Skip to main content

Чаму надзея такая важная? Па старонках красавіцкага нумара часопіса «Ave Maria»

Красавік 2025
  • 15 красавіка, 2025
  • Тэкст: Ганна Шаўчэнка // Ave-maria.by

Сёлетні Юбілейны год Касцёл называе Годам надзеі — той надзеі, якой так не хапае сучаснаму свету, бо «непрадбачанасць будучыні нараджае часам спрэчныя пачуцці: ад даверу да страху, ад спакою да расчаравання, ад упэўненасці да сумнення», як сказаў Папа Францішак у юбілейнай буле «Spes non confundit» («Надзея не расчаруе»). Жадаючы падкрэсліць вялізную вартасць надзеі як тэалагальнай цноты, мы вырашылі прысвяціць ёй велікодны — красавіцкі — нумар часопіса «Ave Maria».

У рубрыцы «Школа малітвы» айцец Юрый Кулай OCD разважае пра сутнасць хрысціянскай радасці. Што характэрна менавіта для яе? Чым евангельская радасць адрозніваецца ад зямных радасцяў? Дзе шукаць крыніцу спакою? На гэтыя пытанні аўтар дае адказы ў артыкуле «Няхай не трывожыцца сэрца вашае…». Пра каштоўнасць хрысціянскай надзеі, якая штодня падтрымлівае нас на жыццёвым шляху, разважае таксама ксёндз Андрэй Рылка з апораю на Святое Пісанне, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла і дакументы Касцёла («Чаму хрысціянская надзея такая важная ў нашым жыцці?»). Чытачу прапануюцца таксама выказванні Яна Паўла ІІ пра надзею («Не губляйце надзеі!») і разважанні айца Дарыюша Кавальчыка SJ («Юбілей надзеі») у перакладзе з польскай мовы Крыстыны Лялько.

Сваім уласным досведам змагання за надзею дзеляцца нашыя пастаянныя аўтары — Паліна Грыб («Ці не параненая мая надзея?»), Ян Лысы («Аповед пра запужанага Філосафа, і прычым тут тэлевізар»), Іна Бігель («Надзея, якая яна?») і некаторыя іншыя.

Надзея заўсёды будзе жывою, пакуль сярод нас ёсць самаахвярныя, шчодрыя на любоў і міласэрнасць людзі. Пра такіх людзей з цеплынёю напісана ў артыкулах «Рабіць усё ў імя любові» Галіны Калевіч«У падмурак духоўнага ўзрастання» Францішка Дубраўскага«З вялікаю ўдзячнасцю і пашанаю»«Дзякуем за самаахвярнае служэнне».

Чытачоў таксама чакаюць іншыя цікавыя публікацыі ў рубрыках «Юбілей 2025», «Старонка псіхолага». Часопіс годна ўпрыгожваюць вершы паэтак Дануты Бічэль і Ірыны Багдановіч, а на апошніх старонках яго вокладкі змешчаныя «Малітвы аб надзеі».

Набыць часопіс можна:

  • у парафіяльных кіёсках і пробашчаў парафій;
  • у кіёску архікатэдральнага касцёла ў Мінску.