Skip to main content

«Касцёл – гэта жывыя людзі»: Смалявічы адсвяткавалі 30-годдзе парафіі святога Валянціна і пасвячэнне касцёла

22 жніўня
  • 25 жніўня, 2026
  • Тэкст: Ангеліна Бусько / Фота: Эрык Савянок // Catholicminsk.by
  • Smolevichi-24.by


22 жніўня ў Смалявічах (Барысаўскі дэканат) адбылася знамянальная падзея для ўсёй каталіцкай супольнасці рэгіёну —парафія святога Валянціна адзначыла сваё 30-годдзе і перажыла гістарычны момант пасвячэння касцёла. Віншаваў парафіян Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Атмасфера ў святыні была адначасова і ўрачыстай, і па-сямейнаму цёплай — вернікі адчувалі непаўторнасць моманту, які чакалі доўгія 30 гадоў. Свята сабрала каля шаснаццаці святароў з розных куткоў Беларусі, а галоўным госцем стаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Парафіяне з вялікай радасцю і хваляваннем віталі іерарха, святароў, кансэкраваных асоб і запрошаных гасцей. Парафіяй апякуюцца браты капуцыны.

«У кожнага з нас ёсць свая парафія»

Мітрапаліта Юзафа Станеўскага сустракалі як належыць па традыцыях мерапрыемстваў такога маштабу — шчырымі ўсмешкамі і духмяным караваем. Пры ўваходзе ў святыню яму перадалі ключы ад касцёла — сімвал прывітання арцыбіскупа як гаспадара архідыяцэзіі і прыняцця святога месца пад Божае апякунства.

Іерарх узначаліў святую Імшу. Звяртаючыся да вернікаў, арцыпастыр сказаў: «У кожнага з нас ёсць свая парафія — і гэта наш дом. Нас павінна цягнуць сюды, менавіта сюды мы павінны скіроўваць сэрцы, думкі, успаміны. Таму што ўсё пачалося менавіта тут: і хрост, і жыццё, і навука, і любоў, і шлюб. Няхай пад апякунствам святога Валянціна ў гэтай святыні здзяйсняецца цуд, няхай маладзее і абнаўляецца наша душа. Няхай будзе гэтае месца прасторай сустрэчы і духоўнага ўзрастання».

Ад жылога дома да мураванага касцёла

На пачатку набажэнства першы афіцыйны пробашч парафіі брат Анатоль Ярошка OFMCap звярнуўся да прысутных з прамовай, у якой падрабязна расказаў пра гісторыю стварэння і станаўлення смалявіцкай парафіі. Вернікі з цікавасцю і хваляваннем слухалі яго ўспаміны:

«Спадабалася Богу, каб на гэтым месцы гарадскога парку паўстаў маленькі касцёл у гонар апекуна ўсіх закаханых — святога Валянціна. Ніхто і не думаў, што Бог у Сваім провідзе праз віхуру і паваленыя дрэвы падрыхтуе месца для будучай святыні».

Брат Анатоль нагадаў, што да стварэння парафіі вернікі Смалявіч, каб удзельнічаць у святых сакрамэнтах, вымушаны былі ездзіць у мястэчка Краснае пад Маладзечна, на Мінскую Кальварыю, у Чырвоны касцёл ці ў катэдру. І менавіта ксёндз Уладзіслаў Завальнюк упершыню прапанаваў, каб у горадзе паўстала ўласная парафія.

Напачатку вернікі збіраліся ў дамах мясцовых жыхароў. Першая святая Імша была адслужана ў Вербную нядзелю 1996 года ў доме спадарыні Сафіі Вусік. Улетку таго ж года месцам малітвы стаў дом спадарыні Таццяны Гурскай, а потым — могілкі, дзе вернікі маліліся нядоўгі час. Дзяржаўная рэгістрацыя парафіі адбылася 29 красавіка 1996 года, а 16 чэрвеня 1997 года брат Анатоль атрымаў з рук кардынала Казіміра Свёнтэка першы дэкрэт на пастырскае абслугоўванне парафіі ў Смалявічах.

Асаблівае ўзрушэнне вернікаў выклікаў момант, калі брат Анатоль расказаў пра вагончык, які з’явіўся на тэрыторыі будучай святыні. Менавіта там пачалі рэгулярна цэлебраваць Імшу, і з кожным разам вернікаў прыходзіла ўсё болей. Пазней, калі з’явілася магчымасць праводзіць набажэнствы ў дольным касцёле (цяпер гэта катэхетычная зала), парафія пачала паступова расці.

Будаўніцтва цяперашняга мураванага касцёла пачалося ў 2000 годзе, а 19 мая 2001 года адбылася ўрачыстасць пасвячэння падмурка, якую здзейсніў дапаможны біскуп Кірыл Клімовіч. Брат Анатоль падзякаваў усім, хто дапамагаў у будаўніцтве, і асабліва адзначыў Дзмітрыя Козыра і Таццяну Процька за іх нястомны клопат, а таксама Сафію Вусік, якая прыклала нямала намаганняў для самога паўстання парафіі.

