Skip to main content

Іерархі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прынялі ўдзел у святкаванні 100-годдзя Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі

27 чэрвеня
  • 30 чэрвеня, 2026
  • Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Баляслаў Гавецкі / Catholicminsk.by
  • Grodnensis.by

27 чэрвеня ў гродзенскай катэдры святога Францішка Ксавэрыя адзначылі стагоддзе з часу заснавання Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі.

З гэтай нагоды на ўрачыстай святой Імшы прысутнічалі іерархі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які ўзначаліў літургію, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які 36 гадоў таму запрасіў сясцёр Шанштацкага Інстытуту служыць на Беларусі, а таксама Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Сястра доктар Марцэліна Мігач ISSM, якая належыць да Шанштацкага Інстытуту, служыць у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах. Перад урачыстай Эўхарыстыяй яна прадставіла прысутным прэзентацыю, у якой выклала гісторыю паўстання Шанштацкага Інстытуту і яго распаўсюджанне ва ўсім свеце, асабліва падкрэсліваючы служэнне шанштацкіх сясцёр у Беларусі.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі ўзгадаў заснавальніка Шанштацкага руху палатына Ёзафа Кентэніха. «Пасля Першай сусветнай вайны з яе праблемамі і маральным крызісам магчымасць выхаваць новага чалавека, адаптаванага да патрэб новага часу, адзначанага рознымі выпрабаваннямі, ён бачыў у даверы Маці Божай», — адзначыў арцыбіскуп. Такім чынам у 1914 годзе быў заснаваны гэты рух, задача, місія і пакліканне якога заключаюцца ў спалучэнні веры і яе сведчання ў штодзённым жыцці праз любоў да Маці Божай. Па словах арцыбіскупа, дзякуючы гэтаму рух спрыяў росту святасці духавенства і свецкіх католікаў; яго развіццё прывяло да заснавання ў 1926 годзе Шанштацкага Інстытуту Сясцёр Марыі.

«Гэта былі складаныя і поўныя выклікаў часы. Ва Усходняй Еўропе ваяўнічы атэізм разбураў хрысціянскую веру і традыцыі. На Захадзе падымаў галаву нацызм. У такой сітуацыі сёстры павінны былі прысвяціць сябе фармацыі новага чалавека на прыкладзе Панны Марыі як новай Евы.

Як праз згоду Марыі з Божай воляй у свет увайшоў новы чалавек і адначасова Бог Езус Хрыстус, так праз Шанштацкі Інстытут Сясцёр Марыі нараджаецца новы чалавек, выхаваны на прынцыпах Евангелля і адаптаваны да выклікаў часу»,

— сказаў арцыбіскуп.

Ён нагадаў, што ў Беларусь — у Гродна — сёстры гэтай супольнасці прыбылі ў 1990 годзе, «часы глыбокіх перамен і новых магчымасцяў для Касцёла”. Яны пачалі катэхізацыю дзяцей, моладзі і дарослых, арганізавалі душпастырскую апеку над сем’ямі, дапамагалі бедным, стаялі ля вытокаў заснавання дабрачыннага таварыства “Caritas”, дзякуючы іх старанням у капліцы гродзенскай семінарыі, заснаванай у той час, з’явіліся алтар і стацыі Крыжовага шляху. «Рухаючай сілай іх дзейнасці была харызматычная і прадбачлівая сястра Францішка Ожал, якую можна назваць жывым срэбрам», — сказаў іерарх. Ён дадаў, што ў 1991 годзе сёстры гэтай супольнасці пачалі служэнне ў Расіі: спачатку ў Маскве, потым у Санкт-Пецярбургу, Пушкіне і Калінінградзе.

«Папа Леў XIV у энцыкліцы Magnifica Humanitas піша, што Марыя не толькі вучыць нас успрымаць нябачныя Божыя справы, але і накіроўвае наш позірк на праблемы чалавецтва і вучыць глядзець на іх вачыма Божай міласэрнасці, — сказаў арцыбіскуп. — На іконе Шанштацкай Божай Маці Тройчы Цудоўнай напісана: “Нічога без Цябе. Нічога без нас”. Разам з Марыяй сёстры пакліканы быць выбраным начыннем у справе маральнага аднаўлення свету і яго збаўлення, асабліва ў наш час небывалага тэхнічнага прагрэсу, які вядзе да новай рэлігіі — прагрэсівізму. (…)

Інфармацыйныя тэхналогіі робяць чалавека падуладным сабе, і ён страчвае Божы вобраз, паводле якога створаны, што вядзе да цывілізацыйнай катастрофы. Гэта выклік для сясцёр – дапамагаць людзям не страціць дадзенай Богам годнасці. Мы, хрысціяне, пакліканы быць не бяздушнымі нумарамі».

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ад імя беларускага каталіцкага епіскапату падзякаваў сёстрам Шанштацкага Інстытуту за шматгадовае служэнне ў нашай краіне.