Skip to main content

Арцыбіскуп Кандрусевіч наведаў парафію ў Нароўлі, дзе ўдзяліў вернікам сакрамэнт канфірмацыі

18 кастрычніка
  • 20 кастрычніка, 2025
  • Фота: кс. Павел Эйсмант, narovlya.by // Catholicminsk.by

18 кастрычніка арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі (Мазырскі дэканат, Пінская дыяцэзія) з нагоды святкавання 35-годдзя яе адраджэння. У далёкім 1991 годзе іерарх асвяціў пляцоўку і вуглавы камень пад будоўлю новай святыні.

Ва ўступным слове пробашч парафіі ксёндз Януш Чарнамораў прывітаў гасцей і ўзгадаў шэраг цудоўных прычын для сумеснай сустрэчы ў нараўлянскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Сярод іх 35-годдзе адраджэння каталіцкай парафіі ў Нароўлі, абрад удзялення сакрамэнту канфірмацыі і сумесная малітва з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

Святар падкрэсліў, што вернікі Нараўляншчыны вельмі ўдзячныя арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу. Ён, будучы першым і адзіным ў тыя часы каталіцкім біскупам Беларусі, адклікнуўся на просьбу вернікаў і знайшоў святара — ксяндза Юзафа Дзеконскага, які стаў рэгулярна прыязджаць у Грушаўку і Нароўлю, а затым прызначыў першага сталага пробашча — ксяндза Станіслава Салату, які пасяліўся ў Грушаўцы і займаўся будаўніцтвам касцёлаў у Грушаўцы і Нароўлі.

Прысутнасць арцыбіскупа ў такі асаблівы дзень для нараўлянскіх вернікаў стала нагодай для радасных успамінаў, сумеснай малітвы і знакам Божай апекі над сваім Касцёлам.

Ад імя старшыні Нараўлянскага райвыканкама з прывітальным словам да ўдзельнікаў урачыстасці звярнулася першы намеснік старшыні Нараўлянскага райвыканкама Марына Альховік.

Арцыпастыр ахвяраваў Эўхарыстыю за ўсіх парафіянаў і гасцей парафіі. Падчас урачыстай літургіі святой Імшы вернікі дзякавалі Богу за жыццё і веру, за Касцёл, які адкрыты для ўсіх, за парафіяльную супольнасць, а таксама маліліся аб Божым благаслаўленні на далейшыя гады парафіяльнай дзейнасці.

У гаміліі іерарх звярнуў увагу на тое, што ў гэты дзень Касцёл успамінае святога Луку ― евангеліста, лекара і вучня апостала Паўла, які з’яўляецца аўтарам трэцяга Еванегелля і Дзеяў апосталаў.

Прамоўца заахвоціў вернікаў засяродзіцца на ролі Хрыста як Боскага лекара, які сваёй гаючай міласэрнасцю выбавіў чалавецтва з палону граху. Біблісты сцвярджаюць, што менавіта Евангелле паводле Лукі асабліва падкрэслівае Божую міласэрнасць, дапамагае зразумець патрэбу ў ёй і заахвочвае звяртацца да яе.

На думку іерарха, варта не толькі ўшаноўваць святога Луку і дзякаваць Богу за напісанае ім, але гэтак жа, як святы, імкнуцца стаць евангелізатарамі нашага часу.

Паводле арцыбіскупа, зрабіць гэта можна рознымі спосабамі:

  • хрысціянскім сведчанннем у штодзённым жыцці;
  • праз абвяшчэнне Божага слова вуснамі;
  • прыкладам свайго жыцця;
  • праз выкарыстанне сучасных сродкаў масавай камунікацыі, бо яны з’яўляюцца магутным інструментам евангелізацыі мільёнаў людзей.

Каб паспяхова абвяшчаць Добрую Навіну, вернікі павінны не абцяжарваць сябе матэрыяльнымі каштоўнасцямі і сваім хрысціянскім жыццём увасабляць Божае слова.

«Мы не зможам абвяшчаць благаслаўленне Езуса ўбогім духам, калі самі заклапочаныя матэрыяльнымі каштоўнасцямі. Не можам абвяшчаць Яго супакой, калі ім не жывём. Не можам абвяшчаць Божую міласэрнасць, калі яе не практыкуем. Не можам прапаведаваць Добрую Навіну, калі не ўсведамляем, што яна насамрэч з’яўлецца добрай. Так жыў святы Лука і так ён запрашае нас жыць»,

― канстатаваў дастойны госць.

Важным, паводле арцыбіскупа Кандрусевіча, з’яўляецца сталасць у практыкаванні дару веры. Гэта праяўляецца, напрыклад, у здольнасці не паддавацца секулярнай модзе жыцця без Бога і спакусам лічбавага свету.

Іерарх са шкадаваннем адзначыў, што вера для сучаснага чалавека сталася свайго роду адкрытай крыніцай, якой можа карыстацца кожны так, як яму хочацца і без ніякіх абавязкаў. У выніку атрымліваецца хрысціянства без Хрыста і Евангелля.

Арцыпастыр правёў паралель паміж чарнобыльскай трагедыяй, што закранула ў тым ліку і Нароўлю, і «духоўным Чарнобылем», якім сталі дзесяцігоддзі ваяўнічага атэізму, а таксама сённяшняе добраахвотнае адмаўленне ад веры ў Бога. Прамоўца, аднак, падкрэсліў, што ў духоўных змаганнях мы не адны. З намі Бог, які ўмацоўвае нас сваёй ласкай і дарамі Святога Духа ў сакрамэнце канфірмацыі.

Напрыканцы гаміліі іерарх заахвоціў канфірмантаў і ўсіх прысутных адкрыцца на дзеянне Духа Святога, каб стаць вернымі вучнямі Хрыста і адважнымі сведкамі Евангелля ў сучасным свеце.

Пасля гэтага арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 25-і вернікам з амаль усіх парафій Мазырскага дэканату.

Напрыканцы ўрачыстасці іерарх асвяціў абраз Апошняй Вячэры, змешчаны на алтары касцёла. Ён падкрэсліў, што акт асвячэння гэтага абраза сімвалічны, бо ён знаходзіцца ў алтары, на якім адбываецца, так як падчас Апошняй Вячэры, перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста.

Развітваючыся з нараўлянскімі вернікамі, арцыпастыр выказаў надзею на новую сустрэчу з імі.

Пры напісанні артыкула былі выкарыстаны матэрыялы з інтэрнэт-старонкі газеты «Прыпяцкая праўда» narovlya.by.