Ён таксама з цяплом узгадаў усіх святароў, якія на працягу гэтых трох дзесяцігоддзяў ажыццяўлялі пастырскую апеку над парафіяй — братоў Віктара Барысевіча, Юрыя Катовіча, Андрэя Квяцінскага, Сяргея Мацюшонка, а таксама брата Алега Шэнду, дзякуючы намаганням якога парафія атрымала магчымасць слухаць прыгожае гучанне аргана.

Пасвячэнне касцёла: як святыня набывала вечнасць

Падчас юбілейнага набажэнства парафіяне сталі сведкамі асаблівага духоўнага моманту — пасвячэння касцёла. Спачатку Мітрапаліт акрапіў сцены святыні і вернікаў святой вадой, затым святым хрызмам былі намашчаны алтар і чатыры вуглы касцёла, а пасля святыня была авеяна дымам кадзіла. Гэты старажытны абрад, які сімвалізуе асвячэнне касцёла і яго прызначэнне для літургічных цэлебрацый, быў здзейснены з усёй павагай да каталіцкіх традыцый. Пасля алтар накрылі беласнежным абрусам, запалілі свечкі і ўключылі поўнае асвятленне касцёла — у знак святла Хрыста, якое асвячае кожнага чалавека.

Вернікі назіралі за цырымоніяй з узнёслым пачуццём, усведамляючы, што перад іх вачыма адбываецца гістарычная падзея, якая завяршае доўгі шлях ад часовай малітвы ў вагончыку да паўнавартаснага Дома Божага.

Потым парафіяне дзяліліся ў сацыяльных сетках: «Мы бачылі, як сцены і алтар былі намашчаныя святым хрызмам, як святыня напоўнілася дымам кадзіла і загарэліся святочныя свечкі — знак Хрыстовага святла для кожнага з нас».

Фінальным акордам стала падпісанне афіцыйнага Акта аб асвячэнні касцёла святога Валянціна. Свае подпісы пад дакументам паставілі мітрапаліт Юзаф Станеўскі і прысутныя духоўныя асобы, потым дэкрэт аб пасвячэнні на лацінскай мове быў зачытаны ўслых.

У свяце ўдзельнічаў таксама айцец Віктар Бохан CSsR, рэдэмптарыст, які напярэдадні разам з айцом Андрэем Іадкоўскім CSsR правёў для парафіян святыя Місіі. Яго прысутнасць стала сімвалічным завяршэннем духоўнай падрыхтоўкі вернікаў, якія на працягу некалькіх дзён рыхтавалі свае сэрцы да такой значнай падзеі.

У канцы Імшы цяперашні пробашч парафіі брат Андрэй Букштан OFMCap выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто дапамагаў у падрыхтоўцы да свята. Асабліва пробашч парафіі падзякаваў аўстрыйскую дыяцэзію Лінц, дзякуючы дапамозе якой у мінулым годзе касцёл быў адрамантаваны, а таксама мясцовых парафіян, якія, «не шкадуючы сіл, клапаціліся і надалей працягваюць клапаціцца пра прыгажосць гэтага месца». Таксама брат Андрэй падзякаваў вернікам за іх удзел, малітву і ахвярнасць у гэты важны дзень.

Калі касцёл не толькі будынак

На заканчэнне ўрачыстай Імшы брат Андрэй запрасіў усіх гасцей і парафіян на супольнае святкаванне на тэрыторыі касцёла. Для прысутных былі падрыхтаваны пачастункі, а таксама адбылося ўзнагароджванне тых парафіян, якія доўгія гады актыўна ўдзельнічалі ў жыцці супольнасці і з’яўляюцца сапраўднымі заснавальнікамі яе гісторыі.

Гасцей чакала насычаная забаўляльная праграма з музыкай, гульнямі, танцамі і віктарынай. Пытанні віктарыны былі прысвечаны гісторыі парафіі, і тыя, хто ўважліва слухаў гістарычны экскурс брата Анатоля, змаглі прадэманстраваць свае веды і атрымаць невялікія памятныя падарункі.

30-годдзе парафіі святога Валянціна стала падзеяй, якая яшчэ больш аб’яднала вернікаў Смалявіч і паказала, што Бог, вера і супольнасць здольныя ствараць сапраўдныя цуды. Нездарма брат Анатоль у сваёй прамове заўважыў:

«Касцёл — гэта не толькі будынак, але перш за ўсё жывыя людзі, якія ўтвараюць супольнасць вернікаў».

Сёння гэты дом веры, надзеі і любові нарэшце стаў паўнавартасным Домам Божым, адкрытым для кожнага. Няхай гэты юбілей стане пачаткам новага этапу ў духоўным развіцці парафіі і яе шматгадовым плёне на карысць Касцёла і Беларусі.