Пяты фестываль-рэкалекцыі NOVAFEST пройдзе ва Уселюбе
- 30 чэрвеня, 2025
- Catholicminsk.by

У суботу, 2 жніўня, у парафіі святога Казіміра ва Уселюбе (Гродзенская дыяцэзія, Навагрудскі дэканат) адбудзецца 5-ы юбілейны фестываль-рэкалекцыі NOVAFEST.
Тэма сёлетняга фестывалю — «Заўсёды радуйцеся, няспынна маліцеся. За ўсё дзякуйце, бо такая воля Божая адносна вас у Езусе Хрысце» (1 Тэс 5, 16-18).
Сённяшні свет не спрыяе таму, каб «заўсёды радавацца» і «за ўсё дзякаваць» — асабліва ў цяжкія часы, калі хварэюць і паміраюць блізкія, калі мы бачым «несправядлівасць і беззаконне». І нават маліцца хаця б паўгадзіны ў дзень не так проста, тады што ўжо казаць аб няспыннай малітве? Усё жыццё хрысціяніна павінна быць пабудавана вакол бесперапыннай малітвы з падзякай, бо падзяка — гэта адзін з найважнейшых слупоў нашай веры. Але, ведаючы гэта, мы часта адчуваем, што наша падзяка нейкая натужная і няшчырая, быццам мы проста не хочам засмучаць Пана. Часам адчуваецца, што падзякі ўжо не засталося, а ёсць толькі крыкі душэўнага ці фізічнага болю. Што ж адбываецца з нашай верай у такія моманты?
На гэтыя і іншыя пытанні дапамогуць знайсці адказы спікеры: айцец Віктар Мялешка OFMConv з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ва Удзеле (Віцебская дыяцэзія) і айцец Аркадзь Куляха OCD з парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі (Гродзенская дыяцэзія). Духоўным кіраўніком фестывалю будзе ксёндз Віталій Цыбульскі.
Удзельнікаў фестывалю чакаюць утульная атмасфера, прыгожыя спевы, супольная малітва, сведчанні і цікавыя сустрэчы з вернікамі з розных парафій Беларусі і не толькі. Асаблівая ўвага будзе нададзена малодшым удзельнікам: іх чакаюць пляцоўкі для гульняў і розныя цікавыя заняткі, дзе яны могуць не толькі забаўляцца, але і вучыцца асновам сваёй веры.
Фестываль становіцца месцам не толькі святкавання веры, але і перадачы традыцый і каштоўнасцяў з пакалення ў пакаленне. Дзеці адыгрываюць асаблівую ролю: іх удзел у фестывалі напаўняе яго асаблівым сэнсам і радасцю, ствараючы супольнасць, дзе ўсе аб’яднаны адной мэтай — праслаўленнем Бога і ўмацаваннем сувязей адзін з адным. Гэта ўнікальны досвед, які пакідае незабыўныя ўражанні і фармуе ў дзяцей пачуццё прыналежнасці да большага цэлага.
Яшчэ перад распачаццем 5-а юбілейнага фестывалю дзяцей і моладзь запрашаюць узяць удзел у мастацкім конкурсе малюнкаў на тэму падзякі. Арганізатары просяць прывозіць малюнкі з сабой і перадаваць ім падчас рэгістрацыі. Працы ўдзельнікаў конкурсу будуць ацэнены кампетэнтным журы, якое вызначыць пераможцаў ва ўзроставых катэгорыях.
Праграма фестывалю NOVAFEST:
• 10:00 — рэгістрацыя,
• 11:00 — святая Імша,
• 13:00 — канферэнцыя “Tota pulchra es, Maria – Уся прыгожая Ты, Марыя” (айцец Віктар Мялешка OFMConv),
• 14:00 — абед, асабісты час,
• 15:00 — малітва спевам каля алтара Маці Божай Новага Жыцця,
• 15:30 — канферэнцыя “Велічае душа Мая Пана: Марыйны погляд на ўдзячнасць” (айцец Аркадзь Куляха OCD),
• 17:00 — сведчанні,
• 19:00 — Крыжовы шлях,
• 20:30 — Ружанец і адарацыя,
• 22:00 — благаслаўленне.
Рэгістрацыя і падрабязная інфармацыя на фестываль на сайце novafest.by.
Таксама можна зарэгістравацца па тэлефоне: +375 (29) 124-07-39 (Ірына) або напісаць паведамленне на ўказаны нумар у Telegram або Viber.
Адрас: касцёл святога Казіміра, вул. Чырвонаармейская 20, аграгарадок Уселюб, Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць.
Арганізатары прапануюць даезд па маршрутах Мінск–Уселюб–Мінск і Гродна–Уселюб–Гродна.
Сачыць за навінамі фестываля можна на сайце novafest.by і ў Instagram.
Фотаздымкі з леташняга фестывалю NOVAFEST:









