Skip to main content

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі падчас Імшы Вячэры Пана: “Без Эўхарыстыі няма святарства і без святарства няма Эўхарыстыі”

28 сакавіка
  • 29 сакавіка, 2024
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: Елізавета Бубенька

Увечары Вялікага Чацвярга, 28 сакавіка, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша Вячэры Пана, якой Касцёл распачынае перажыванне Святога Пасхальнага Трыдуума, асобнага літургічнага перыяду, які з’яўляецца кульмінацыйнай падзеяй гісторыі збаўлення чалавецтва і трывае ажно да Урачыстасці Уваскрасення Хрыста ўключна.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. На цэлебрацыі прысутнічалі Генеральны Вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і святары, якія ў сваім служэнні звязаныя з архікатэдральным касцёлам.

На пачатку Імшы прадстаўнікі мінскай каталіцкай моладзі павіншавалі іерархаў і святароў з днём устанаўлення сакрамэнту Эўхарыстыі і Пасвячэння. Адказваючы вернікам на словы віншавання, арцыбіскуп Юзаф заўважыў: “Мы (біскупы і святары) – адны з вас, бо кожны святар, «якога выбіраюць з людзей, прызначаны для людзей» (пар. Гбр 5, 1). Таму мы сёння разам дзякуем вам, бо без святарства няма Эўхарыстыі, а без Эўхарыстыі няма святарства”.

Галоўны цэлебрант ахвяраваў святую Імшу ў інтэнцыі новых пакліканняў для Касцёла ў Беларусі, “каб былі тыя маладыя людзі, юнакі, якія ахвотна адкажуць на заклік Езуса Хрыста: «Ідзі за Мной! »” Для гэтага, па словах іерарха, патрэбна вера, адвага і “любоў да народа, які чакае святароў, які чакае Бога”. Малітвай арцыпастыра былі ахоплены ўсе святары, якія нясуць служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама вернікі, асабліва хворыя, пажылога і сталага ўзросту. Прагучала таксама інтэнцыя, каб адчыненыя беларускія святыні сталіся месцам сустрэчы людзей з Богам.

“Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго” (Ян 13, 34-35). Такім фрагментам з Евангелля распачаў гамілію арцыбіскуп Юзаф. Ён адзначыў, што ў Вялікі Чацвер усе веруючыя вяртаюцца думкамі ў Вячэрнік, дзе прагучалі першыя словы кансэкрацыі. Гэтыя словы перамянілі не толькі хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыста, але таксама “сэрцы і самасвядомасць апосталаў, святароў Новага Запавету”.

У гэты дзень асаблівым чынам перад хрысціянамі адкрываецца таямніца прыніжэння Бога. Езус схіляецца перад вучнямі, становіцца на калені, каб абмыць ім ногі. “Каб зразумець гэты жэст Езуса, мала быць гісторыкам ці назіральнікам”, трэба ўвайсці ўнутр Вячэрніка. На словы Езуса, якія прамаўляе святар падчас Імшы: “Гэта ёсць Цела Маё”, “Гэта ёсць Кроў Мая”, мы становімся на калені перад вялікай таямніцай веры. Эўхарыстыя – гэта, паводле папы Францішка, “не толькі ўзнагарода за добрае жыццё…, але і лек для хворых, гаючы бальзам для збаўлення чалавечага сэрца, параненага грахом”.

Іерарх асабліва падкрэсліў, што Эўхарыстыя надае сэнс святарству, бо Хрыстус, аддаючы сябе ў рукі святара, давярае людзям самога сябе. “Хрысту патрэбныя святарскія рукі, каб благаслаўляць, святарскія вусны, каб навучаць, святарскія сэрцы, каб дзяліцца сваёй любоўю з намі”. Таму невыпадкова арцыбіскуп Станеўскі напрыканцы гаміліі звярнуўся да юнакоў. “Вы вельмі патрэбны Хрысту. Ён кліча вас, каб вы былі апосталамі ў XXI стагоддзі”.

Дзякуючы вернікам за іх малітву ў інтэнцыі святароў, Мітрапаліт назваў два словы, якія выражаюць тое, што павінна стаць галоўнымі прынцыпамі хрысціянскага жыцця, – “любоў” і “пакора”. Без любові немагчыма зразумець таямніцу Эўхарыстыі, а без прыкладу пакоры, які даў нам Езус, не было б таго, што мы можам назіраць у шпіталях, дзе медыцынскія работнікі схіляюцца над хворымі і церпячымі.

Убачыць Хрыста ў іншым чалавеку – да гэтага заклікаў св. Ян Павел ІІ, а сёння папа Францішак прыпамінае людзям усяго свету, што мы адзін для аднаго – браты і сёстры. “Сучасны свет патрабуе супакою і згоды, пакоры і прабачэння”. Таму Езус заклікае вернікаў падзяліцца дарам супакою і любові з бліжнімі. Напрыканцы гаміліі іерарх заклікаў прысутных распазнаць жывога Хрыста сярод людзей, каб усклікнуць, як вучні, якія ішлі ў Эмаўс: “Пане, застанься з намі” (пар. Лк 24, 29).

Пасля эўхарыстычнай літургіі Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў цямніцу, бо пасля Апошняй Вячэры Езус Хрыстус быў арыштаваны і правёў ноч у зняволенні. Вернікі ў маўчанні кленчалі перад Збаўцам — вечным Вязнем табэрнакулюма, — дзякуючы Яму за збаўленне, здабытае коштам страшных і несправядлівых цярпенняў. Алтар, з якога зняты абрус, пазбаўлены аздобы, азначае самога Езуса Хрыста, які прынізіў сябе дзеля нашага збаўлення. Падчас святой Імшы вернікам не было ўдзелена благаслаўленне. Адсутнасць гэтага літургічнага жэсту мае значэнне незавершанасці збаўчых падзей, якія маюць свой працяг, і заахвочвае вернікаў да ўдзелу ў наступных частках літургіі Пасхальнага Трыдуума.