У адпустовую ўрачыстасць святога Станіслава арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію ў Лядску
- 9 мая, 2026
- Фота: Аляксандр Давідовіч // Catholicminsk.by
8 мая ў парафіяльнае свята святога Станіслава ў Лядску (Шчучынскі дэканат, Гродзенская дыяцэзія), у першую гадавіну абрання Папы Льва XIV і ў дзень адведзінаў копіі цудоўнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай, перэгрынацыя якой па парафіях Гродзенскай дыяцэзіі адбываецца як падзяка Богу за 35 гадоў яе існавання, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў адпустовае набажэнства.
Пробашч парафіі ксёндз Павел Гедройць напачатку Эўхарыстыі прывітаў прысутных святароў з дэканату, выхаванцаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне разам з ксяндзом прэфектам Андрэем Скамарошкам, парафіян і гасцей парафіі, у тым ліку праваслаўных хрысціян са Шчучына, шанавальнікаў абраза Маці Божай Вастрабрамскай.
У гаміліі іерарх падкрэсліў, што святы Станіслаў пакінуў нам узор моцнай веры і захавання маральнага закону. Правілам яго жыцця былі словы Хрыста: «Так-так і не-не» (пар. Мц 5, 37). Ён не вагаўся, а цвёрда падтрымліваў маральны парадак.
Разважаючы пра заданне біскупа, прамоўца спаслаўся на Дзеі Апосталаў, дзе святы Павел падкрэслівае, што біскуп прызначаны Духам Святым кіраваць Касцёлам і ахоўваць давераных яму авечак ад уплыву нездаровага вучэння.
Звярнуўшыся да прыкладу святога Станіслава, арцыпастыр нагадаў, што ў сваёй паслузе кракаўскі біскуп сустрэўся з выклікам амаральных паводзін караля Баляслава ІІ Смелага, якога вымушаны быў адлучыць ад Касцёла. Раз’юшаны такім прыніжэннем, кароль забіў яго мячом падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі.

«Як пастыр і абаронца маральнага парадку, ён стаў «голасам сумлення» свайго часу. Святы Ян Павел II назваў яго “заступнікам хрысціянскага маральнага парадку”», — рэзюмаваў іерарх.
Ацэньваючы сучасныя рэаліі, арцыбіскуп з сумам канстатаваў, што сённяшні чалавек бачыць шчасце ў матэрыяльных каштоўнасцях, задавальненнях, якія нярэдка супярэчаць Божаму праву. Такая непаслухмянасць у адносінах да Бога з’яўляецца прычынай маральнага крызісу, а ён у сваю чаргу выклікае іншыя крызісы: палітычны, эканамічны, дэмаграфічны, сямейны, грамадскі і г.д.
— навучаў арцыпастыр.
Прамоўца адзначыў, што сучаснаму свету патрэбны сведкі веры, якія сваім жыццём будуць перадаваць нязменныя евангельскія каштоўнасці іншым з мэтай пабудовы маральна здаровага грамадства, і менавіта таму Папа Леў XIV заклікае перайсці ад пасіўнай рэлігійнасці да актыўнай. Замест скардзіцца на заняпад веры, хрысціяне пакліканы закасаць рукавы і сваім жыццём змяняць свет.

— падкрэсліў іерарх.
Такі прыклад актыўнага сведчання, даверу, надзеі, натхнення і евангельскай актыўнасці, на думку арцыпастыра, нам пакінуў святы Станіслаў.
Гамілію галоўны цэлебрант завяршыў малітвай:
«Святы Станіславе, наш нябесны апякуне, абудзі ў нас пачуццё евангельскай адказнасці за маральны лад грамадства, за Касцёл, за нашу Бацькаўшчыну і за нас саміх. Выпрасі для нас у Бога ласку жыць згодна з духам Евангелля, якое з’яўляецца нашым компасам у цемры грахоўнага свету, а ты, Марыя, якая “свеціш у Вострай Браме”, як казаў Адам Міцкевіч, прыкладам сваёй згоды з Божай воляй і паслухмянасці Яму, асвятляй шлях нашага жыцця, каб мы не заблудзілся і дасягнулі радасці вечнага жыцця ў небе».
Напрыканцы ўрачыстасці прадстаўнікі парафіі ў Лядску падзякавалі дастойнаму іерарху за прысутнасць і супольную малітву. Многія з іх у словах падзякі і пажаданняў выказаліся паэтычным талентам. У завяршэнне сустрэчы арцыпастыр удзяліў усім прысутным пастырскае благаслаўленне.











