Skip to main content

Падчас Вялікага посту ў Мінску і ваколіцах будуць адбывацца стацыйныя набажэнствы Песень жальбы

з 18 лютага па 24 сакавіка
  • 13 лютага, 2024
  • кс. Іван Крэміс

Па благаслаўленні арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, падчас Вялікага посту, які сёлета распачынаецца 14 лютага, ужо другі раз у паасобных 7 касцёлах двух мінскіх дэканатаў штодзённа будзе абывацца адмысловае набажэнста з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту, спевам традыцыйных Песень жальбы, тэматычным казаннем і магчымасцю споведзі.

Песні жальбы ўзніклі ў Каталіцкім Касцёле на пачатку ХVІІІ ст. У хуткім часе гэтае набажэнства стала адным з найбольш папулярных набажэнстваў Вялікага посту і на нашай зямлі. Разважанне мукаў Хрыста ў Песнях жальбы спрыяе духу пакаяння, а перадусім мае на мэце служыць нашаму навяртанню.

З нагоды малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса ў гэтым годзе падчас стацыйных набжэнстваў казанні будуць пра Касцёльныя наказы.

Ніжэй пададзены расклад стацыйных набажэнстваў у парафіях г. Мінска і Мінскага раёна на кожны дзень тыдня з 18 лютага па 24 сакавіка:

  • Нядзеля, 18 і 25 лютага, 3, 10, 17 і 24 сакавіка, а 12:00 – парафія Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы (пр-т Незалежнасці, 44 А).
  • Панядзелак, 19 і 26 лютага, 4, 11 і 18 сакавіка, а 18:30 – парафія святога Францішка Асізскага (Мінскі раён, аг. Копішча (Новая Баравая), вул. Авіяцыйная, 4).
  • Аўторак, 20 і 27 лютага, 5, 12 і 19 сакавіка, а 19:30 – парафія Святога Духа (Чыжоўка, праезд Галадзеда, 15 В).
  • Серада, 21 і 28 лютага, 6, 13 і 20 сакавіка, а 19:15 – парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (архікатэдра, пл. Свабоды, 9).
  • Чацвер, 22 і 29 лютага, 7, 14 і 21 сакавіка, а 18:00 – парафія Святога Міхала Арханёла (Мінскі раён, г. п. Гатава, вул. Металургічная, 40).
  • Пятніца, 23 лютага, 1, 8, 15 і 22 сакавіка, а 16:00 – парафія Святых Сымона і Алены (пл. Свабоды, 9).
  • Субота, 24 лютага, 2, 9, 16 і 23 сакавіка, а 10:00 – парафія Маці Божай Будслаўскай (Каменная горка, вул. Прытыцкага, 107 А).

Усе ахвотныя запрашаюцца да ўдзелу ў велікапосных набажэнствах.