Skip to main content

Група вернікаў са Стоўбцаў прайшла Пілігрымкавым Крыжовым шляхам

28 сакавіка
  • 31 сакавіка, 2026
  • Тэкст і фота: Ганна Юнцэвіч // Catholicminsk.by

Вялікі пост, які сёлета распачаўся 18 лютага, непарыўна звязаны не толькі з практыкамі ўстрымання, малітвы і міласціны, але таксама з набажэнствамі на ўшанаванне Мукі Пана, найбольш папулярным з якіх з’яўляецца Крыжовы шлях.

Менавіта ў гэты перыяд, напярэдадні Вялікага тыдня, 28 сакавіка група вернікаў парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах (Стаўбцоўскі дэканат) разам з ксяндзом канонікам Кірылам Бардонавым вырушыла ў трэці Пілігрымкавы Крыжовы шлях пад дэвізам «Выратаванне сваёй сям’і».

23 чалавекі з ліку парафіян прайшлі 28 кіламетраў па маршруце Акінчыцы — Мікалаеўшчына — Кнотаўшчына — Новы Свержань — Стоўбцы.

Пілігрымкавы Крыжовы шлях — гэта справа не для кожнага. Гэта выклік для людзей, якія жадаюць змяніць сваё жыццё, шукаюць натхнення, імкнуцца да лепшага жыцця. Незалежна ад таго, ці яны пабожныя, ці вядуць упарадкаванае жыццё ці не, яны могуць прыняць выклік, дзякуючы якому іх жыццё можа перамяніцца.

Кожны крок у дарозе — гэта крок да Бога, да святла і надзеі. Вернікі неслі крыж, які сімвалізуе ахвяру і любоў Хрыста. У кантэксце тэмы Крыжовага шляху Крыж Хрыста быў сімвалам таго, што кожная сям’я павінна пераадольваць цяжкасці разам, падтрымліваючы адзін аднаго ў веры і любові.

Крыжовы шлях на тэму «Выратаванне сваёй сям’і» — гэта магчымасць не толькі звярнуцца да Бога з просьбамі аб дапамозе, але і ўмацаваць сямейныя сувязі.

Гэта час для ўсведамлення важнасці сям’і ў жыцці кожнага чалавека. Кожны крок на гэтым шляху быў напоўнены любоўю, надзеяй і верай у лепшую будучыню для ўсіх сем’яў.

Стомленыя, але шчаслівыя парафiяне прыйшлі ў касцёл на вечаровую святую Імшу, каб падзякаваць Богу за тое, што Ён дакрануўся і аднавіў сэрцы, напаўняючы іх сваёй любоўю і міласэрнасцю, як задумаў ад пачатку свету.