У Магілёве адбылася ўрачыстая Велікодная Імша і спектакль пра святую Кацярыну Сіенскую
- 5 красавіка, 2026
- Тэкст: Ігар Тарасаў // Фота: Максім Сухавараў //Catholicminsk.by
5 красавіка, у Велікодную нядзелю, у парафіі святога Антонія Падуанскага ў Магілёве адбылася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска‑Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі айцы клярэтыны — айцец Ежы Вяжхоўскі CMF і айцец Віталій Чабатар CMF, якія нясуць служэнне ў парафіі і завяршаюць будаўніцтва новага касцёла.
Святыня ў гэты дзень была напоўнена святлом, малітвай і радасцю ўваскрослага Хрыста. Велікоднае «Аллелюя» гучала асабліва моцна ў выкананні парафіяльнага хора, адгукаючыся ў сэрцах вернікаў, якія сабраліся, каб разам перажыць найвялікшую ўрачыстасць літургічнага года.
У сваёй гаміліі біскуп Яшэўскі нагадаў, што Вялікдзень — гэта не толькі ўспамін гістарычнай падзеі, але жывая рэальнасць, якая працягвае змяняць свет і чалавечыя сэрцы.
— падкрэсліў іерарх.
Ён нагадаў, што «кожны чалавек у сваім жыцці перажывае «маленькія ўваскрасенні»: вяртанне да сям’і, вызваленне ад залежнасці, вяртанне да Бога пасля доўгіх гадоў далёкасці. Усё гэта — плён дзеяння ўваскрослага Хрыста».

Асаблівую ўвагу біскуп звярнуў на тое, што Вялікдзень — гэта свята надзеі, якая не падманвае: «Як ноч саступае месцам світанку, так і чалавечыя пакуты не вечныя. Пасля кожнай Вялікай пятніцы прыходзіць прамяністая велікодная раніца».
Пасля Імшы дзеці і моладзь парафіі пад кіраўніцтвам Софіі Шумскай прадставілі традыцыйны велікодны спектакль. Сёлета ён быў прысвечаны святой Кацярыне Сіенскай — адной з найвялікшых жанчын у гісторыі Касцёла, апякунцы Еўропы і прыкладу непахіснай адвагі.
Пастаноўка раскрыла не толькі духоўную глыбіню святой, але і яе чалавечую драму: маладая дзяўчына, якая адчула пакліканне да поўнай адданасці Хрысту, мусіла супрацьстаяць волі бацькоў, якія бачылі яе жыццё зусім інакшым.

У спектаклі асабліва моцна прагучала думка, што сапраўдная святасць заўсёды патрабуе мужнасці: мужнасці ісці супраць грамадскіх чаканняў, мужнасці выбіраць Божую волю, а не чалавечыя планы, мужнасці аддаць сябе Хрысту цалкам, нават калі гэта выклікае непаразуменне і супраціў.
Юныя акцёры пераканальна паказалі, як Кацярыну спрабавалі прымусіць да шлюбу, як яна змагалася за сваё пакліканне і як, нягледзячы на цяжкасці, выбрала адзінага жаніха — Езуса Хрыста.
Гэтая гісторыя стала жывой ілюстрацыяй таго, пра што казаў біскуп у сваёй гаміліі: «Уваскрослы Хрыстус дае чалавеку сілу пачаць новае жыццё і ісці шляхам святасці, нават калі ён патрабуе ахвяры».
У завяршэнне ўрачыстасці біскуп Аляксандр пажадаў усім прысутным, каб велікодная радасць суправаджала іх у штодзённасці:
Вернікі разышліся з касцёла з адноўленай надзеяй і пачуццём глыбокай велікоднай радасці, якая, паводле слоў іерарха, павінна гучаць у сэрцы не толькі ў гэты дзень, але і ва ўсё жыццё.
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!













