Skip to main content

Калі дзіцячая шчырасць змяняе свет: вынікі акцыі «Скарбонка дабрыні»

  • 23 мая, 2026
  • Тэкст і фота: Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі // Catholicminsk.by

Месяц таму завяршылася дыяцэзіяльная акцыя «Скарбонка дабрыні», арганізаваная Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Галоўнай мэтай ініцыятывы была спроба закласці пачатак выхавання ў дзяцей і падлеткаў культуры дабрачыннасці, даць ім практычную магчымасць рэалізаваць сваю велікапосную пастанову праз канкрэтную дапамогу бліжнім.

Акцыя стала для дзяцей жывым урокам, які паказаў, што нават маленькая асабістая ахвяра можа стаць вялікай падтрымкай для іншых.

Ініцыятыва знайшла неверагодна цёплы водгук. Да акцыі далучыліся каля 600 дзяцей з 15 парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі:

  • парафія святога Апостала Андрэя (аг. Нарач),
  • парафія святога Антонія (г. Магілёў),
  • парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (аг. Будслаў),
  • парафія святога Валянціна (г. Смалявічы),
  • парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (г. Мінск),
  • парафія святога Казіміра (г. Маладзечна),
  • парафія Спаслання Духа Святога (г. Барысаў),
  • парафія Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі (г. Фаніпаль),
  • парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (аг. Дзераўная),
  • парафія святога Міхала Арханёла (г. п. Гатава),
  • парафія Божага Цела (г. Нясвіж),
  • парафія Багародзіцы Апякункі сем’яў (аг. Ждановічы),
  • парафія Божага Цела (г. Мінск),
  • парафія святога Францішка Асізскага (в. Копішча, Мінскі р-н),
  • парафія святога Казіміра (г. Лагойск).

Велізарная заслуга святароў і катэхетаў, якія не проста распавялі пра акцыю, але і запалілі дзіцячыя сэрцы жаданнем дапамагаць. Звычайныя скрыначкі ў руках дзяцей ператвараліся ў сімвалы надзеі, якія яны з энтузіязмам упрыгожвалі і напаўнялі.

Усе сабраныя сродкі былі накіраваны на падтрымку падапечных Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — Дзіцячага цэнтра святога Лукі ў Ляскоўцы пад Мінскам, дзе праходзяць рэабілітацыю дзеці з анкалагічнымі захворваннямі.

Кожная дзіцячая ахвяра, нават самая маленькая, ператварылася ў рэальны клопат. На сабраныя сродкі ўжо набыты рэчы, якія створаць утульнасць і камфорт у цэнтры святога Лукі: сродкі асабістай гігіены, пасцельная бялізна, наматраснікі, ручнікі, пледы, посуд, чайнікі, пральная машына, мыйныя сродкі, прадуктовыя наборы для сем’яў Дзіцячага цэнтра, дыванкі пры ўваходзе. Акрамя таго была адрамантавана мэбля. Усё пералічанае — не проста рэчы. Гэта тое, без чаго немагчымы чысціня, парадак і хатняе цяпло.

Гэты досвед — нешта значна большае, чым проста ўдзел у акцыі. Гэта першы крок да таго, каб у будучыні стаць валанцёрам Caritas і дзяліцца не толькі матэрыяльнай дапамогай, але і сваім часам, талентамі і клопатам.

Сапраўдным вынікам акцыі стала тое, як дзеці праявілі сябе. Не проста так, а свядома: хтосьці прынёс сваю скарбонку, хтосьці ўпрыгожваў скрынкі малюнкамі, хтосьці разам з бацькамі шукаў адказ на пытанне «навошта». А некаторыя напісалі лісты — без прыўкрас, але са шчырасцю, на якую здольныя толькі дзеці. Гэтыя лісты перадалі кожнаму асабіста: такая ўвага часам даражэйшая за любыя рэчы.

Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі выказвае шчырую і сардэчную падзяку святарам, катэхетам, бацькам і, безумоўна, галоўным героям — дзецям! Такая адкрытасць і ахвярнасць сталі сапраўдным сведчаннем жывой веры.