Skip to main content

У будынку Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра пройдуць «Дні цішыні для Мінска»

21-22 верасня, 19-20 кастрычніка і 23-24 лістапада
  • 10 верасня, 2024
  • Тэкст: Jan.by, фота: Samaranin.by

У рамках падрыхтоўкі да Святога года 2025 ксяндзы хрыстусоўцы, якія служаць у мінскай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максіміліяна Кольбэ, прапануюць ініцыятыву «Дні цішыні для Мінска», якая пройдзе ў верасні, кастрычніку і лістападзе бягучага года.

Праз некалькі месяцаў распачнецца Юбілейны 2025 год хрысціянства. «Няхай гэта будзе год інтэнсіўнай малітвы, які адкрые сэрцы на прыняцце Божай ласкі», — так Папа Францішак ахарактарызаваў Год малітвы, які стане падрыхтоўчым перыядам да Юбілею 2025 года.

«Я ўпэўнены, што ў гэтым годзе біскупы, святары, дыяканы і катэхеты знойдуць адпаведныя спосабы зрабіць малітву асновай для аб’яўлення надзеі, якую Юбілей 2025 павінен абвяшчаць у цяжкія часы», — адзначыў прапрэфект Дыкастэрыі па справах Евангелізацыі арцыбіскуп Рыно Фізікела.

Адказваючы на заклік Святога Пасаду, арганізатары запрашаюць далучыцца да малітоўнай ініцыятывы «Дні цішыні для Мінска» і глыбей увайсці ў своеасаблівы спосаб малітвы, якім ёсць lectio divina. Упершыню янаадбудзецца 21-22 верасня 2024 г. Гэта будуць 2 дні (субота і нядзеля), калі ў поўнай цішыні яе ўдзельнікі схіляцца над Божым Словам. «У сённяшнім гучным і хуткім свеце гэта будзе нібы аазіс, абаронены ад штодзённага стрэсу, дзе малітва становіцца падсілкоўваннем хрысціянскага жыцця веры, надзеі і любові», — упэўненыя арганізатары.

Прыняць удзел можа кожны дарослы хрысціянін, запісаўшыся па спасылцы: https://forms.gle/jeJojHNLwy8punJ17.

Наступныя «Дні цішыні для Мінска» адбудуцца 19-20 кастрычніка і 23-24 лістапада 2024 года.

Арганізатары духоўнага мерапрыемства спадзяюцца, што ўдзел у гэтай малітоўнай ініцыятыве будзе часам навучання малітве і, перш за ўсё, часам выхавання сучасных людзей у малітве ў эпоху лічбавай культуры.

Рэкамендаванае ахвяраванне — 30 рублёў (без уліку пасілкаў).

Колькасць месцаў абмежаваная.

Месца правядзення: Хрысціянскі сацыяльны цэнтр, Мінск, вул. Серафімовіча, 19 (станцыя метро Пралетарская). 

Калі пасля рэгістрацыі планы ўдзельнікаў змяніліся, арганізатары просяць як мага хутчэй паведаміць іх аб гэтым па тэлефоне: +375336054167 — кс. Андрэй Лысы SChr.