Ва ўспамін святога Казіміра ў Лагойску адзначылі ўрачыстасць тытулу касцёла і парафіі
- 5 сакавіка, 2026
- Тэкст і фота: кс. Павел Эйсмант // Catholicminsk.by
У сераду, 4 сакавіка, калі Касцёл успамінае святога Казіміра, каралевіча, у аднайменнай парафіі ў Лагойску (Вілейскі дэканат) адбылася ўрачыстасць тытула касцёла і парафіі.
Святую Імшу ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Эўхарыстыю канцэлебравалі святары, якія нясуць служэнне ў архідыяцэзіі.
Падчас Імшы дзесяць кандыдатаў з ліку мясцовых парафіянаў прынялі сакрамэнт канфірмацыі.
У прамоўленай гаміліі біскуп акцэнтаваў увагу на веры святых:
Іерарх нагадаў, што святы Казімір пражыў усяго 26 гадоў. Ён нарадзіўся ў каралеўскай сям’і і меў моцнае рэлігійнае выхаванне, таму яго вера падмацоўвалася ўчынкамі. Нягледзячы на свае маладыя гады, ён моцна палюбіў малітву. А галоўнае, святы Казімір быў неабыякавым да іншых. Ён заўсёды дзяліўся ежай з каралеўскага стала з беднымі. Яго нават звалі «сябрам бяздомных».
Паколькі парафіяльная ўрачыстасць сёлета прыпала на час Вялікага посту, біскуп Юрый звярнуўся да прысутных вернікаў з разважаннем аб тым, як мы павінны яго пражыць:
«Пост нам даецца, каб мы зрабілі крокі ў напрамку да Бога, каб мы ўзмацнілі нашу веру, каб сталі лепшымі, каб папрацавалі над сабой і сваімі слабасцямі. І тады Дух Святы нам дапаможа, а Хрыстус дасць нам сваю сілу. Ён ніколі не пакіне без сваёй падтрымкі і будзе побач, таму што самі па сабе мы слабыя людзі — нам хочацца горы перавярнуць, але яны не пераварочваюцца. І тады ў нас апускаюцца рукі. Але разам з Божай дапамогай мы можам вырашыць любую сітуацыю».

Завяршаючы гамілію, біскуп пажадаў:
Пасля Імшы прысутныя памаліліся Літаніяй да святога Казіміра, а затым прайшлі працэсіяй вакол касцёла з Эўхарыстычным Хрыстом.
Напрыканцы ўрачыстай цырымоніі канфірмаваныя вернікі падзякавалі іерарху за ўдзелены сакрамэнт. Урачыстасць завяршылася супольным фотаздымкам.













