Skip to main content

Ксяндзы хрыстусоўцы з Мінска запрашаюць да ўдзелу ў Трэцім Мінскім біблійным марафоне

26 студзеня
  • 4 студзеня, 2025
  • Тэкст: кс. Уладзімір Марушэўскі SChr, фота: Catholicnews.by // Catholicminsk.by

26 студзеня, у Нядзелю Божага слова, ксяндзы хрыстусоўцы, якія нясуць служэнне ў сталічнай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ, запрашаюць усіх ахвотных да ўдзелу ў Трэцім Мінскім біблійным марафоне.

Сутнасць біблійнага марафону заключаецца ў тым, што кожны зарэгістраваны ўдзельнік атрымае анлайн раздзел са Святога Пісання для самастойнага чытання ў Нядзелю Божага слова, разважання над ім і дзялення з іншымі тымі думкамі, што ў яго ўзніклі пад уздзеяннем Духа Святога.

У мінулым годзе ініцыятыву падтрымала 275 чалавек, такім чынам падчас марафону быў прачытаны ўвесь Новы Запавет.

«Чым больш удзельнікаў, тым больш прачытаем Святога Пісання ў адзін дзень. У гэтым годзе хочам разам прачытаць усю Біблію. Няхай Слова дзейнічае ў нашых сэрцах і прыносіць добры плён», — выказваюць пажаданне арганізатары незвычайнага марафону.

Для ўдзелу трэба запоўніць форму па спасылцы ТУТ>>>.

Нагадаем, што Папа Францішак у 2019 годзе ўстанавіў у паўсюдным Касцёле ІІІ Звычайную Нядзелю як Нядзелю Божага слова з намерам, што гэта будзе дзень, асаблівым чынам прысвечаны роздуму над Святым Пісаннем і яго распаўсюджванню.

Нядзеля Божага Слова з’яўляецца добрай нагодай для таго, каб дапамагчы людзям абудзіць разуменне аўтарытэту Святога Пісання ў жыцці кожнага верніка.

Адказваючы на заклік пастыра паўсюднага Касцёла, ксяндзы хрыстусоўцы прапануюць усім ахвотным (не толькі з Мінска і нават не толькі з Беларусі) узяць удзел у Трэцім біблійным марафоне.