Гісторыя Кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі (1923-1945)
- 4 ліпеня, 2024
- Catholicminsk.by, фота з адкрытых крыніц
Працягваем публікацыю ў скарачэнні дыпломных прац сёлетніх выпускнікоў Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля.
Наступная дыпломная праца па гісторыі Касцёла датычыць дзеяў Кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі (сясцёр эўхарыстак) ад заснавання ў 1923 годзе да заканчэння Вялікай Айчыннай вайны ў 1945 годзе.
Аўтар працы – сястра Ірына Папакуль SJE, манахіня, якая належыць да Кангрэгацыі Сясцёр Эўхарыстак.
УСТУП
Мэта дыпломнай працы – паказаць жыццё Кангрэгацыі, якая мае свае карані ў беларускім народзе і была заснавана для служэння сярод беларусаў, рэлігійнае жыццё якіх ў міжваенныя часы з-за складанага палітычнага і эканамічнага становішча у Еўропе пасля Першай сусветнай вайны было найгоршым на тэрыторыях тагачаснай Віленшчыны.
Дыпломнае даследаванне накіравана на вывучэнне гісторыі Кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі ў часы яе паўстання і аж да заканчэння Другой Сусветнай вайны і ахоплівае храналагічные рамкі з 1923 да 1945 гады.
Раздзел 1. Гістарычныя перадумовы ўзнікнення Кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі
Тут апісваецца агульнае становішча Віленшчыны, падзел дыяцэзій, а таксама трагічны стан беларускага народа, сярод якіх паўстала новая Кангрэгацыя сясцёр.
Віленская архідыяцэзія да 1945 года была адной з найбольшых дыяцэзій у міжваеннай Польшчы. Разнастайны быў таксама рэлігійны склад яе насельніцтва: католікі, праваслаўныя, пратэстанты, паслядоўнікі рэлігіі Майсея і мусульмане; розныя палітычныя партыі, стракатая нацыянальна-рэлігійная структура – усё гэта было крыніцай канфліктаў. Палякі – пераважна гараджане, памешчыкі, настаўнікі і служачыя. Літоўскае і беларускае насельніцтва – ў асноўным сялянскае.
Асабліва занядбанае, ва ўсіх адносінах, было беларускае насельніцтва. Кангрэгацыя Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі заснавана ў першую чаргу для працы сярод грамадзян беларускай нацыянальнасці.
Былі праблемы з адукацыяй. Так, паводле перапісу 1931 года, непісьменнасцю і малапісьменнасцю было ахоплена прыкладна 48% насельніцтва БССР. Рэлігійнае пытанне беларусаў-католікаў яшчэ ад XIX стагоддзя заставалася складаным, таму што ў тыя часы Расійская імперыя паступова ўскладняла магчымасці функцыянавання Каталіцкага Касцёла.
Пасля скасавання Брэсцкай уніі ў 1839 годзе большасць беларусаў-католікоў, паддадзеныя русіфікацыі, былі вымушаны прыняць праваслаўе. Лічачы беларускую мову польскім дыялектам, царскі ўрад забараніў ужыванне яе ў касцёлах. Казанні ў святынях лацінскага абраду, катэхізіс, малітоўнікі і рэлігійныя творы былі на польскай мове.
Большасць беларусаў-католікаў, хоць іх вера была звязаная з польскай мовай, не сталі палякамі паводле нацыянальнай свядомасці. Некаторыя адукаваныя беларусы дэкларавалі польскую нацыянальнасць з прычыны чаканых выгод, але і яны ў асноўным лічылі сябе «тутэйшымі» і заўсёды размаўлялі па-беларуску. Польская мова была слаба вядомая сярод насельніцтва і амаль не выкарыстоўвалася зусім.
Імкненне беларусаў да незалежнасці выявілася ў абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года як незалежнай і вольнай дзяржавы. Аднак нацыянальны рух так і не стаў усеагульным. Згодна з Рыжскай дамовай ад 18 сакавіка 1921 года Беларусь была падзелена на дзве часткі: 2/3 усёй тэрыторыі ўключаны ў склад СССР, а астатняя частка – у склад Польшчы.
Мястэчка Друя стала калыскай новай Кангрэгацыі. За часы існавання Друі тут было ўзведзена каля 20 святыняў. На жаль, большасць з іх беззваротна загінула.
