Сацыяльная тэматыка ў творчасці святога Яна Златавуста
- 28 чэрвеня, 2024
- Catholicminsk.by
1 чэрвеня студэнты ІІІ курса Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля абаранілі дыпломныя працы па прадметах, якія там выкладаюцца.
Публікуем у скарачэнні першую з выбраных дыпломных прац па тэалагічнай дысцыпліне патралогія. Праца датычыць сацыяльнай тэматыкі ў творах, пакінутых пасля сябе вядомым хрысціянскім прапаведнікам і айцом Касцёла, святым Янам Златавустам.
Аўтар працы – Ілля Жыбурт, каталіцкі вернік грэчаскага абраду з Мінска.
Уступ
Актуальнасць тэмы “Сацыяльная тэматыка ў творчасці Святога Яна Златавуста” выяўляецца ў кантэксце пошуку маральных і духоўных арыенціраў у сучасным грамадстве. Ян Златавуст – выдатны духоўны мысліцель ранняга хрысціянства, біскуп Канстанцінопальскі, праслаўлены сваёй мудрасцю і вялікім укладам у хрысціянскую тэалагічную думку. Яго творчасць багата сацыяльнай тэматыкай, якая тычыцца найважнейшых аспектаў жыцця грамадства і Царквы.
Даследаванне сацыяльных аспектаў яго творчасці мае вялікае значэнне, бо ён прысвяціў значную частку сваіх намаганняў, пропаведзяў і прац сацыяльным пытанням, такім як беднасць, справядлівасць, дабрачыннасць, міласэрнасць, сужэнства і многія іншыя. Ян Залатавуст прымяняў свае шырокія веды і мудрасць да абмеркавання сацыяльна значных тэм, і яго вучэнне можа быць каштоўным для сучаснага грамадства ў пошуках адказаў на розныя сацыяльныя праблемы. Даследаванне яго сацыяльных поглядаў і іх актуальнасці для сучаснай эпохі можа праліць святло на шэраг актуальных грамадскіх пытанняў і прапанаваць новыя шляхі іх вырашэння.
Ян Златавуст не пакідаў без увагі ні адной выбітнай падзеі з яго часу або з’явы ў навакольным жыцці. Калі толькі адбывалася падзея, якая прыводзіла народ у збянтэжанасць, страх ці роспач, Ян Златавуст не прамінаў магчымасці выступіць са сваім словам. Усе асноўныя сацыяльныя выклікі таго часу не пазбеглі яго увагі. У наш час чалавецтва таксама мае вострую патрэбу ў маральных арыенцірах, якія датычацца пытанняў сацыяльнай справядлівасці.
У гісторыі Царквы Ян Залатавуст займае асаблівае месца як адзін з выбітных духоўных лідэраў IV ст. Яго творчасць і дзейнасць аказалі значны ўплыў на развіццё хрысціянства і фарміраванне духоўнага жыцця ў той час.
Жыццё і дзейнасць
Ян Залатавуст з’яўляецца адным з самых вядомых святых айцоў Царквы. Шанаванне ён заслужыў яшчэ пры сваім зямным жыцці незвычайнымі чалавечымі якасцямі. Служэнне яго праходзіла ў часы Феадосія Вялікага (379-395).
Год яго нараджэння ў дакладнасці невядомы. Прынята лічыць найбольш верагодным 347 г. Месца нараджэння – Антыёхія. Яго бацька, Секунд, займаў высокае ваеннае становішча і валодаў значнымі сродкамі, але памёр неўзабаве пасля нараджэння сына. Маці Анфуса, па смерці мужа адмовілася ад другаснага замужжа і аддалася справе выхавання сына.
У 370 г. ён быў пастаўлены ў чытальніка, абавязак якога быў у чытанні з амвона Святога Пісання падчас набажэнства[1]. У пачатку 381 г. ён прыняў ад біскупа Мялеція пасвячэнне ў дыяканскі сан, а ў 386 г, ва ўзросце каля 40 гадоў быў пасвячаны ў святары.
У сваіх выступах з царкоўнай кафедры Ян Златавуст тлумачыў Святое Пісанне, навучаючы ў ісцінах хрысціянскага жыцця, выкрываў заганы і забабоны, раскрываў Божыя таямніцы і абараняў праўду хрысціянскай веры супраць нападаў язычнікаў, юдэяў і ерэтыкоў. Пропаведзі Златавуста ўзрушвалі сэрцы слухачоў і часта выклікалі або слёзы скрухі, або бурныя воплескі. Ужо ў першыя гады сваёй прапаведніцкай дзейнасці Златавуст стаў вядомы як выдатны тэолаг, экзэгет і мараліст.
