«Хрыстус паказвае нам шлях, якім мы павінны ісці». Біскуп Юрый Касабуцкі ўзначаліў урачыстую Пасхальную Вігілію ў Слуцку
- 7 красавіка, 2026
- Тэкст: с. Анастасія Маргун CSSH / Фота: Дар’я Стажок // Catholicminsk.by
4 красавіка, у Вялікую cуботу, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі ўзначаліў урачыстую Пасхальную вігілію ў парафіі святога Антонія ў Слуцку.
У гаміліі біскуп Юрый падкрэсліў, што вігілійная Пасхальная літургія з’яўляецца вяршыняй літургіі Касцёла.
«Калі мы ў сённяшнюю ноч разважаем пра Пасху, то гаворым пра пераход з цемры да святла, — растлумачыў біскуп. — Таму літургія распачынаецца асвячэннем агню. Гэты агонь сімвалізуе святло Хрыста, які асвячае цемру сэрца кожнага чалавека. Мы запальваем свечкі ад пасхала, каб гэтае святло заўсёды пралівалася ў нашыя сэрцы, каб мы заўсёды памяталі, што Хрыстус побач з намі, Ён любіць нас, для нас Ён памёр на крыжы і Уваскрос».

Іерарх адзначыў:
Напрыканцы біскуп Юрый сказаў: «Сёння мы таксама трываем пры грабніцы Пана. Хрыстус асвяціў Сваім святлом нашае жыццё. Ён паказвае нам дарогу да Неба, даючы нам усе патрэбныя для гэтага ласкі. Нам толькі неабходна быць вернымі Яму. А таксама працаваць над сабою, каб мы станавіліся лепшымі. Езус дапамагае нам, бо Ён уваскрос, і мы гэта ведаем. І таму мы ўжо сёння можам усім абвяшчаць Добрую Навіну. Хрыстус Уваскрос!».
5 красавіка ў Вялікодную раніцу біскуп Касабуцкі таксама ўзначаліў ўрачыстую святую Імшу, падчас якой у гаміліі асабліва адзначыў, што ў Велікодным часе мы ўзгадваем вялікую таямніцу, вялікую праўду, што Хрыстус уваскрос.

Іерарх нагадаў, што галоўнай тэмай прапаведавання першых хрысціянаў была тэма ўваскрасення з памерлых Езуса Хрыста. Біскуп падкрэсліў: «Калі мы разважаем пра Уваскрасенне Езуса Хрыста, мы разважаем пра ўсё жыццё Бога з намі, бо Бог прымае чалавечую натуру, каб прайсці ўвесь жыццёвы шлях чалавека, кожнага з нас. Ён так, як і мы, перажывае і праходзіць праз радасныя і сумныя моманты і хвіліны, праходзіць праз цярпенне і здраду, праз боль крыжа. Праз усё гэта Бог становіцца адным з нас.
Біскуп Юрый падкрэсліў: «Уваскрашэнне Езуса дае нам нагоду да моцнай хрысціянскай надзеі, што мы таксама ўваскрэснем да вечнага жыцця, бо Крыжовы шлях не скончыўся смерцю на крыжы. Смерць — гэта пераход у іншае жыццё».
У завяршэнне біскуп Юрый сказаў: «Хрыстус Уваскрос! Першыя хрысціяне ішлі і абвяшчалі гэтую праўду ўсім. Мы таксама маем заданне быць сведкамі Уваскрослага Хрыста ў сучасным свеце. Сучасны чалавек патрабуе сведчання хрысціянаў. І нашае сведчанне — гэта перш за ўсё слова, якое мы кажам іншым людзям, — нашым блізкім, родным, супрацоўнікам, суседзям. Гэта нашыя каштоўнасці, аб якіх мы сведчым сваім жыццём».
«Сённяшняе свята нагадвае нам аб тым, што смерць не мае больш улады над чалавекам, смерць — гэта толькі пераход у новае радаснае жыццё. Бо так уваскрос Хрыстус, а разам з Ім уваскрэснем і мы», — падсумаваў пастыр.