Парафія Святой Тройцы – гэта месца, ў якім служылі першыя сёстры. Ад Вялікага Тыдня 1923 года да 23 кастрычніка 1924 года пробашчам парафіі быў ксёндз Антоній Зянкевіч. У жніўні 1923 года ў Друю прыбылі айцы марыяне, першым з якіх быў ксёндз Андрэй Цікота MIC. 23 кастрычніка 1924 года марыяне пачалі душпастырскую дзейнасць у друйскай парафіі.
Айцу Андрэю Цікота біскуп Віленскі Юрый Матулевіч і генерал Кангрэгацыі айцоў марыянаў даручыў арганізацыю кляштара, які быў размешчаны ў будынку былога кляштара бернардынаў.
Друйскі кляштар марыянаў дзейнічаў у 1923-1939 гадах.
Раздзел 2. Асобы, якія паўплывалі на паўстанне і развіццё Кангрэгацыі сясцёр
Тут прадстаўлены факты, якія сведчаць пра гераізм людзей, якія жылі і працавалі для росквіту Божай справы не толькі ў Кангрэгацыі, але і сярод насельніцтва.
Вялікі ўклад у развіццё Кангрэгацыі зрабілі:
Айцец Андрэй Цікота МІС. Служыў эўхарысткам як духоўны кіраўнік, займаўся душпастырскай працай у парафіі. Апекаваўся гімназіяй імя Стэфана Баторыя, дзейнасць якой распачалі сёстры. Па просьбе біскупа Матулевіча працаваў над Канстытуцыямі сясцёр.
Айцец Андрэй столькі сіл аддаваў сёстрам, што ў Кангрэгацыі ён лічыцца сузаснавальнікам гэтай манаскай сям’і, бо ён клапаціўся аб духоўным развіцці і фармацыі сясцёр.
Сястра Ванда Еўтэ SJE – першая настаяцельніца. Разам з айцом Цікотам яна арганізавала гімназію, была яе дырэктарам і настаўніцай, выхоўвала маладых сясцёр як у духоўным жыцці, так і развіцці інтэлекту, дапамагала ім арганізоўваць працу ў выкананні іх абавязкаў. Аднак у 1928 годзе сястра Ванда не аднавіла манаскія абяцанні і сышла з Кангрэгацыі.
Сястра Юзэфа Жук SJE – першая генеральная настаяцельніца (1927-1943). На працягу 16 гадоў сястра Юзэфа была настаяцельніцай кляштара і выхавацельніцай сясцёр-навіцыюшак. Адначасова яна выконвала функцыі кіраўніка жаночага інтэрната і кравецкай школы. Падчас яе кіравання былі створаны новыя кляштары сясцёр і павялічаны матэрыяльны дабрабыт Кангрэгацыі. Яна вызначалася выключнай адданасцю свайму служэнню, змагла развіць і падтрымліваць высокі ўзровень манаскага і духоўнага жыцця. Яе дзейнасць аказала значны ўплыў на першапачатковае развіццё Кангрэгацыі.
Раздзел 3. Этапы фарміравання новай манаскай супольнасці
Гэты раздзел апісвае фарміраванне манаскай супольнасці, яе пачаткі, радасці і складанасці. Прадстаўлена жыццё сясцёр у найбольш складаныя часы. Паказваецца жыццё першых сясцёр, іх адносіны, сведчанні адна аб другой, іх фармацыя ў кляштары.
19 сакавіка 1923 года лічыцца днём заснавання новай Кангрэгацыі. Далучаліся новыя кандыдаткі з ваколіц, іх колькасць павялічвалася. Існавала патрэба тлумачэння складаных частак катэхізіса, паколькі рэлігійныя веды сясцёр былі на нізкім узроўні. Сёстрам не было дзе жыць, таму што рэмонт старога бернадынскага кляштару быў для іх немагчымы. Тэкля Каляртова, друйская парафіянка, ахвяравала сёстрам свой дом, аднак дараванне дома не было раўназначна завалоданню ім. Амаль усе яго пакоі былі ўжо даўно занятыя польскімі афіцэрамі і жаўнерамі, што стаялі ў Друі. Інтэрвенцыя біскупа Матулевіча да вайсковых улад не прынесла чаканага выніку. Не будзе перабольшваннем сказаць, што сёстрам прышлося браць гэты дом “штурмам”. Салдаты сышлі з яго і перасяліліся ў казармы.
