Дамініканін з Магілёва запрашае атрымаць адпуст за супольнае чытанне Dei Verbum у Viber і Telegram
- 21 лістапада, 2025
- Catholicminsk.by
Падчас Адвэнту 2025 года айцец Раман Шульц OP, пробашч парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі ў Магілёве, заахвочвае да знаёмства з адным з дакументаў Другога Ватыканскага Сабору — дагматычнай канстытуцыяй пра Божае Аб’яўленне Dei Verbum, а таксама да медытацыі і малітвы.
Як узнікла ідэя?
Святар ужо мае багаты досвед арганізацыі супольнага чытання розных кніг Бібліі ў часе Адвэнту для вялікай колькасці інтэрнэт-карыстальнікаў праз адмысловыя групы ў Viber і Telegram.
Самым вялікім стымулам для душпастыра выбраць сёлета дакумент Dei Verbum было тое, што да канца Юбілейнага года (да 06.01.2026) за пабожнае чытанне тэкстаў Другога Ватыканскага Сабору і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла падчас рэкалекцый і фармацыйных сустрэч можна атрымаць поўны адпуст (Нормы ўдзялення адпусту падчас Звычайнага Юбілейнага 2025 года, ІІІ).
Магілёўскія вернікі, паводле айца Рамана, ужо чыталі і абмяркоўвалі некаторыя тэксты Сабору ў межах катэхізацыі для дарослых, а гэтай адвэнтавай ініцыятывай хацелася б ахапіць большую колькасць людзей з усёй Беларусі.
Чытанне канстытуцыі Dei Verbum пачнецца ў першую нядзелю Адвэнту, 30 лістапада, і скончыцца да Божага Нараджэння.

Далучыцца да сумеснага чытання можна, знайшоўшы суполку пад назвай DeiVerbum2025 у Viber і Telegram або скантактаваўшыся з айцом Раманам Шульцам OP па тэл.: +375 (29) 291-92-11 ці праз e-mail: schulzop@gmail.com. Таксама можна скарыстацца пададзеным побач QR-кодам.
Што такое Другі Ватыканскі Сабор і канстытуцыя Dei Verbum?
Другі Ватыканскі Сабор — гэта XXI Сусветны Сабор Каталіцкага Касцёла, які праходзіў у 1962-1965 гг. і прывёў да маштабнага абнаўлення касцёльнага жыцця праз шэраг рэформаў. Калі коратка, Касцёл, якім мы яго ведаем сёння, гэта вынік Святога Сабору.
Dei Verbum — адна з чатырох саборных канстытуцый, якая мае пастырскі характар і прысвечаная Святому Пісанню як першаснай крыніцы Літургіі і жыцця кожнага хрысціяніна.
Пасля малітваў, карпатлівай працы, шматлікіх паправак і галасаванняў саборных айцоў канстытуцыя была канчаткова прынятая і падпісаная 18 лістапада 1965 года святым Папам Паўлам VI.
Такім чынам, чытанне дакумента адбудзецца ў 60-ю гадавіну яго падпісання.

«Паколькі мала хто з вернікаў ведае кнігу дакументаў Другога Ватыканскага Сабору, я палічыў мэтазгодным запрасіць усіх жадаючых азнаёміцца са зместам хоць бы некаторых з іх.
Акрамя таго, варта ўсвядоміць, што, калі святы Касцёл заахвочвае вернікаў да нейкай практыкі, а ў юбілейны год якраз да чытання саборных дакументаў, і звязвае з гэтым поўны адпуст, ён хоча падкрэсліць, што мы маем справу з чымсьці вельмі важным і каштоўным. Гэтае заахвочванне Касцёла звярнуцца да тэкстаў, напоўненых святлом Духа Святога, было галоўным матывам для чытання», — дзеліцца святар.
Ці дастаткова толькі чытаць дакумент, каб атрымаць адпуст?
Айцец Раман падкрэслівае, што атрыманне любога поўнага адпусту звязанае не толькі з пэўнымі практыкамі (як напрыклад, паўгадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, Ружанец у супольнасці, набажэнства Крыжовага Шляху, паўгадзіннае чытанне Святога Пісання — найбольш папулярныя і даступныя для кожнага), але і з абавязковым выкананнем пэўных умоў:
- стан асвячальнай ласкі (быць пасля сакрамэнтальнай споведзі);
- прыняцце святой Камуніі;
- малітва ў інтэнцыях Святога Айца;
- адсутнасць прывязанасці да граху, нават лёгкага.
Гэтыя ж умовы патрэбна выканаць і для атрымання юбілейнага адпусту, звязанага з чытаннем саборных тэкстаў.
Гэта значыць, каб здабыць адпуст, патрэбныя рашучыя асабістыя намаганні і супрацоўніцтва з Богам. Вынікам прыняцця запрашэння да атрымання адпустаў, як адзначае айцец Раман, з’яўляецца:
- асабістае навяртанне;
- клопат аб умацаванні сяброўства з Панам Езусам;
- уключэнне ў малітву Касцёла праз інтэнцыі Папы;
- дапамога душам, якія пакутуюць у чыстцы.
— падсумоўвае дамініканін.
Нагадваем, што тэксты дакументаў Другога Ватыканскага Сабору даступныя таксама на партале catholic.by ў раздзеле «Бібліятэка» па спасылцы ТУТ>>>.