Супольнасць «Самаранін» наведала з выступам парафію ў Жодзіне
15 сакавіка
- 18 сакавіка, 2026
- Паводле Samaranin.by
15 сакавіка удзельнікі супольнасці «Самаранін» — інваліды, якія наведваюць Місію Добрага Самараніна, якая дзейнічае ў будынку Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра ў Мінску — наведалі дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Фацімскай у Жодзіне.
Парафіяне, з якімі сустрэліся людзі з абмежаванымі магчымасцямі развіцця, перажывалі апошні дзень вялікапосных рэкалекцый. Галоўнай тэмай духоўных практыкаванняў была міласэрнасць.
Напрыканцы святой Імшы, якой скончыўся час парафіяльных рэкалекцый, усе прысутныя былі запрошаныя паглядзець спектакль «Маленькі Прынц», які падрыхтавала група «Самаранін».
Твор вядомага французскага пісьменніка Антуана дэ Сент-Экзюперы, па матывам якога быў створаны спектакль, змяшчае глыбокія думкі, якія набываюць новае значэнне дзякуючы акторскаму майстарству незвычыйных актораў.
Арганізатары выезду спадзяюцца, што прагляд прадстаўлення і знаёмства з супольнасцю «Самаранін» былі добрым працягам рэкалекцый для вернікаў жодзінскай парафіі.




