленасць, трывога за надвор’е і нязломная вернасць сваёй справе»,


— сказаў іерарх.

Разважаючы над евангельскай прыпавесцю пра багатага чалавека, якому зямля прынесла багаты ўраджай (пар. Лк 12, 16–21), біскуп нагадаў, што плён чалавечай працы нельга аддзяліць ад удзячнасці Богу. Кожнае дабро і благаслаўленне паходзяць ад Пана, які дае чалавеку сілы працаваць і прыносіць плён.

Падчас літургіі таксама маліліся за ўсіх, хто адказвае за развіццё Магілёўскага рэгіёна і беларускай вёскі: кіраўнікоў раёнаў, кіраўніцтва Магілёўскага гарвыканкама, Памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектара па Магілёўскай вобласці Надзею Каткавец, старшыню Магілёўскага аблвыканкама Анатолія Ісачанку, па запрашэнні якога біскуп удзельнічаў ва ўрачыстасцях, а таксама ўсіх, хто служыць дабру Магілёўшчыны.

Біскуп Аляксандр маліўся за Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку, просячы для яго патрэбных ласкаў і Божага благаслаўлення ў служэнні дзеля развіцця краіны, падтрымкі беларускай вёскі і людзей працы.

Падчас Эўхарыстыі вернікі маліліся за будучыню Магілёўшчыны, мір, дабрабыт і развіццё сельскай гаспадаркі. Яны прасілі, каб беларуская зямля заставалася плённай, а ў вёсках захоўваліся жыццё, працавітасць і вернасць добрым традыцыям.

Напрыканцы гаміліі біскуп пажадаў, каб на Магілёўшчыне заўсёды былі працавітыя, сумленныя і адданыя сваёй Бацькаўшчыне людзі, а плённымі былі не толькі палі і сады, але і чалавечыя сэрцы, адкрытыя Богу і бліжняму.

Пастыр даручыў працаўнікоў сельскай гаспадаркі, іх сем’і і ўсю Магілёўскую вобласць апецы Маці Божай Бялыніцкай, якую Касцёл на беларускіх землях ушаноўвае як Каралеву і Маці народа.


Удзел Каталіцкага Касцёла ў абласных Дажынках у Шклове стаў сведчаннем таго, што плён зямлі і чалавечай працы — нагода для падзякі Богу. У малітве за працаўнікоў сельскай гаспадаркі, кіраўнікоў вобласці і краіны, а таксама за будучыню Магілёўшчыны вернікі даручылі Пану багацце роднай зямлі: веру, працавітасць, надзею і любоў людзей да сваёй Бацькаўшчыны.