Праца сясцёр у Друі ад часу заснавання Кангрэгацыі была рознабаковай: у верасні 1923 года тры сястры з вышэйшай адукацыяй распачалі паслугу ў гімназіі імя Стэфана Баторыя, іншыя сёстры пасля атрымання патрэбнай кваліфікацыі вялі інтэрнат для дзяўчат, курсы крою і шыцця, трыкатарства і ткацтва, апекаваліся закрыстыяй.
У сваіх лістах біскуп Матулевіч часта выказваў радасць па прычыне развіцця Кангрэгацыі. Дух Кангрэгацыі быў “добры”, энтузіязм адданасці Богу быў вялікі, і так развівалася духоўнае жыццё.
Дадзеных аб колькасці сясцёр на пачатку існавання Кангрэгацыі не было амаль ніякіх пісьмовых крыніц, акрамя вусных звестак і скупых запісаў з 1923-1945 гадоў. Увесь час паўтаралася, што архіў Кангрэгацыі згарэў падчас вайны ў 1944 годзе. Аднак, у 1990-1993 гадах нечакана з’явіліся такія важныя дакументы, як справы Капітулаў Кангрэгацыі, якія захоўвала маці Апалонія Пяткун у прыватных дамах у латвійскіх Даўгаўпілсе і Рызе. Пасля палітычных змен у Савецкім Саюзе гэтыя дакументы былі перададзены Генеральнай настаяцельніцы маці Вікторыі Алькснін, што нарэшце дазволіла запоўніць прабелы ў гістарычных звестках аб пачатках супольнасці.
Першая Капітула Кангрэгацыі адбылася 8 ліпеня 1933 года. Айцец Андрэй Цікота дапамагаў афармляць выбарчую дакументацыю і вырашаць асноўныя справы маладой Кангрэгацыі. На генеральнай капітуле 1936 года стан супольнасці быў прадстаўлены ў справаздачы аб персанальным, духоўным і дысцыплінарным становішчы Кангрэгацыі яе генеральнай настаяцельніцы. Справаздача ахоплівае перыяд з 27 чэрвеня 1927 года па 22 жніўня 1936 года.
Кангрэгацыя прытрымлівалася пільнага адбору пры прыняцці кандыдатак. Пад увагу не бралі матэрыяльны стан кандыдаткі, але яе асаблівыя здольнасці, характар, а таксама духоўнае і фізічнае здароўе. Больш за тое, умовы жыцця сясцёр таксама станавіліся фактарам адбору. Цяжкая праца і часты недахоп многіх элементарных рэчаў часта знеахвочвалі духоўна слабейшыя натуры.
Колькаснаму росту Кангрэгацыі перашкаджалі некалькі фактараў. Адным з іх было тэрытарыяльнае размяшчэнне першага кляштара ў Друі, схаванага ў глухім кутку вёскі, удалечыні ад буйных населеных пунктаў. Яшчэ адным фактарам быў недахоп адукаваных людзей, якія б маглі наладжваць адносіны з іншымі людзьмі. Дадатковай прычынай непапулярнасці сясцёр у грамадстве таго рэгіёна стаў сам заснавальнік. Варожая кампанія, распачатая супраць біскупа Матулевіча, выстаўляла яго як жорсткага літоўца, непрыязнага да палякаў, што таксама ўплывала на тагачасныя настроі. Былі выпадкі, як казалі сёстры, што адно імя біскупа Матулевіча прымушала кандыдатку пакінуць кляштар. Вялікае значэнне мела таксама сувязь з домам марыянаў у Друі, якіх польскія ўлады абвінавацілі ў беларускай агітацыі. Такая ацэнка іх дзейнасці, якая, хутчэй за ўсё, не мела палітычнага характару, часта распаўсюджвалася і на Кангрэгацыю сясцёр. Некаторыя лічылі, што «друйскія сёстры», як іх называлі, пад уплывам мясцовых святароў служаць беларускай апазіцыі. Многія польскія святары, негатыўна настроеныя да беларускага руху, не толькі нацыянальнага, але і душпастырскага, выступалі як супраць айцоў марыянаў, так і звязаных з імі сясцёр. Такім чынам, нельга было чакаць, што яны будуць скіроўваць новыя пакліканні да сясцёр у кляштар.
