Skip to main content

Як ператварыць канфлікт у дыялог? У Caritas прайшла адукацыйная сустрэча для валанцёраў

6 верасня
  • 10 верасня, 2025
  • Тэкст: Ірына Фаміна / Фота: Дзмітрый Мельнікаў // Catholicminsk.by

6 верасня ў Дзіцячым дабрачынным сацыяльна-рэабілітацыйным цэнтры святога Лукі ў Ляскоўцы каля Мінска сабраліся валанцёры парафіяльных суполак Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Удзел у сустрэчы прынялі валанцёры з архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, святога Францішка Асізскага ў Копішчы (Новая Баравая), Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе, святых апосталаў Пятра і Паўла ў Капылі, святога Казіміра ў Стоўбцах і Спаслання Духа Святога ў Барысаве.

Мэтай сустрэчы было паглыбленне ў важную для служэння бліжняму тэму — «Эфектыўная камунікацыя ў канфліктах».

Дзень распачаўся з таго, што яднае і ўмацоўвае кожнага верніка — супольнай малітвы. Святую Імшу ў капліцы цэнтра цэлебраваў дырэктар Рэлігійнай арганізацыі «Дабрачынная каталіцкая рэлігійная місія Карытас» брат Анатоль Ярошка OFMCap. У гаміліі святар падкрэсліў, што служэнне міласэрнасці патрабуе не толькі шчодрага сэрца, але і мудрасці, якую мы чэрпаем ад Бога, каб плённа служыць тым, хто знаходзіцца ў патрэбе.

Пасля духоўнага ўмацавання валанцёры перайшлі да інтэлектуальнай працы. Адукацыйную частку правяла запрошаны спецыяліст — выкладчык кафедры сацыяльнай камунікацыі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вольга Дзмітрыева.

Сустрэча пачалася з правакацыйнага пытання: «Канфлікт — гэта дрэнна?» На працягу некалькіх гадзін удзельнікі шукалі на яго адказ, паглыбляючыся ў прыроду канфлікту. Лектар падрабязна распавяла пра тыпалогію, прычыны і этапы развіцця канфліктных сітуацый. Валанцёры даведаліся, што канфлікт, падобна хваробе, мае свае цыклы і фазы, і магчымасць яго вырашэння часта залежыць ад таго, на якой стадыі ў яго ўдалося ўмяшацца.

Другая, практычная частка сустрэчы была прысвечана найважнейшаму пытанню: як кіраваць канфліктам? Удзельнікі вучыліся не проста рэагаваць на спрэчку, а прагназаваць яе развіццё, аналізаваць прычыны і працаваць на апярэджанне. Асаблівую ўвагу звярнулі на прафілактыку дэструктыўных канфліктаў і стымуляванне канструктыўных, якія могуць весці да росту і паляпшэння адносін. Валанцёры асвоілі практычныя навыкі вядзення перамоваў, рэагавання на камунікацыйныя бар’еры і выкарыстання формулы адкрытага выказвання пачуццяў, каб быць зразуметымі без агрэсіі.

Для многіх самым каштоўным аказалася спалучэнне тэорыі і практыкі. «Добрая падача тэорыі, прыклады, якія дапамаглі засвоіць матэрыял, і практычныя заданні», — адзначыў адзін з валанцёраў.

Атрыманыя веды маюць неацэннае практычнае значэнне для кожнага валанцёра. Бо служэнне Caritas — гэта не толькі перадача дапамогі, але і жывыя зносіны з людзьмі, якія часта знаходзяцца ў вельмі складаных і эмацыйна напружаных абставінах. Уменне правільна паводзіць сябе ў канфлікце, чуць боль іншага чалавека, будаваць масты паразумення — усё гэта дазволіць валанцёрам Caritas яшчэ больш плённа выконваць сваю місію.

Такім чынам, павышэнне кампетэнцый валанцёраў робіць дапамогу  яшчэ больш дзейснай і поўнай, ператвараючы кожны ўчынак у сапраўднае сведчанне любові.

Рэлігійная арганізацыя «Дабрачынная каталіцкая рэлігійная місія Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі запрашае ўсіх ахвотных, хто мае вялікае жаданне чыніць дабро і дапамагаць людзям, стаць валанцёрскім лідэрам Caritas у сваёй парафіі.

Каб далучыцца да каманды, можна запоўніць анкету валанцёра ТУТ>>>