Skip to main content

У Фаніпалі ўпершыню ў гісторыі парафіі адбыўся сакрамэнт канфірмацыі

23 мая
  • 25 мая, 2026
  • Тэкст і фота: Марыя Кукліс // Catholicminsk.by

23 мая, у вігілію ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, у Фаніпалі (Стаўбцоўскі дэканат) група вернікаў прыняла сакрамэнт канфірмацыі. Яго ўдзяліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Гэты дзень гістарычны для фаніпальскага касцёла, бо сакрамэнт хрысціянскай сталасці тут удзяляецца ўпершыню з моманту заснавання парафіі. Прыняццю сакрамэнту папярэднічала доўгая і свядомая падрыхтоўка кандыдатаў, якая доўжылася некалькі месяцаў.

Перад пачаткам святочнай літургіі ксёндз пробашч Дзяніс Шастаковіч MSF прывітаў біскупа Юрыя ля крыжа. Затым да іерарха са словамі прывітання звярнуліся парафіяне. Святая Імша распачалася ўрачыстым уваходам кандыдытаў да канфірмацыі ў касцёл ў суправаджэнні біскупа і літургічнай службы.

Падчас гаміліі арцыпастыр нагадаў, што ў сакрамэнце канфірмацыі да нас прыходзіць Дух Святы са сваімі дарамі. Аднак гэтыя дары нельга проста ўзяць і пакласці на паліцу — імі трэба жыць.

Яны дадзеныя, каб вернік мог рабіць правільны выбар, трываць у цяжкасцях і сваім жыццём сведчыць пра Хрыста.

«Прымаючы сакрамэнт канфірмацыі, мы атрымоўваем заданне — быць сталымі хрысціянамі, светачамі, які асвятляюць шлях бліжнім, сведкамі Хрыста, праз якіх іншыя людзі сустракаюцца з Богам»,
 

Напрыканцы літургіі парафіяне падзякавалі арцыпастыру за ўдзяленне сакрамэнту і супольную малітву, а таксама ксяндзу пробашчу і прысутнаму на святой Імшы ксяндзу Аляксандру Фаміных. Біскуп Юрый у сваю чаргу заахвоціў вернікаў быць радаснымі і нагадаў, што сапраўдная хрысціянская вера павінна прыносіць у сэрца супакой і радасць, нават сярод жыццёвых цяжкасцяў.

Пасля святой Імшы святкаванне прадоўжылася ў цёплай атмасферы ў дольным касцёле.