У Мядзелі адбыліся рэкалекцыі для ўдзельнікаў апостальскага руху “Маргарытка” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
- 18 чэрвеня, 2024
- Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: з архіва апостальскага руху “Маргарытка” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
З 14 па 16 чэрвеня ў рэкалекцыйным доме-кляштары Ордэна Кармелітаў Босых у Мядзелі адбыліся рэкалекцыі для тых, хто прыняў на сябе місію маліцца за святароў і кансэкраваных асоб у “Маргарытцы”. Правёў рэкалекцыі кс. Павел Эйсмант, мадэратар апостальскага руху “Маргарытка” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Мядзельшчына – край, вядомы верай мясцовых жыхароў, якія баранілі свае святыні ў савецкі час, і прыгожымі краявідамі блакітных азёр, такіх як найвялікшае па плошчы возера Беларусі – Нарач, а таксама Мядзел і Мястра. На апошнім пабудаваны старадаўні горад Мядзел, у якім знаходзіцца ўнікальны па архітэктуры касцёл Маці Божай Шкаплернай і кармеліцкі кляштар.
Тры дні былі насычаны духоўнымі практыкаваннямі. Для вернікаў, якія духоўна падтрымліваюць святароў і манаскіх асоб у іх служэнні, была прапанавана малітва Літургіяй Гадзінаў. Молячыся Ютрань, Малітву на працягу дня, Нешпары і Камплету, удзельнікі рэкалекцый злучаліся паміж сабой і іншымі вернікамі пры дапамозе малітвы ўсяго Касцёла. Са “святарскіх” і “манаскіх” духоўных практык, якімі маліліся “маргарыткі”, можна назваць хрысціянскую медытацыю над Божым словам, тзв. “lectio divina”. Неад’емнай практыкай была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і ружанцовая малітва за святароў і манаскія асобы ў суботу, дзень, прысвячаны Маці Божай.
Падчас штодзённай святой Імшы ў казаннях рэкалекцыяніст, разважаючы над Божым словам, суадносіў яго са штодзённым жыццём святароў і манахаў, пакліканых распаўсюджваць яго аж да межаў зямлі.
Ксёндз Павел прамовіў тры аскетычныя канферэнцыі. Першую з іх святар прысвяціў гісторыі ўзнікнення апостальскага руху, а таксама мэтам, якія ён ставіць перад сабой. Асаблівая ўвага была звернута на абавязак удзельнікаў апостальскага руху маліцца аб новых святарскіх і манаскіх пакліканнях. Другая канферэнцыя была прысвечана вобразу святара, які ад яго чакае Касцёл. На апошняй з іх рэкалекцыяніст адказаў на пытанне: “Як маліцца за святароў і кансэкраваных асоб?”
Асаблівай падзеяй рэкалекцый было набажэнства Крыжовага шляху на Мядзельскай Кальварыі, якому папярэднічала малітва Вяночкам да Божай Міласэрнасці перад уваходнай брамай у гадзіну смерці Езуса Хрыста.
Гістарычныя крыніцы падаюць, што на гэтым месцы стацыйныя каплічкі будаваліся ў XVIIІ стагоддзі, а затым адбудоўваліся ў міжваенны перыяд у ХХ стагоддзі. Аднак ІІ Сусветная вайна і савецкія часы пакінулі пасля сябе толькі руіны асобных каплічак. Аднаўленне Мядзельскай Кальварыі ў сённяшнім выглядзе прыйшлося на 10-я гады ХХІ стагоддзя. У бягучым годзе спаўняецца роўна 10 гадоў ад моманту асвячэння адноўленай Кальварыі.
Нягледзячы на цяжкасці дастаткова доўгай дарогі, рэзкіх пад’ёмаў і зарослай травой сцяжынкі, удзельнікі рэкалекцый, людзі пераважна сярэдняга і пажылога ўзросту, разам з духоўным кіраўніком шчасліва дайшлі да апошняй стацыі мядзельскага Крыжовага шляху, побач з якой узвышаюцца тры крыжы.
Насычанасць духоўнымі практыкаваннямі не пазбавіла ўдзельнікаў рэкалекцый часу для асабістага выкарыстання. Падчас яго яны мелі магчымасць дадаткова памаліцца ў капліцы, прайсціся берагам маляўнічага возера Мястра, а таксама супольна паглядзець відэа пра біскупскае пасвячэнне Уладзіміра Гуляя, біскупа-каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі.
Калі супольнасць апостальскага руху зайшла ў мядзельскі касцёл, унутры чакаў а. Генрых Валэйка OCD, які пазнаёміў гасцей з гісторыяй Ордэна Кармелітаў Босых і парафіяльнага касцёла.
Напрыканцы рэкалекцый удзельнікаў апостальскага руху “Маргарытка” чакала захапляльная паездка, падчас якой яны наведалі два знакавыя для Касцёла ў Беларусі месцы. Першым з іх быў касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах (Астравецкі дэканат, Гродзенская дыяцэзія), які лічыцца адным з найпрыгажэйшых касцёлаў нашай краіны. Другім было месца асаблівага духоўнага прыцягнення – Санктуарый Маці Божай Шкаплернай у мястэчку Гудагай (Астравецкі дэканат, Гродзенская дыяцэзія).
Духоўна ўмацаваныя, “маргарыткі”, якія ў пераважнай большасці прыехалі ў Мядзел са сталіцы Беларусі, шчасліва вярнуліся ў Мінск.