Нацыянальнасць кандыдатак, у адпаведнасці з пажаданнямі заснавальніка, выказанымі ў шостым пункце канстытуцыі сясцёр, была рознай. У склад тагачаснай супольнасці ўваходзілі польскія, беларускія, літоўскія, латышскія і рускія жанчыны. Пераважную большасць складалі полькі і беларускі. Пытанне нацыянальнасці, аднак, не мела вялікай ролі сярод сясцёр.
У працы таксама прадстаўлена паслуга сясцёр падчас Другой сусветнай вайны, іх ахвярнасць і гераічнасць веры, а таксама патрэба выезду часткі сясцёр у Польшчу, калі ўжо яны не маглі знаходзіцца ў межах тагачаснай дзяржавы.
У 1939 годзе для дзяцей малодшых класаў і моладзі распачаўся навучальны год. І ў гэты момант адбылося далучэнне тэрыторый Заходняй Беларусі да Савецкага Саюза. Кангрэгацыя спазнала розныя формы пераследу: былі зачынены сястрынскі інтэрнат і кравецкая школа, сясцёр змушалі праходзіць спецыяльную палітычную падрыхтоўку дзеля “асвячэння” і “навяртання”. Быў выдадзены загад пакінуць кляштар да 1 снежня 1940 года, гучалі пагрозы прымусовага перасялення сясцёр. У 1941 годзе сёстры атрымалі запрашэнне на “размовы”. Ім быў забраны агарод. На Кангрэгацыю накладваліся вялікія падаткі. У чэрвені 1941 года сёстрам нават прыйшла позва ў суд, які не адбыўся па прычыне нямецкай акупацыі.
Восенню 1941 года айцы марыяне і сёстры эўхарысткі распачалі місію на тэрыторыях, патрабуючых духоўнага адраджэння, бо веруючыя там былі пераследаваны бальшавікамі з 1917 да 1941 гадоў.
1 ліпеня 1944 года Друю разбамбілі, згарэлі касцёл і рэчы сясцёр. Падчас франтавых дзеянняў у тутэйшых раёнах сёстры выжывалі ў выкапаных імі сховішчах.
«У 1945 годзе Кангрэгацыя Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі ўжо не магла нармальна існаваць у межах Савецкага Саюза, у якім на беларускай частцы Віленшчыны было 5 кляштараў». У тым жа годзе настаў пераломны момант у гісторыі Кангрэгацыі. Генеральнай настаяцельніцай была прызначана сястра Апалонія Пяткун.
У 1945 годзе сёстры мелі 5 пляцовак: Друя, Расна, Браслаў, Слабодка, Ідолта. Савецкая ўлада забараніла манаскае жыццё ў межах Савецкага Саюза. На той час у супольнасці было 49 сясцёр: 26 сясцёр выехала ў Польшчу, а 23 засталіся на тэрыторыі, дзе кіравала савецкая ўлада. Нягледзячы на вымушанае тэрытарыяльнае раздзяленне, сёстры захавалі еднасць паміж сабой да сённяшняга дня.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
У працы паказана развіццё Божай справы, якой даў пачатак благаслаўлёны біскуп Юры Матулевіч. Яго клопат і любоў да кожнага чалавека, нягледзячы на нацыянальнасць, погляды і цывільны стан, цалкам адлюстраваліся ў гісторыі Супольнасці Сясцёр Эўхарыстак. Была таксама звернута увага на тое, што найбольш істотнае ў Кангрэгацыі Сясцёр Эўхарыстак і што спрыяе яе далейшаму развіццю ў розных краінах свету.
Паколькі сёстры эўхарысткі свае першыя крокі ў манаскім жыцці пачыналі ў Друі, гэта значыць, у Беларусі, гісторыя Кангрэгацыі моцна ўпісваецца ў гісторыю беларускай культуры. Менавіта з такой мэтай біскуп Матулевіч заснаваў Кангрэгацыю, каб сёстры неслі духоўнае і інтэлектуальнае святло беларускаму народу.