У 397 г. Златавуст быў пасвячаны ў сан біскупа і быў прызначаны на Канстанцінопальскі духоўны пасад. Новы кіраўнік Канстанцінопальскай Царквы, натхнёны высокім хрысціянскім ідэалам, уступіў у барацьбу з адмоўнымі з’явамі навакольнага жыцця. Ён пазбаўляў сану духоўных асоб, якія заплямілі сябе нягоднымі паводзінамі. У сваіх выступах ён крытыкаваў вышэйшыя класы сталічнага грамадства за іх прыхільнасць да багацця і раскошы, за пустэчу жыцця.
Ян Златавуст памёр 14 верасня 407 г. у дарозе падчас другога выгнання непадалёк ад Камана, ля склепа святога Васіліска. Апошнімі словамі вялікага свяціцеля былі: “Дзякуй Богу за ўсё”[2].
Багацце і беднасць
Адной з самых актуальных сацыяльнах праблем таго часу Ян Златавуст лічыў праблему багацця і беднасці. Па-першае, у цэнтры ўвагі была роля грошай у тагачасным грамадстве. Валоданне багаццем ён падаваў як сацыяльную праблему, казаў пра заганы сквапнасці, якія цесна звязаны з валоданнем багацця, і розныя віды злоўжыванняў у фінансавай сферы, якія былі прадстаўлены ў грамадстве.
Дабрачынная дзейнасць як форма дапамогі бедным
У залежнасці ад таго, які змест Ян хацеў перадаць сваім вернікам, ён па-рознаму паказваў стаўленне да матэрыяльных дабротаў. Златавуст не забараняе хрысціянам узбагачацца і заклікае не ставіцца да людей ганебна толькі за тое, што у іх ёсць грошы. Ён таксама заклікае набываць багацце сумленна, кажучы, што грошы, якія ідуць на прадметы раскошы, можна выкарыстаць для паляпшэння долі многіх бедных людзей. Золата набывае станоўчае значэнне толькі тады, калі яно выкарыстоўваецца для дапамогі бедным.
Міласціна як акт любові
Наш аўтар вучыць, што міласціна патрэбная кожнаму, таму і называе яе сэрцам цноты. Вышэйузгаданая тэма часта паўтаралася ў яго пропаведзях, але з-за яе важнасці Златавуст настойліва тлумачыў, што жадае, каб яго слухачы палепшыліся ў гэтай сферы.
Праца і адпачынак
Пытанні працы і адпачынку, заўсёды былі актуальнымі для грамадства. IV ст. у гэтым плане не з’яўлялася выключэннем. Таму варта звярнуцца да сацыяльных аспектаў жыцця ў той час, выкарыстоўваючы прыклады з творчасці Яна Златавуста. Даследаванне сацыяльнага статусу рабоў, разгляд ролі Алімпійскіх гульняў і тэатра ў жыцці антыяхійцаў, а таксама аналіз праблемы абжорства і п’янства дазволяць больш глыбока зразумець сацыяльную прастору, у якой дзейнічаў Ян Залатавуст, і яго тэалагічны погляд на гэтыя з’явы.
Эпілог
Антыёхія, як цэнтр хрысціянства, аказала значны ўплыў на фарміраванне светапогляду і практычную дзейнасць Златавуста. Яго вучэнне аб сацыяльнай адказнасці і справядлівасці актуальна і ў наш час. Важнай тэмай, закранутай у працы, стала пытанне багацця і беднасці. Вывучэнне пазіцыі Яна Златавуста ў адносінах да грошай, дабрачыннай дзейнасці і міласціны дазволіла зразумець яго глыбокі гуманізм і клопат аб маючых патрэбу людзях. Такім чынам, аналіз твораў сацыяльнай тэматыкі Яна Златавуста дазваляе паглядзець на яго спадчыну як на крыніцу мудрасці і натхнення для развіцця гуманных каштоўнасцяў і прынцыпаў у грамадстве.
[1] А. Сидоров, Древние жития святителя Иоанна Златоуста. Тексты и комментарий [online], доступ: 2024-04-10 <https://azbyka.ru/otechnik/Aleksej_Sidorov/drevnie-zhitija-svt-ioanna-zlatousta/1#note176>.
[2] К. Скурат, Патрология, Период посленикейский (IV в.- первая половина V в.) [online], доступ: 2024-04-24 <https://lib.pravmir.ru/library/readbook/2273>.