Skip to main content

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі дзякуе арганізатарам і ўдзельнікам Будслаўскага фэсту 2026

З 2 па 4 ліпеня
  • 7 ліпеня, 2026
  • Фота: Віктар Ведзень // Catholicminsk.by

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі выказвае падзяку тым, хто прычыніўся да арганізацыі і правядзення сёлетняга Будслаўскага фэсту, які праходзіў з 2 па 4 ліпеня, а таксама ўсім, хто прымаў у ім удзел.

«Богу — хвала, Марыі — давер, Касцёлу — вернасць»!

Любыя браты і сёстры! З праслаўленнем і падзякай Усемагутнаму Богу за незвычайны час, які мы правялі перад тронам нашай Каралевы і Нябеснай Заступніцы Маці Божай Будслаўскай, звяртаюся з падзякай да кожнага і кожнай з вас.

Пачынаючы ад 2 ліпеня, мы святкавалі Будслаўскі фэст — урачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай — Апякункі Мінска-Магілёўскай мітраполіі. З ласкі Божага Провіду мы дзякавалі за 35 гадоў аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама за 35-ю гадавіну аднаўлення пілігрымак да нашай Будслаўскай Заступніцы.

Падчас сёлетніх урачыстасцяў мы здзейснілі Акт прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста.

Выказваю падзяку вам, мае дарагія пілігрымы, якія з розных куткоў нашай Бацькаўшчыны і з-за мяжы сёлета прыбылі на Будслаўскі фэст.

Словы ўдзячнасці кірую Яго Эксцэленцыі арцыбіскупу Іньяцыё Чэффаліа, Апостальскаму нунцыю ў Беларусі, і прадстаўнікам нунцыятуры на чале з яе сакратаром Кшыштафам Сэрока, а таксама біскупам-юбілярам: арцыбіскупу эмэрыту Тадэвушу Кандрусевічуякі сёлета адзначыў 45-годдзе святарства, і біскупу эмэрыту Аляксандру Кашкевічу, які ў сваю чаргу адзначыў 50-годдзе святарства і 35-годдзе біскупскага пасвячэння.

Дзякую віцэ-старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскупу Віцебскаму Алегу Буткевічу, біскупу Пінскай дыяцэзіі Антонію Дзям’янку, біскупу Гродзенскаму Уладзіміру Гуляю, дапаможным біскупам Юрыю Касабуцкаму і Андрэю Зноску. Асаблівыя словы падзякі кірую біскупу Аляксандру Яшэўскаму SDB адказнаму за арганізацыю сёлетняга фэсту у Будславе. Дзякуй за супольную малітву Апостальскаму адміністратару для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыту Сяргею Гаеку.

Дзякую за дар супольнага прабывання прадстаўнікам традыцыйных на беларускіх землях канфесій: прадстаўніку Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха Усяе Беларусі, протаіерэю Вячаславу Вабішчэвічу; муфтыю Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Абу-Бекір Шабановічу; прадстаўніку галоўнага рабіна Аб’яднання прагрэсіўнага юдаізму Грыгорыю Абрамовічу.

Касцёл і Дзяржава — гэта сям’я сем’яў. Таму накіроўваю словы асаблівай падзякі прадстаўнікам дзяржаўнай улады: старшыні Беларускага фонда міру Місько Максіму Уладзіміравічу, старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксею Іванавічу Кушнарэнку, старшыні Мядзельскага райвыканкама Прановічу Аляксандру Васільевічу — за прыбыццё на фэст і за наведванне святыні і новапаўсталай музейнай выставы «Крокі веры». Словы падзякі кірую мясцовым уладам — старшыні Будслаўскага сельвыканкама Георгію Уладзіміравічу Шчаўліку, рэспубліканскім і мясцовым службам парадку, медыцынскай службе, службе ЖКГ, а таксама ўсім, хто, выконваючы свае штодзённым абавязкі перад грамадствам, паспрыяў бяспечнаму праслаўленню Бога.

Дзякую прадстаўнікам дыпламатычных пляцовак, акрэдытаваных пры Урадзе Рэспублікі Беларусь: прадстаўніку Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Расійскай Федэрацыі Грызлова Барыса Вячаслававіча, Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Венгрыі Зіце Ілоне Бенчык, Часоваму паверанаму ў справах Італьянскай Рэспублікі Тамаза П’етра Маркеджані, Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Швейцарыі Крысціне Хонэгер Залатухін, Часоваму паверанаму ў справах Федэратыўнай Рэспублікі Германія Катрын аус дэм Зiпэн.

