Skip to main content

У выдавецтве «Про Хрысто» выйшла кніга ўспамінаў пра ксяндза Люцыяна Хмялёўца

3 ліпеня
  • 3 ліпеня, 2024
  • Тэкст: Ганна Шаўчэнка, фота: Выдавецтва «Про Хрысто» // Catholicminsk.by

Пабачыла свет кніга ўспамінаў пра ксяндза прэлата Люцыяна Хмялёўца «Пастыр паводле Божага Сэрца», выдадзеная ў сталічным выдавецтве «Про Хрысто».

Выданне прымеркавана да 110-годдзя з дня нараджэння і 20-годдзя з дня смерці гэтага незвычайнага святара, Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, сябра і памочніка кардынала Казіміра Свёнтка. Падчас пераследу Касцёла ён дапамагаў нашым продкам захаваць веру, а потым паказваў шлях да Бога новым пакаленням вернікаў, аднаўляў парафіі і святыні.

Сваімі ўспамінамі пра ксяндза Люцыяна Хмялёўца дзеляцца яго выхаванцы — духоўныя і свецкія асобы. Сярод іх — біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка, ксёндз канонік Мар’ян Шэршань, сястра Часлава Навіцкая USJK, а таксама парафіяне касцёла ў Дзераўной і Негарэлым, дзе пра святара ўдзячна памятаюць вернікі старэйшых пакаленняў. Ксёндз Люцыян распачаў свой святарскі шлях у Валкалаце, Канстанцінаве, а ў Дзераўную пераехаў з 1963 года і там ахвярна служыў Богу і людзям да апошніх дзён свайго зямнога жыцця. Па яго ўласных словах, ён хацеў «быць багатым толькі ў адным — у ласцы Божай» і гэтую ласку сапраўды меў. Бог шчодра адмераў яму зямнога веку: ксёндз прэлат Люцыян дажыў да свайго 90-гадовага юбілею і адышоў да Пана 3 чэрвеня 2004 года.

Як напісаў у сваіх успамінах біскуп Антоні Дзям’янка, «ксёндз Люцыян заўсёды паўтараў, што ён па духу місіянер <…>. Для ксяндза Люцыяна не важна было, дзе абвяшчаць Евангелле, — ён прыстасоўваўся да ўсяго і нічога для сябе не пакідаў, усё аддаваў людзям, якія знаходзіліся ў патрэбе».

Кніга ўключае ў сябе шмат фотаздымкаў з разгорнутымі подпісамі і апісаннямі — яны дадуць чытачу ўяўленне не толькі пра жыццёвы і святарскі шлях ксяндза прэлата Люцыяна, але і пра лёс Каталіцкага Касцёла на нашых землях у другой палове ХХ стагоддзя. А шчырыя ўспаміны аўтараў кнігі стануць для нашых сучаснікаў каштоўным сведчаннем апостальскай руплівасці і адданасці мінулых пакаленняў.