Папскі ўніверсітэт і навукоўцы з ЗША ствараюць этычны код для штучнага інтэлекту
- 12 сакавіка, 2026
- Тэкст: кс. Аляксандр Амяльчэня // Паводле
- Vatican News BY
У Папскім універсітэце «Antonianum» адкрыўся міжнародны форум, прысвечаны стварэнню этычных норм і гуманітарных стандартаў у сферы развіцця штучнага інтэлекту.
10 сакавіка 2026 года ў Рыме распачалася канферэнцыя «Рабіць, каб вучыцца», арганізаваная супольна з Універсітэтам штата Місісіпі ў ЗША. Гэтая сустрэча развівае дзейнасць Міжнароднага даследчага цэнтра інтэгральнага інтэлекту, этыкі і грамадскіх каштоўнасцей. Навуковая платформа заклікана аб’яднаць высілкі акадэмічнай супольнасці, індустрыі і палітыкаў для распрацоўкі этычнага і юрыдычнага кіравання лічбавымі сістэмамі.
Як паведамляе прэс-служба ўніверсітэта, прафесар Джузэпэ Торэ падчас дыскусіі ўвёў паняцце «інтэгральнага інтэлекту». Паводле яго слоў, тэхналогіі не павінны замяняць чалавечае меркаванне і сумленне.
Рэктар «Antonianum», брат Агусцін Эрнандэс Відалес, заклікаў да адкрытасці і ўсведамлення рызыкі «схаванага» лічбавага свету. Яго падтрымаў прафесар Дэвід Шоу з Універсітэта Місісіпі. Ён пацвердзіў гатоўнасць амерыканскіх навукоўцаў працаваць над палітыкай, якая скіруе моц штучнага інтэлекту на карысць грамадскага прагрэсу, а не толькі сухой вылічальнай эфектыўнасці.