У Рыме праходзіць сустрэча лідараў па камунікацыі, прымеркаваная Юбілею СМІ.
- 28 студзеня, 2025
27-29 студзеня ў Рыме праходзіць сустрэча лідараў камунікацыі біскупскіх канферэнцый, арганізаваная Дыкастэрыяй па камунікацыі. Мерапрыемства аб’яднала прадстаўнікоў Касцёлаў свету для абмеркавання выклікаў і перспектыў у сферы СМІ. Па даручэнню арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ў сустрэчы прымае ўдзел кс. Раман Суша.
Першы дзень падзеі распачаўся аўдыенцыяй з Папам Францішкам, дзе кожны ўдзельнік меў магчымасць сустрэцца з Пантыфікам. У сваёй прамове ён падкрэсліў, што хрысціянская камунікацыя – гэта не проста тэхніка або тактыка, а сапраўдны акт любові. “Кожны хрысціянін пакліканы распазнаваць і перадаваць гісторыі дабра, якія дрэнная журналістыка спрабуе сцерці, засяроджваючыся толькі на зле. Зло існуе. Яго нельга хаваць, але яно павінна ўзрушваць нас і падштурхоўваць да пытанняў і адказаў,” – заўважыў Папа.

Францішак акцэнтаваў увагу на двух словах: “разам” і “сетка”. Паводле яго, толькі праз супольную працу можна перадаць прыгажосць веры і будаваць масты замест вавілонскіх веж падзелу. “Каталіцкая камунікацыя — гэта не нешта ізаляванае; яна не толькі для католікаў. Гэта не агароджаная прастора, дзе мы замыкаемся. Гэта адкрытая прастора жывога сведчання, якая ўмее слухаць і інтэрпрэтаваць знакі Валадарства Божага. Яна для ўсіх!” – падкрэсліў Пантыфік.
Сустрэча працягнулася ў Папскім універсітэце Урбаніянум. Журналістка і лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру Марыя Рэсса звярнула ўвагу на пагрозы, звязаныя з маніпуляцыямі ў сацыяльных сетках, уключаючы дэзінфармацыю і пераслед журналістаў. Яна адзначыла, што сучасная журналістыка павінна стаць проціяддзем ад тыраніі і інфармацыйнага хаосу.
Айцец Паола Бенанці, тэолаг і эксперт у сферы этыкі тэхналогій, абмеркаваў уплыў штучнага інтэлекту на касцёльную камунікацыю і яе будучыню. У сваю чаргу кардынал Луі Антоніо Тагле прапанаваў духоўную перспектыву для адказаў на выклікі сучаснай камунікацыі, падкрэсліваючы, што сапраўдная камунікацыя пачынаецца з сустрэчы з Хрыстом.

У наступныя дні ўдзельнікі абмяркуюць новыя падыходы да наратываў і падзеляцца паспяховымі ініцыятывамі, якія дазваляюць будаваць масты праз камунікацыю. У апошні дзень сустрэчы будуць арганізаваны сінадальныя групы, дзе ўдзельнікі распрацуюць рэкамендацыі па ўдасканаленні касцёльнай камунікацыі.