У Бараўлянскай парафіі адбыўся тэатралізаваны Крыжовы шлях
- 1 красавіка, 2026
- Тэкст: Уладзіслаў Зарэцкі ASSCC / Фото: Anna Komyakova // Паводле
- sdb.by
У пятніцу, 27 сакавіка, на перадапошнім тыдні Вялікага посту ў Бараўлянскай парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў адбыўся тэатралізаваны Крыжовы шлях пад назвай «Сучаснасць — новыя грахі». Пастаноўку падрыхтавала сястра Марцэліна Мігач ISSM.
Падчас інсцэніроўкі пакутаў Езуса ўдзельнікі не толькі разважалі над Яго цярпеннямі, але і мелі магчымасць убачыць небяспекі і выклікі, якія сучасны свет ставіць перад чалавекам. Сённяшняя рэчаіснасць прапануе шмат новых спосабаў страціць еднасць з Богам і сысці з дарогі сапраўднага хрысціянскага жыцця — менавіта на гэта звяртала ўвагу пастаноўка.
Тэатралізаваныя Крыжовыя шляхі ўжо сталі добрай традыцыяй у бараўлянскай парафіі. Сёлета гэтае набажэнства сабрала не толькі мясцовых вернікаў, але і гасцей з іншых парафіяльных супольнасцей.
Напрыканцы ксёндз доктар Віктар Гайдукевіч SDB падкрэсліў вялікую духоўную вартасць удзелу ў такіх набажэнствах, асабліва ў перыяд Вялікага посту, і выказаў шчырую падзяку ўсім, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы інсцэніроўкі.

