Словы падзякі кірую ў адрас усіх пілігрымаў, якія прыбылі ў Будслаў з розных куткоў Беларусі, і ў адрас кусташа Нацыянальнага санктуарыя ксяндза каноніка Аляксея Раманчука і будслаўскай парафіяльнай супольнасці, якую ён узначальвае, з падзякай за гасціннасць. Дзякую ксяндзу Дзмітрыю Дубовіку, былому кусташу санктуарыя, за шматгадовую працу і падтрымку пры падрыхтоўцы сёлетніх урачыстасцяў.

Дзякую за скіраваныя пісьмовыя віншаванні: Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Веніяміну, Патрыяршаму Экзарху Усяе Беларусі; старшыні Магілёўскага аблвыканкама Ісачэнку Анатолію Міхайлавічу, Старшыні Гродзенскага аблвыканкама Караеву Юрыю Хаджымуратавічу.

Асаблівая падзяка святарам, законным сёстрам, семінарыстам і свецкім валанцёрам, якія арганізавалі пешыя і роварныя пілігрымкі ў Будслаў і разам з вернікамі, акропленыя летнім дажджом, адчулі на пілігрымковым шляху зной дня і холад ночы.

Дзякую святарам за паслугу ў сакрамэнце пакаяння. Дзякую нашым скаўтам і скаўткам за тое, што вы заўсёды «напагатове».

Дзякую Белтэлерадыёкампаніі за трансляцыю галоўнай Імшы і працэсіі на тэлеканале «Беларусь 3», а таксама на дзяржаўных парталах. Кірую падзяку кіраўнікам нашых каталіцкіх сайтаў: дырэктару партала Catholic.by ксяндзу ліцэнзіяту Паўлу Эйсманту і ўсім супрацоўнікам, а таксама супрацоўнікам парафіяльнага сайта Budslau.by, асабліва ксяндзу магістру Мікалаю Гракаву. Дзякую фатографу Віктару Ведзеню за якасныя фотаздымкі, якія назаўсёды захаваюць гэты гістарычную падзею — сёлетні Будслаўскі фэст.

Мае дарагія. Дзякую кожнаму, хто спрычыніўся да таго, каб сёлетні фэст адбыўся і каб ён прайшоў у спакойнай, духоўнай і ўзнёслай атмасферы: літургічнай службе алтара на чале з цырымоніймайстрам айцом Паўлам Федаровічам MIC за адказнасць падчас падрыхтоўкі літургіі і служэнні ва ўрачыстых цэлебрацыях, касцёльнай службе парадку, якой кіраваў ксёндз канонік Юрый Санько, парафіяльнаму хору мінскай архікатэдры разам з арганістам — дацэнтам Уладзімірам Васільевічам Неўдахам, а таксама іншым парафіяльным і пілігрымковым музычным калектывам, якія ўпрыгожвалі літургію спевам і музыкай, а таксама валанцёрам і іх памочнікам. Дзякуй вам за вашае служэнне.

Перажываючы Дзень Незалежнасці Беларусі, мы маліліся праз нашу Нябесную Заступніцу Маці Божую Будслаўскую — Каралеву Беларусі, — каб і надалей Яна захоўвала наш родны край у згодзе і спакоі.

Мае дарагія! Да сустрэчы ў Будславе! Маці Божая Будслаўская чакае кожнага з нас у кожны час.

З глыбокай падзякай ад шчырага сэрца кожнага з вас благаслаўляю ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога.

Жадаю, каб мы ўсе спазналі адкупленчую сілу Крыві Хрыста, бо ў ёй «моц Божай любові, гарантыя надзеі, паратунак, паяднанне, шлях да новага жыцця».

Няхай праз чулую апеку Маці Божай Будслаўскай у нашай Беларускай Кане Галілейскай Езус прыме нашыя малітвы, возьме наш лёс у свае святыя рукі і дасць нам падказку, як нам аднавіць у Ім сваё жыццё ва ўсіх яго вымярэннях.

Кроў Хрыста, якая ў Эўхарыстыі поіць і ачышчае душы, выбаў нас.
Маці Божая Будслаўская, маліся за нас.
Святы Міхале Арханёле, маліся за нас.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Мінск, 7 ліпеня 2026 года