У Мінску адбылася пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў
- 18 снежня, 2025
- Фота: удзельнікі сустрэчы // Catholicminsk.by
17 снежня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла пастырская сустрэча святароў і манаскіх асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, спалучаная з ламаннем аплаткай.
Сустрэча распачалася супольнай малітвай з Літургіі гадзінаў. Затым ксёндз канонік Аляксандр Барыла, духоўны айцец архідыяцэзіі, прамовіў духоўную канферэнцыю.
Паводле прамоўцы, сёння актуальнай для людзей застаецца спакуса самадастатковасці. Прыкладам можа служыць наша жаданне быць заўсёды з мабільным тэлефонам, каб мець пад рукой усе магчымасці ад тэлефанавання да аплаты паслуг і не залежаць ні ад каго.
Ксёндз канонік закрануў тэму суадносін самадастатковасці і прыслухоўвання да аўтарытэтаў. Чалавек стараецца не звяртацца па дапамогу, каб не быць у даўгу перад іншымі.

Калі дзеці малыя, працягваў святар, яны слухаюць бацькоў. Падлеткі слухаюць бацькоў толькі ў тым выпадку, калі яны маюць у іх аўтарытэт. Дарослы будзе паслухмяны толькі аўтарытэту. Святар па прычыне асаблівай пазіцыі ў грамадстве мае гэты аўтарытэт.
Як адзначыў прамоўца, важна яго не страціць у вачах вернікаў, а для гэтага святару трэба імкнуцца быць добрым прыкладам.
— адзначыў духоўны айцец і канстатаваў, што для вернікаў балючай ранай з’яўляецца разыходжанне слоў святара з учынкамі.
Святар мае дар, дзякуючы якому можа паказваць іншым шлях да Бога.
— падкрэсліў ксёндз Барыла. Як прыклад ён прывёў дзве розныя біблійныя сітуацыі: сустрэчу Езуса з сірафініцыянкай, язычніцай, дачка якой атрымала аздараўленне па прычыне моцнай веры маці (Мк 7, 24-30), і родны горад Збавіцеля Назарэт, дзе Езус не змог зрабіць ніводнага цуду па прычыне недахопу веры (Лк 4, 21-30).
Духоўны айцец акцэнтаваў таксама вялікую ролю малітвы ва ўмацаванні веры:
Гэтак жа, як справядлівы Ёў, зведаўшы няшчасці, праславіў Бога, прызнаючы Яго Панам жыцця і смерці (пар. Ёў 1, 21), так і мы павінны ўзносіць малітву праслаўлення за ўсё. Выпрабаванні ж, як сведчыць Святое Пісанне, толькі спрыяюць узрастанню ў веры.
Прамоўца нагадаў, як Бог выпрабаваў Абрагама: выйсце з Ура Халдэйскага ў Канаан, ахвяра адзінага сына Ісаака — і вера патрыярха сталася яшчэ мацнейшай. Вера Пятра не адразу была сталай — трэба было спачатку стаць сведкам арышту і смерці Езуса.
Пасля духоўнай канферэнцыі пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў малітву аб новых пакліканнях у архідыяцэзіі.
Апоўдні Мітрапаліт цэлебраваў святую Імшу. Канцэлебравалі Эўхарыстыю арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і Старшыня Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Аляксандр Яшэўскі і святары як з «мінскай», так і «магілёўскай» частак архідыяцэзіі.
Напачатку галоўны цэлебрант, вітаючы прысутных, заўважыў, што ў перыядзе Адвэнту, калі святары заахвочваюць вернікаў знайсці час для Бога і збаўлення ўласнай душы, пастырская сустрэча з’яўляецца добрай нагодай для іх саміх сярод вялікай колькасці абавязкаў зрабіць духоўную паўзу.

Гамілію прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У гаміліі дастойны іерарх падкрэсліў, што святары і кансэкраваныя асобы павінны ўяўляць сабой духоўную сям’ю Мінска-Магілёўскага Касцёла.
Звяртаючыся да евангельскага чытання серады трэцяга тыдня Адвэнту, арцыбіскуп адзначыў сувязь паміж прадстаўленай праз гісторыю чалавечых сем’яў з іх светлымі і цёмнымі старонкамі генеалогіяй Езуса і парафіяльнымі, манаскімі і святарскімі супольнасцямі.
— нагадаў прамоўца.
Іерарх шчыра і пранікнёна распавёў пра складанасці, з якімі сустракаюцца святары і манаскія асобы, жывучы адасобленым жыццём у парафіях, дзе няма вікарыя ці сабрата ў манастве.

Арцыпастыр падкрэсліў, што вострай неабходнасцю Касцёла ў Беларусі з’яўляецца стварэнне прасторы братэрства, і прапанаваў як выйсце пастырскія і нефармальныя сустрэчы з мэтай сумеснай малітвы і абмеркавання праблем.
— аргументаваў арцыбіскуп.
Тадэвуш Кандрусевіч прадставіў вучэнне Касцёла і Папаў апошніх часоў аб неабходнасці духоўнай супольнасці святароў і кансэкраваных асобаў, якая патрэбна для духоўнага дасканалення і з’яўляецца ключавым элементам у барацьбе з крызісамі. Яна таксама ўяўляе сабой сутнасны складнік паклікання і школу святасці.
Дастойны іерарх заўважыў, што пакрысе набліжаецца да завяршэння Адвэнт і Юбілейны год надзеі. Паводле арцыпастыра, радасць адвэнтавага чакання і хрысціянская надзея цесна звязаныя і не з’яўляюцца чымсьці прамінальным, бо гэта не праявы эмоцый, а стан душы.
Таму арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч напрыканцы пажадаў усім прысутным надзеі і радасці ў святарскай і манаскай жыццёвай пілігрымцы ў супольнасці духоўнай сям’і Мінска-Магілёўскага Касцёла на хвалу Божую і для збаўлення даверанага Божага народа.
Сустрэча завяршылася аб’явамі і супольным ламаннем аплаткай.





