У пяты раз Касцёл у Беларусі далучыцца да сусветнай малітоўнай акцыі «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы»
- 10 верасня, 2024
- Тэкст і фота: Samaranin.by
18 кастрычніка дзеці з дыяцэзій Касцёла ў Беларусі ўжо ў пяты раз далучацца да сусветнай малітоўнай акцыі «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы».
У 1917 г. падчас аб’яўленняў у Фаціме Маці Божая асаблівым чынам заклікала да малітвы на ружанцы ў інтэнцыі міру. Яна таксама падкрэсліла, што вялікую моц мае шчырая малітва дзяцей.
Адказам на запрашэнне Маці Божай з’яўляецца сусветная ініцыятыва “Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы”, якая першы раз адбылася ў 2005 годзе ў Венесуэле. Арганізатарам акцыі з’яўляецца Папскі фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. Галоўная мэта гэтай малітоўнай кампаніі – паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа, як страла, ляцець проста да Cэрца Бога і такім чынам змяняць свет.
Дзеці з беларускіх дыяцэзій ужо пяты раз далучаюцца да гэтай ініцыятывы. Сёлетняя юбілейная малітва злучыць дзяцей прысутных ў розных марыйных санктуарыях нашай краіны.
У Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі месцам правядзення набажэнства стане Санктуарый Маці Божай Фацімскай у Жодзіне. Малітва «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы» распачнецца ў 18:00. Арганізатары з дабрачыннай мiсiі Добрага Самаранiна пад апекай святой Уршулi Ледухоўскай запрашаюць далучыцца да гэтай ініцыятывы дзяцей з усіх парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Каб прыняць удзел у сустрэчы ў Жодзіна, трэба запоўніць рэгістрацыйную форму ТУТ>>>. Рэгістрацыя ўдзельнікаў працягваецца да 11 кастрычніка.
Арганізатары малітоўнай сустрэчы ў Беларусі рэалізуюць ініцыятыву дзякуючы ахвяраванням неабыякавых людзей. Каб дапамагчы ў падрыхтоўцы акцыі, можна скласці дабравольнае ахвяраванне на рахунак па спасылцы ТУТ>>>