Да захавання блізкасці з Богам і братэрства заклікаў святароў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі падчас Імшы Хрызма
- 28 сакавіка, 2024
- Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: Максім Ахінько
28 сакавіка, у Вялікі Чацвер, калі Хрыстус устанавіў сакрамэнты Эўхарыстыі і Пасвячэння, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша Хрызма. Узначаліў яе арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. На ёй прысутнічалі дапаможныя біскупы архідыяцэзіі, Апостальскі Адміністратар Грэка-каталіцкай Царквы архімандрыт Сяргей Гаек, канонікі капітула Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, дэканы і шматлікія святары.
На пачатку Імшы пажаданні біскупам і святарам склалі прадстаўнікі апостальскага руху „Маргарытка”, заданнем якога ёсць малітва за святароў, а таксама кансэкраваныя асобы. Вітаючы прысутных, галоўны цэлебрант адзначыў, што віншаванне біскупаў і святароў – гэта падзяка Богу за дар іх паклікання да асаблівага служэння Божаму народу.
Падчас гаміліі арцыбіскуп Станеўскі разважаў пра сутнасць святарства і ролю святароў у Касцёле. У сакрамэнце Пасвячэння Бог даў святарам усё, што ім патрэбна для выканання іх задання ў свеце. Дар, які яны атрымалі, рыхтуе іх да выканання місіі „аж да межаў зямлі”, каб яны былі гатовыя абвяшчаць Евангелле паўсюдна.
Сваё разважанне іерарх заснаваў на кнізе папы Францішка „Вярнуцца да мараў”. У ёй Пантыфік перасцерагае святароў, каб яны не жылі ў бескарыснай настальгіі па таму, што калісьці было, але каб мелі „новае захапленне Эўхарыстыяй”, каб быць дарогай, па якой людзі крочаць да Бога.
Папа Францішак сцвярджае, што першы прынцып святара – гэта блізкасць з Богам. Без глыбокіх адносін з Панам святарскае служэнне асуджана на правал. Кантакт са словам Езуса дапамагае ім супаставіць іх жыццё з Яго жыццём і прыняць волю Божую, выражаную ў волі дыяцэзіяльнага біскупа.
Без малітвы, духоўнага жыцця, блізкасці з Богам у слуханні слова, эўхарыстычнай цэлебрацыі, адарацыі, аддання сябе Марыі, а таксама без мудрага суправаджэння духоўнага кіраўніка і сакрамэнту паяднання святар будзе толькі стомленым працаўніком, які жыве настальгіяй або актывізмам. Людзі чакаюць, каб святар паказаў ім Хрыста, даў ім Бога.
Святару неабходна падтрымліваць братэрства, якое павінна быць свядомым выбарам святара, яго імкненнем да святасці ў супольнасці з іншымі. Калі ёсць сапраўднае братэрства сярод святароў, тады яны здольныя са спакоем сумлення жыць у цэлібаце (нежанатасці). Без сяброўства і без малітвы цэлібат можа стаць для святара непасільным цяжарам, які выклікае нараканне.
Каб духоўная асоба магла зразумець ідэнтычнасць свайго святарства, яна павінна жыць сярод людзей, ведучы лад жыцця Хрыста. Святару нельга быць для іх бязлітасным суддзёй, але добрым самаранінам, які умее лячыць людскія раны лекам добрага слова.
Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Юзаф падзякаваў святарам за іх служэнне Божаму народу, ад імя ўсіх святароў перапрасіў вернікаў за чалавечыя недахопы духоўных асоб і папрасіў, каб вернікі надалей падтрымлівалі святароў сваімі малітвамі.
Падчас Імшы Хрызма былі прынесеныя і асвячаныя алей хрызма і алей хворых у начыннях. Першы выкарыстоўваецца пры ўдзяленні сакрамэнтаў Хросту, Канфірмацыі і Пасвячэння, а другі – Намашчэння хворых. Традыцыйна ўсе прысутныя святары аднавілі свае святарскія абяцанні.